Яўгенія Стрыжак паглядзела афіцыйную справаздачу Беларусі ў Камітэце ААН па правах дзіцяці, якая адбылася на мінулым тыдні ў Жэневе. Падаем вытрымку найбольш цікавага з яе.
Беларусь ратыфікавала – гэта значыць, абавязалася выконваць – Канвенцыю ААН па правах дзіцяці. І таму наша дзяржава павінна перыядычна адпраўляць афіцыйную дэлегацыю справаздачыцца ў Камітэт ААН па правах дзіцяці – орган, які кантралюе, як краіны-ўдзельніцы выконваюць Канвенцыю.
Хто сябры гэтага Камітэта? Хто асабіста ацэньвае выкананне Канвенцыі? Гэта 18 незалежных экспертаў з усяго свету: Тога, Бахрэйн, Марока, Ісландыя, Швейцарыя, Замбія, Егіпет, і так далей.
А вось тут вы знойдзеце імя і падрабязную біяграфію кожнага сябра Камітэта па правах дзіцяці. Калі мы іх пачытаем, то пераканаемся, наколькі высокая кваліфікацыя ў кожнага. Будзе справядлівым сказаць, што гэта – лепшыя адмыслоўцы свету ў галіне правоў дзяцей.
Дарэчы, Камітэт выклаў на сваёй старонцы інфармацыю не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Паглядзіце, як проста і даступна сябры Камітэту распавядаюць дзецям пра сябе: “Я з Замбіі, я размаўляю па англійску; я выкладчык канстытуцыйнага права і правоў чалавека ва ўніверсітэце ў Паўднёвай Афрыцы”.
На сваіх сэсіях Камітэт слухае афіцыйныя справаздачы дзяржаваў, задае пытанні і дае рэкамендацыі, што трэба палепшыць краіне, каб не парушаць дзіцячыя правы.
Аднак Камітэт цудоўна ведае, што дзяржава намагаецца прыхаваць свае парушэнні і нават схлусіць, выставіўшы сябе ў лепшым свеце. І, каб атрымаць аб’ектыўную, праўдзівую, усебаковую інфармацыю аб стане правоў дзіцяці ў краіне, Камітэт, апрача афіцыйнага дакладу дзяржавы, бярэ пад увагу яшчэ і т.зв. альтэрнатыўныя даклады.
Як можна здагадацца з назвы, альтэрнатыўныя даклады рыхтуе не дзяржава, а праваабарончая і агулам грамадзянская супольнасць. Звычайна гэтым займаюцца спецыялізаваныя недзяржаўныя арганізацыі, але практычна кожны ахвочы можа даслаць інфармацыю ў Камітэт. У Беларусі сёлета адзін з альтэрнатыўных дакладаў у Камітэт па правах дзіцяці падрыхтавала кааліцыя наступных праваабарончых арганізацый: Хельсінкскі фонд па правах чалавека, Беларускі Хельсінкскі камітэт, праваабарончы цэнтр “Вясна”, Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын “Яе правы”, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Х’юман Канстанта, ініцыятыва FORB.
І афіцыйны, і альтэрнатыўныя даклады дасылаюцца ў Камітэт загадзя, каб сябры Камітэту паспелі іх прачытаць. Усе гэтыя дакументы ёсць у адкрытым доступе на сайце ААН, мы можам іх прачытаць.
Таксама ёсць інфармацыя і пра іншыя краіны, якія справаздачыліся на гэтай сэсіі: Аўстрыя, Венгрыя, Палестына, Коста-Рыка, Руанда. Там і афіцыйныя даклады, і інфармацыя ад грамадзянскай супольнасці, пытанні да дзяржавы і адказы на іх.
Як мы бачым, дзейнасць Камітэта ААН па правах дзіцяці вельмі празрыстая. І яшчэ адна вялікая перавага гэтай празрыстасці – тое, што мы асабіста можам прысутнічаць на справаздачы нашай (і любой іншай) краіны: паглядзець на беларускіх чыноўнікаў, якія ўвайшлі ў склад дэлегацыі; паслухаць, як яны зачытваюць справаздачу, як сябры Камітэту задаюць ім пытанні і як дэлегаты адказваюць. (Дарэчы, асабіста прысутнічаць у залі палаца Вільсана ў Жэневе можна не толькі праз трансляцыю: на сайце ААН можна зарэгістравацца на сэсію і быць гледачом).
Глядзець трансляцыю – вельмі займальны занятак, бо мы цудоўна ведаем сітуацыю ў Беларусі, напрыклад, з выманнем дзяцей з сем’яў, або з урокамі “працоўнага навучання”, і можам лёгка ацаніць праўдзівасць словаў афіцыйнай дэлегацыі. Пагатоў, усе трансляцыі потым з’яўляюцца ў запісе, іх можна знайсці на гэтым сайце: webtv.un.org.
