Чым генетычна адрозніваюцца беларусы і літоўцы: новыя даныя

Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч расказаў, як даныя палеагенетыкі дазволілі навукоўцам лепш зразумець гісторыю рэгіёна.

Pachodžannie narodaŭ
Палеагенетыка дае адказы пра паходжанне народаў. Фота: Wikimedia Commons

Доўгі час гісторыкі былі вымушаныя блукаць у цемры, абапіраючыся на легенды пра рымскае паходжанне — напрыклад, знакаміты міф пра Палямона, альбо на хісткія лінгвістычныя тэорыі. У XIX–XX стагоддзях навукоўцы заўважылі падабенства назваў рэк і іншых гідронімаў у Літве і на вялікіх абшарах сучаснай Беларусі і Расіі.

Так нарадзілася папулярная канцэпцыя пра велізарную тэрыторыю рассялення старажытных балтаў.

Сучасная навука атрымала інструмент, які бязлітасна разбурае адны рамантычныя міфы і пацвярджае другія тэорыі, — палеагенетыку. Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч расказаў, як новыя даныя змушаюць зусім інакш паглядзець на гісторыю рэгіёна. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».

Канец эпохі «гідранімічнага імперыялізму»

Гісторыя паходжання народаў заўсёды была полем для міфатворчасці. Спачатку верылі ў легенды накшталт паходжання літоўцаў ад рымляніна Палямона, пасля шукалі каранёў у сарматаў ці гепідаў. У XX стагоддзі на змену легендам прыйшла лінгвістыка.

Karta raspaŭsiudžanasci bałtyjskich hidronimaŭ
Карта распаўсюджанасці балтыйскіх гідронімаў. Але трэба разумець, што на тэрыторыі Беларусі гэта ўкрапіны, а не татальнае пакрыццё. Фота: Wikimedia Commons

Адзін з самых устойлівых міфаў сцвярджае, што мапа Беларусі пакрыта «суцэльным дываном» балцкіх гідронімаў.

Вучоныя заўважылі падабенства гідронімаў (гэта значыць назваў рэк і азёр) у Літве і на велізарных абшарах Усходняй Еўропы — праз усю Беларусь, Смаленшчыну, Браншчыну, аж да Масквы і нават далей на ўсход. Акадэмікі Уладзімір Тапароў і Алег Трубачоў стварылі ўплывовую тэорыю пра тое, што гэтыя назвы пакінулі продкі сучасных балтаў, якія некалі займалі ўвесь гэты арэал.

«Гэтая ідэя трансфармавалася ў міф, які падхапілі не надта разбіраючыся. Сёння некаторыя радыкальныя дзеячы называюць стварэнне Вялікага Княства Літоўскага «літоўскай рэканкістай» — маўляў, некалі гэта ўсё было наша, у нас адабралі, а мы проста вярталі сваё. Але гэта міф», — сцвярджае Вячаслаў Насевіч.

Праблема лінгвістыкі ў тым, што назвы рэк немагчыма дакладна датаваць. Гідронім, які лічыцца балцкім, напрыклад, Менка, мог быць запазычаны прышлым насельніцтвам у больш старажытных жыхароў, мова якіх нам наогул невядомая.

Аднак Вячаслаў Насевіч асабіста прааналізаваў спіс з дзвюх тысяч рэк і ручаёў на нашай тэрыторыі і прыйшоў да высновы, якая можа засмуціць прыхільнікаў тэорыі «вялікай балцкай прарадзімы».

Аказалася, што калі ўлічваць усе водныя аб’екты, то сапраўды шчыльны масіў утвараюць зусім не загадкавыя старажытныя назвы, а празрыстыя і познія славянскія — разнастайныя Каменкі, Сасноўкі ды Альхоўкі. Менавіта яны і складаюць асноўны фон, сярод якога ўмоўна балцкія карані — гэта толькі асобныя ўкрапіны, а зусім не татальнае пакрыццё.

