Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра гісторыю «Сокала» — чэшскага спартыўнага аб’яднання, якое будавалася і дзейнічала як нацыянальная школа фізічнага выхавання для моладзі і дарослых.
Назіранне за разгортваннем шэрагу маштабных гістарычных падзеяў на ўзроўнях істотных геаграфічных і нацыянальных абшараў, з перспектывы часу дазваляе зрабіць выснову, што выпадкова яны не развіваюцца ці не даюць працяглых вынікаў. Пры адсутнасці комплексных захадаў, накіраваных на розныя слаі грамадства і элементы сацыяльнага жыцця, усе намаганні могуць быць марнымі.
Большасць даследчыкаў заўжды добра памятае пра эканамічныя, сацыяльныя, культурныя перадумовы рэвалюцыяў ці паўстання новых дзяржаваў на мапе. Але нячаста звяртаюць увагу на сілы, што прыводзяць у рух махавік гісторыі, які здольны змяняць лёсы цэлых народаў. Нават за вядомымі постацямі заўжды знаходзяцца тыя невядомыя, якія штодзённаю ахвярнаю працаю, часам без відавочнага плёну з рэтраспектывы нават цэлага чалавечага жыцця, набліжаюць мару мільёнаў людзей, некалькіх пакаленняў.
Чэхі больш за 100 гадоў імкнуліся да незалежнасці. Першыя рамантыкі, захопленыя рэвалюцыяй у Францыі, не дажылі да мэты, якую яны, напэўна, да канца і не здолелі зразумець і сфармуляваць. Не дажыло і другое пакаленне, якое пралівала кроў на барыкадах падчас так званай Вясны народаў. І трэцяе пакаленне чэшскіх патрыётаў хіба дрэнна ўяўляла ці будуць мець плён іх памкненні. Але менавіта іх высілкі і ахвярнасць надавалі моцы спадкаемцам нацыянальнай ідэі, якая ўсё ж аб’яднала чэхаў і дапамагла стварыць сучасную нацыю.
Пачатак адраджэння на краі прорвы
Чэхія ўжо падчас Сярэднявечча змагалася са сталым уціскам з боку германскіх феадалаў. Народ супрацьстаяў экспансіі эканамічнай, палітычнай, маральнай і духоўнай.
Знаходзячыся пад уладай дынастыі Габсбургаў, якія мелі сталіцу ў Вене, чэхі аказаліся ў даволі цяжкім становішчы. Акрамя адсутнасці палітычных і большасці эканамічных правоў пад канец XVIII стагоддзя атрымалася, што і мова знаходзіцца пад вялікай пагрозай. Уплыў нямецкай быў настолькі вялікім, што жыхары гарадоў не карысталіся чэшскай, некаторыя яе нават не разумелі. Толькі ў сельскай мясцовасці мова жыла, але ва ўмовах адсутнасці сістэмы адукацыі гэта былі толькі адасобленыя гаворкі з вялікай колькасцю германізмаў.
Асобныя гісторыкі лічаць, што чэшская мова і народ маглі паўтарыць лёс лужыцкіх сербаў, якіх цяпер налічваецца не больш за 50 тысяч. Астатнія германізаваліся і забылі мову продкаў, якая на сённяшні момант з’яўляецца амаль што выключна фальклорным феноменам, нягледзячы на намаганні некаторых энтузіястаў.
Філолаг-славіст Даброўскі на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў напісаў кнігу па граматыцы чэшскай мовы, якая базавалася на спалучэнні некалькіх дыялектаў. Дарэчы, кніга была напісаная па-нямецку.
Іншыя моўныя энтузіясты ўвогуле вывучалі чэшскую ў аматарскіх фальклорных гуртках, бралі ўдзел у напісанні слоўнікаў, выкарыстоўваючы словы з розных славянскіх моваў, такім чынам «вычышчаючы» мову ад вялікай колькасці германізмаў.
Разам з акадэмічнай і адукацыйнай працай адбываўся таксама ўздым тэатра на чэшскай мове, літаратуры. Спачатку ставіліся спектаклі-пераклады, але з часам тэатры пачалі адасоблівацца ад нямецкамоўных. Такім чынам ствараўся попыт на нацыянальную мову, у школах з абавязковай адукацыяй пачалі праводзіцца факультатыўныя заняткі па чэшскай граматыцы.
Аўстрыйскія ўлады адмоўна ставіліся да праяваў нацыянальных памкненняў у імперыі. Таму чэшскія актывісты час ад часу сутыкаліся з рэпрэсіямі, забаронамі. Частка нямецкамоўнага насельніцтва таксама не была задаволеная, абвінавачваючы чэшскіх адраджэнцаў у антыімперскай дзейнасці. Але нягледзячы на гэта, актывісты працягвалі працу, абапіраючыся на падтрымку вялікай колькасці сялян — перасяленцаў у гарады.