На сваёй 83 сэсіі, якая адбылася ў Жэневе 20 і 21 студзеня 2020 года, Камітэт слухаў афіцыйную справаздачу Беларусі. Запіс трансляцыі першага дня, другога дня.
Для разумення, пра што пытаецца Камітэт і як адказваюць нашыя “госы”, прывяду адзін прыклад.
Камітэт хоча больш ведаць пра так званы СОП, сацыяльна небяспечнае становішча, статус, які прысвойваюць дзіцяці. Чаму такая ўвага да СОП з боку міжнародных органаў? – бо Дэкрэт прэзідэнта № 18 стварыў адмысловы парадак вымання дзяцей з сям’і: па-за-судовы парадак, калі рашэнне аб адбіранні дзіцяці прымае камісія, у якую ўваходзіць настаўнік, медык, псіхолаг, соцработнік і г.д. – а не суд.
Што такое па-за-судовы парадак прымання любога рашэння? Гэта азначае, што рашэнне прымаецца адвольна. Толькі суд можа гарантаваць роўнасць бакоў і забяспечыць іх справядлівае спаборніцтва. Адвольна, без суду і следзства, расстрэльвалі людзей т.зв. “тройкі” НКВД – як прыклад; а СОП праз адвольную працэдуру часта выкарыстоўваецца мясцовымі чыноўнікамі як сродак расправы з бацькамі і рычаг для іх запалохвання і шантажу.
Што адказвалі афіцыйныя дэлегаты?
Эдуард Тамільчык, начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі, тлумачыў, што працэдура СОП – гэта добра; што намаганні ўсіх дзяржаўных органаў скіраваныя на тое, каб дзеці заставаліся ў сям’і; і СОП дапамагае гэтаму: прадстаўнікі камісіі заўважылі, што дзецям у сям’і дрэнна, і пачынаюць з гэтай сям’ёй працаваць, каб яна выправілася, тады і дзяцей забіраць не давядзецца.
Сп. Тамільчык згадаў і Дэкрэт №18, які ўтрымлівае пералік прычынаў забірання дзяцей: напрыклад, калі бацькі “вядуць амаральны лад жыцця, які дрэнна ўздзейнічае на дзяцей”. А дзе можна прачытаць Маральны кодэкс, каб вызначыць, маральна мы жывем ці не маральна? Хто бярэ на сябе функцыі паліцыі нораваў?
На першым этапе, настойвалі нашы чыноўнікі, адказваючы на пытанні сябраў Камітэту, ніхто не забірае дзяцей, і толькі калі сям’я не выправілася, тады дзіця забіраюць на шэсць месяцаў. Шмат разоў чыноўнікі паўтарылі, што гэта – часова; толькі на шэсць месяцаў; даводзілі, што адбіранне дзіцяці спрыяе “падтрыманню і наладжванню дачыненняў дзяцей і бацькоў”.
Галоўная праблема з СОПам, апрача па-за-судовай працэдуры прымання рашэння, і ўвогуле з сямейнай палітыкай, – тое, што да людзей ставяцца як да аб’ектаў, не беручы пад увагу іх суб’ектнасць. Дзеці сапраўды нярэдка знаходзяцца ў неспрыяльных і нават небяспечных умовах, але задача дзяржавы – дапамагаць такім сем’ям: не трэба тлумачыць, якое значэнне мае сям’я ў жыцці чалавека. А ў нас, напрыклад, забіраюць дзяцей з сем’яў, дзе бацькі – з інваліднасцю. Дапамажыце такой сям’і, калі яны самі не спраўляюцца! Але не, замест дапамогі – руйнаванне ўсяго жыцця.
І вось на ўсе спробы нашых чыноўнікаў выставіць практыку забірання дзяцей па Дэкрэце №18 як нешта станоўчае, гучыць пытанне сябра Камітэта Веліны Тадаровай:
– Праблема не ў тым, што мы – супраць вымання дзяцей з сям’і. Пытанне – да самой працэдуры і паўнамоцтваў. Я так дагэтуль і не зразумела: хто па законе мае паўнамоцтвы ацэньваць сацыяльную абстаноўку ў сям’і? Такая ацэнка вымагае спецыяльных ведаў; ці яны здольныя зрабіць ацэнку прафесійна? Хто ўваходзіць у Каардынацыйныя саветы? Якую прафесійную падрыхтоўку яны маюць?
І галоўнае, на мой погляд, што сказала сп. Тадарова:
– Артыкул 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае, што дзеці могуць вымацца з сям’і толькі на падставе судовага рашэння!
Канстытуцыя, як мы бачым, не робіць выключэння для нейкага “часовага” вымання, хоць на шэсць месяцаў, хоць на адзін дзень.