Да таго ж гісторык разбівае ўяўленне пра тое, што назва ракі — гэта нешта вечнае: гідронімы змяняюцца разам з мовай насельніцтва. У якасці доказу ён прыводзіць раку Проня, буйны прыток Сажа ў Магілёўскай вобласці, якая яшчэ ў дакументах XVI стагоддзя фігуравала пад чыста славянскай назвай Пропасць.

Чаму чарапы і гаршкі болей не аргумент

Калі лінгвістыка не давала дакладных адказаў, навукоўцы звярталіся да археалогіі і антрапалогіі. Але і тут існавалі дзве непрымірымыя школы. «Міграцыяністы» сцвярджалі, што змена ўзораў на гаршках азначае прыход новага народа.

«Аўтахтаністы» парыравалі: «Падарожнічаюць гаршкі, а не людзі», — маючы на ўвазе, што насельніцтва заставалася тым жа, проста мянялася мода.

Kira Najtli i Natali Portman
Антрапаметрычнае вывучэнне чарапоў не з’яўляецца надзейным, што бачна на прыкладзе актрыс Кіры Найтлі і Наталі Портман, якія падобныя як сёстры, але маюць абсалютна рознае паходжанне

Ненадзейным метадам у вызначэнні сваяцтва аказалася і вымярэнне чарапоў — краніяметрыя. Насевіч прыводзіць трапны прыклад: актрысы Наталі Портман і Кіра Найтлі падобныя як сёстры, але маюць абсалютна рознае паходжанне — яўрэйскае і кельцкае адпаведна. Вонкавае падабенства падманлівае.

Доўгі час навука проста не мела інструментаў, каб зазірнуць углыб. Рэвалюцыя адбылася, калі навукоўцы навучыліся вылучаць ДНК са старажытных костак і зубоў. Асаблівую каштоўнасць уяўляе Y-храмасома, якая перадаецца ад бацькі да сына амаль нязменнай. Гэта дазваляе прасачыць радавод цэлых папуляцый на тысячы гадоў углыб.

Выснова генетыкаў адназначная: практычна любая змена археалагічнай культуры суправаджалася прыходам новых людзей.

Аўтахронная тэорыя пра тое, што людзі сядзелі на адным месцы з каменнага веку, пацярпела крах.

Загадкі літоўскай крыві

Палеагенетыка намалявала складаную і шматслойную карціну засялення нашага рэгіёна, якая цалкам абвяргае тэорыю пра «адвечную статычнасць».

Raspaŭsiudžanasć kultury šnuravoj kieramiki (bajavych siakier)
Распаўсюджанасць культуры шнуравой керамікі (баявых сякер), якая прынесла з сабой гаплагрупу R1a. Фота: Wikimedia Commons

Спачатку гэтыя землі насялялі лясныя паляўнічыя неаліту, аднак у бронзавым веку сітуацыя кардынальна змянілася. З поўдня, ад берагоў Чорнага мора і басейна Дняпра, прыйшла магутная хваля мігрантаў — носьбітаў культуры шнуравой керамікі (баявых сякер) і гаплагрупы R1a. Менавіта яны прынеслі сюды індаеўрапейскія мовы і змяшаліся са старажытнымі паляўнічымі.

Самае цікавае і нават сенсацыйнае адкрыццё тычыцца паходжання тых, каго мы прывыклі лічыць продкамі балтаў: іх карані, як выявілася, сягаюць далёка на Усход.

Аказалася, што значная частка генетычнага кода сучасных балтаў прыйшла з Заўралля і Заходняй Сібіры. Носьбіты гаплагрупы N мігравалі праз Эстонію прыкладна ў VIII–VII стагоддзях да н.э.

Тут крыецца самая цікавая дэталь. У прадстаўнікоў культуры ўсходнелітоўскіх курганоў I–V стст. н.э., якія з’яўляюцца непасрэднымі продкамі літоўцаў, канцэнтрацыя гэтай «уральскай» гаплагрупы N дасягала 70%. Аднак у сучасных літоўцаў яна складае толькі каля 40%.