Паўстанне сучаснай нацыі
Імкненне чэшскай буржуазіі да большай эканамічнай аўтаноміі, супрацьстаянне з нямецкімі буйнымі буржуа, сацыяльныя супярэчнасці не маглі не прывесці да выбуху. Які і адбыўся ў 1848-м. І стаў наступствам рэвалюцыйных працэсаў у Францыі і памкненняў немцаў (у тым ліку «чэшскіх») аб’яднацца ў Германскі саюз, далучыўшы да яго і Чэхію.
Чэшскія актывісты спрабавалі аб’яднаць славянскія народы імперыі дзеля высоўвання агульных патрабаванняў — федэралізацыі, большай аўтаноміі, роўнасці моваў, рэформаў у сацыяльнай палітыцы. Што не задавальняла немцаў, якія імкнуліся далучыцца да Германскага саюза, і імперскі цэнтр.
У выніку крывавага паўстання ў Празе ўвесну 1848 года, дзясяткаў тысяч ахвяраў і рэпрэсаваных чэшскія палітыкі канчаткова парвалі з мясцовымі немцамі, якія не падтрымалі барацьбу.
Але новы імператар у Вене так і не здолеў «вырашыць нацыянальнае пытанне», узмацніўшы ціск на нацыянальную інтэлігенцыю і рэшткі чэшскага адраджэння толькі на 10 гадоў. А ўжо ў 1860 праз знешнія прычыны, паразы ў войнах і нарастанне супярэчнасцяў у імперыі Вена была вымушаная пайсці на саступкі, гуляючы на неаднароднасці элітаў Чэхіі.
Менавіта ў гэты момант, у 1862 годзе, у Празе паўстае арганізацыя, якая ў пэўнай ступені стала адным са слупоў фармавання сучаснай чэшскай нацыі, дзякуючы яе дзейнасці пра Чэхію даведаліся далёка за межамі імперыі Габсбургаў. Не адзін вядомы палітык, мастак, пісьменнік ці вайсковец быў выхаванцам «Сокала» — спартыўнага аб’яднання, якое будавалася і дзейнічала як нацыянальная школа фізічнага выхавання для моладзі і дарослых.
Падштурхнуў да стварэння аб’яднання досвед падобных нямецкіх структураў, якія функцыянавалі і ў Чэхіі, а таксама цікаўнасць моладзі да новай моднай плыні — спартыўных заняткаў.
Міраслаў Тырш
Яшчэ ў пачатку сваёй дзейнасці Міраслаў Тырш і Йіндрых Фюнгер мелі падтрымку мецэнатаў і палітычных дзеячаў-незалежнікаў, якія, насуперак старым палітыкам-федэралістам, сваёй мэтай ставілі менавіта здабыццё незалежнасці Чэхіі. Палітыкі ведалі пра досвед нямецкіх спартыўных суполак, што мелі вялікі ўплыў на фармаванне сучаснай нямецкай нацыі, сцэментавалі і мабілізавалі грамадства напярэдадні і падчас рэвалюцыйных падзеяў у Германіі ў 1848 годзе. Адраджэнцы ў тым ліку былі зацікаўленыя ў пранікненні нацыянальных чэшскіх ідэяў у кожную сферу грамадскага жыцця — прафсаюзы, сялянскія суполкі, культурніцкія, спартыўныя аб’яднанні.
Нягледзячы на пералом у свядомасці большасці грамадства на карысць чэшскай мовы, перавод часткі Пражскага ўніверсітэта на нацыянальную мову, палітыкі разумелі, што супольнасці не хапае дысцыплінаванай структуры мілітарысцкага кшталту.
Асяродкі «Сокала» за некалькі гадоў здолелі раскінуць сетку па ўсёй Чэхіі. Моладзь і дарослыя займаліся гімнастычнымі, лёгкаатлетычнымі дысцыплінамі і боксам. Таксама ўзнікала шмат замежных суполак. Чэшская нацыянальная ідэя мела цікавую асаблівасць — панславізм, абумоўлены супрацьстаяннем нямецкаму ўплыву. Таму чэхі дзяліліся ідэямі са славянскімі народамі ў Аўстра-Венгрыі, у тым ліку сацыяльна-спартыўнымі.
Таму ў так званых «злётах сокалаў» у Празе заўжды бралі ўдзел замежныя дэлегацыі. Колькасць удзельнікаў уражвала (да 40 000 мужчын і жанчын) і была добрай прапагандай арганізацыі і ўласна спрыяла распаўсюду інфармацыі пра Чэхію.
Міраслаў Тырш неаднаразова казаў, што ягоная супольнасць мусіць стаць падмуркам для стварэння чэшскага войска. «Сокалы» мелі непасрэднае дачыненне да стварэння добраахвотнага пажарнага руху ў 1870-я гады. Акрамя спартыўных заняткаў «Сокал» праводзіў вайсковае выхаванне моладзі.