Я думаю, цяпер зразумела, што перад сябрамі афіцыйнай дэлегацыі стаіць проста невырашальная задача: ім трэба патлумачыць сябрам Камітэту і ўсяму свету, чаму Дэкрэт прэзідэнта № 18 супярэчыць Канстытуцыі.
Іншыя тэмы, якія былі асветленыя на сэсіі, таксама складаныя; гэта, напрыклад, побыт непаўнагадовых дзяцей у турмах, становішча дзяцей з інваліднасцю, інклюзіўная адукацыя (цяпер, дарэчы, у Беларусі трывае эксперыментальная праграма інклюзіўнай адукацыі, а ў праект Кодэкса аб адукацыі ўнесеныя адпаведныя палажэнні). Сябры Камітэта згадалі і не ўхвалены закон аб сямейным гвалце, і словы “аднога высокапастаўленага чыноўніка” аб тым, што ён удзячны свайму бацьку за тое, што ён яго біў; і гісторыю настаўніцы з партай.
Аднак былі і моманты, якія проста змусілі пасмяяцца. Афіцыйную дэлегацыю спыталі, чаму ў Беларусі ўрокі “працоўнага навучання” асобныя для дзяўчатак і хлопчыкаў.
Адказвае Ірына Каржова (начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Беларусі):
– Да, действительно, со 2 по 9 класс у нас организовано обучение раздельное для мальчиков и девочек. Основная задача общего и среднего образования – дать знания и умения, которые им необходимы для дальнейшего вливания в общество, в жизнь свою взрослую. Поэтому, ну как правило, женщина… Девочек учим готовить, шить, вышивать, вязать… Мальчикам это… какие-то навыки технические. В то же время, если мальчик изъявит желание посещать предметы трудового обучения вместе с девочками, это не запрещено. И обратно, девочки вместе с мальчиками. С 2018 года у нас введен предмет «Трудовое обучение» для 10-11 классов, где они могут освоить профессию. Утвержден перечень профессий, более 100, и здесь вообще нет никаких проблем! Если молодой человек, учащийся 10-11 класса, захочет освоить профессию повара, он будет включен в эту группу. Если изъявит желание освоить профессию парикмахера, [мастера] маникюра – нет вопросов. Если девушка изъявит желание получить профессию тракториста, водителя – тоже нет вопроса.
Яе рэпліку каментуе сп. Тадарова:
– В Беларуси вроде бы есть политика борьбы с гендерными стереотипами. И вы привели серьезный пример гендерных стереотипов в образовании. Мне кажется, не следует говорить детям вообще, какая профессия подходит женщинам, а какая – мужчинам. Это – именно гендерные стереотипы в образовании. Прошу вас обратить внимание на мое мнение. Нужно менять подход к предметам. Кроме того, говорили о родительских обязанностях. А почему мальчики не должны учиться готовить, ухаживать за детьми? Избегайте того, чтобы говорить детям, что хорошо для мальчиков, что хорошо для девочек.
Каштоўнасць прамой трансляцыі яшчэ і ў тым, што мы можам пачуць непаўторную інтанацыю беларускіх чыноўнікаў. Ацаніце, як па-начальніцку міністр адукацыі Ігар Карпенка адказвае спадарыні Тадаровай (на 2:17:00).
– Спасибо за ваше замечание, но вы не услышали главного: выбор у них есть. И мальчик, и девочка могут подключиться к освоению той программы обучения, которую посчитают нужной. Ну, а в данном случае вместе с родителями они это определяют. Поэтому выбор у них есть, и давайте уже оставим профессионалам-педагогам, как проводить эти занятия, по каким методикам, и так далее.
І смешна, і сумна робіцца, калі ўявіць карціну: вось які-небудзь хлопчык з шараговай школы абвяшчае, што ён будзе гатаваць, шыць і вышываць разам з дзяўчынкамі. Нават калі ў яго ёсць дэклараваны міністрам выбар, вельмі проста прадбачыць рэакцыю настаўнікаў, якія самі настойліва гадуюць і ўхваляюць стэрэатыпы. Вельмі паказальна было б да наступнай справаздачы ў Камітэце ажыццявіць такі кейс і задакументаваць яго: запісаць словы кожнага з прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі ў адказ на жаданне навучацца “не па сваёй” праграме. Але на такое патрэбная адвага, і наўрад ці нехта паставіць пад удар сістэмы адукацыі сваё дзіця.
Нягледзячы на ўсе хібы ў пазіцыі афіцыйнай дэлегацыі, сам факт прадстаўлення справаздачы ў Камітэт я ўважаю станоўчым, бо ён, прынамсі, прыцягвае ўвагу і да правоў дзіцяці ў Беларусі, і да саміх чыноўнікаў, якія распавядаюць аб іх становішчы на ўвесь свет.
Яўгенія Стрыжак, спецыяліст па камунікацыях Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!