Нягледзячы на супрацьстаянне з нямецкімі спортарганізацыямі, уціск з боку аўстрыйскіх уладаў, на фоне страйкаў, мітынгаў і масавага бязладдзя ў гарадах на мяжы стагоддзяў, «Сокал» развіваўся і праводзіў не толькі спартыўныя, але і сапраўдныя вайсковыя зборы. Паводле некаторых дадзеных, перад пачаткам Першай сусветнай вайны рух налічваў да 120 000 сябраў. І гэта з улікам некалькіх крызісаў і расколаў, калі адасабліваліся сацыяльна-каталіцкія колы, прыхільнікі сацыял-дэмакратаў і камуністаў.
Падчас вайны частка чэшскіх элітаў вырашыла перайсці да адкрытага супрацьстаяння Вене. З чэшскіх палонных былі сфармаваныя легіёны (агулам каля 130 тыс. вайскоўцаў), якія бралі ўдзел у змаганні з нямецкім і аўстрыйскім войскамі. Нягледзячы на масавыя рэпрэсіі ў Чэхіі, палітычныя сілы яднаюцца і ствараюць Нацыянальны камітэт, у 1917 годзе пачынаюцца масавыя страйкі і блакаванне транспартнага руху дзеля эканамічнай блакады Аўстрыі і Венгрыі.
Некалькі месяцаў супрацьстаяння і шэрагу не падтрыманых чэхамі спробаў Вены захаваць імперыю ў фармаце федэрацыі прывялі за канчатковага абвяшчэння незалежнасці ўвосень 1918 года і прызнання яе заходнімі дзяржавамі. Ва ўсіх гэтых падзеях, як на фронце, так і ў Чэхіі, бралі непасрэдны ўдзел «сокалы». У Чэхіі менавіта «Сокал» быў той адзінай арганізаванай узброенай сілай, якая дысцыплінавана выконвала загады «нацыянальных камітэтаў», якія непасрэдна і здзяйснялі пераход улады ад аўстра-венгерскіх урадоўцаў. Потым «Сокал» дапамагаў утрымаць чэшскі кантроль над землямі з пераважным нямецкім насельніцтвам, якога ў новай дзяржаве была амаль траціна. Браў удзел у змаганні з венграмі, што спрабавалі акупаваць частку Славакіі.
Ахвярная праца дае плён
Яшчэ ў самым пачатку дзейнасці арганізацыі адзін з яе заснавальнікаў Міраслаў Тырш ставіў амбіцыйную задачу: «Кожны чэх да трыццаці гадоў будзе гатовым да змагання сокалам». Гэтая мара не здзейснілася і выглядала, напэўна, у тыя часы невыканальнаю. Але роля «Сокала» ў паўстанні незалежнай Чэхіі была калі і не вырашальнаю, дык дакладна значнаю.
Дзякуючы сталай і ахвярнай працы на працягу амаль 60 гадоў (спартыўнай, асветніцкай, культурніцкай і вайсковай) «сокалы» разам з усімі чэхамі дасягнулі сваёй мэты. Чым прадэманстравалі, што нават у варожым атачэнні, цягам некалькіх пакаленняў пад рэпрэсіўным уціскам, грамадская дзейнасць дае плён.
Першыя «сокалы» ў большасці сваёй не здолелі дажыць да шчаслівага моманту вызвалення народа, але здолелі перадаць полымя барацьбы ў сэрцы наступнікаў.
У 20-я і 30-я ХХ ст. гады «злёты сокалаў» збіралі нейкія неверагодныя колькасці гледачоў і ўдзельнікаў. Адмыслова быў пабудаваны стадыён плошчаю ў 7 футбольных палёў з трыбунамі на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
На жаль, пад нямецкай акупацыяй, а потым і ў часы камуністычнага рэжыму арганізацыя была забароненая. Але камуністы разумелі ўзровень уплыву на грамадства такога кшталту працы, таму выкарыстоўвалі сетку «Сокала» для дзейнасці прарэжымных спартыўных структураў, а на стадыёне ў самым сэрцы Прагі праводзілі так званыя спартакіяды.
З 1990-я арганізацыя была адроджаная. Цяпер «сокалы» працягваюць працу з моладдзю, спартыўнае і патрыятычнае выхаванне, функцыянуюць дабрачынныя спортаб’екты па ўсёй Чэхіі. Фармат змяніўся, ад рэвалюцыйнай дзейнасці нічога не засталося, няма таго імпэту ў спадкаемцаў тых радыкальных «сокалаў», гатовых да змагання, але сваю ролю ў пашырэнні здаровага ладу жыцця супольнасць выконвае.
Аляксей Гайдукевіч, budzma. by