«Гэта як са спіртам: каб з 90 градусаў атрымаць 40‑градусную гарэлку, трэба даліць вады. Каб знізіць канцэнтрацыю гаплагрупы з 70% да 40%, старажытнае насельніцтва мусіла змяшацца з кімсьці яшчэ прыкладна напалову.

Гэта значыць, што насельніцтва Літвы часоў Рымскай імперыі — гэта яшчэ не зусім сучасныя літоўцы», — тлумачыць Насевіч.

Гэта абвяргае папулярны ў Літве тэзіс пра тое, што мясцовае насельніцтва жыло нязменным і некранутым тысячагоддзямі. Насамрэч генафонд увесь час «разбаўляўся» прышлымі людзьмі.

Navahrudak, stary zamak
Навагрудак, стары замак. Фота: Наша Ніва

Калі разышліся шляхі беларусаў і літоўцаў?

Генетычныя даследаванні паказваюць, па словах Насевіча, што яшчэ паўтары тысячы гадоў таму адрозніць продкаў балтаў і славян генетычна было амаль немагчыма. Імаверна, існавала нейкая агульная папуляцыя. Розніца ўзнікла з-за розных міграцыйных вектараў.

«Раннія славяне, якія, паводле археалагічных даных, сфармаваліся на Палессі (пражская культура), былі вельмі падобныя да ранніх балтаў. Настолькі падобныя, што, магчыма, нават неадрозныя», — сцвярджае Вячаслаў Насевіч.

Mapa
Частка ранніх славян рушыла са сваёй палескай прарадзімы на поўдзень па-над Дунай і за яго, дзе трапіла ў склад Аварскага каганата і змяшалася з мясцовым насельніцтвам. Калі каганат пачаў распадацца, частка гэтых «новых славян» вярнулася з-пад Дуная назад на поўнач, на тэрыторыю сучаснай Беларусі і Украіны, прынёсшы «дынарскую» гаплагрупу I2, якая з’яўляецца галоўным генетычным маркерам, які адрознівае беларусаў ад літоўцаў. Фота: Wikimedia Commons

Раздзяленне адбылося пазней, з-за розных кірункаў міграцый. Продкі літоўцаў рушылі на поўнач, дзе змяшаліся з мясцовым насельніцтвам.

А вось продкі славян абралі іншы вектар — на поўдзень. Частка гэтага агульнага насельніцтва рушыла да Дуная, дзе трапіла ў склад Аварскага каганата.

Авары, у адрозненне ад паўночных плямёнаў, не спальвалі сваіх нябожчыкаў, а хавалі іх у зямлі. Гэта дало навукоўцам багаты матэрыял: тысячы палеагеномаў з тэрыторыі сучаснай Венгрыі.

«Там выразна бачныя самі авары з мангольскімі рысамі. Але ёсць і іншыя — тыя, хто мае супольныя рысы са старажытным насельніцтвам Усходняй Еўропы. Гэта і ёсць раннія славяне. Знаходзячыся ў Аварскім каганаце, яны актыўна змешваліся з мясцовым балканскім і дунайскім насельніцтвам», — расказвае гісторык.

Калі каганат пачаў распадацца, частка гэтых «новых славян» з-пад Дуная вярнулася назад на поўнач, на тэрыторыю сучаснай Беларусі і Украіны. Яны прынеслі з сабой не толькі новую культуру, але і новыя гаплагрупу I2 (дынарскую).

Менавіта гэты «паўднёвы кампанент» сёння з’яўляецца галоўным генетычным маркерам, які адрознівае беларусаў ад літоўцаў:

  • У літоўцаў высокі працэнт гаплагрупы N (~40%) і амаль адсутнічае «паўднёвая» I2 (~2%).
  • У беларусаў доля «ўральскай» N значна меншая (10–15%, хоць на Віцебшчыне даходзіць да 20%), затое прысутнічае значная доля «паўднёвай» I2 (каля 20%, а на Палессі — да 40%).

Такім чынам, беларусы — гэта генетычны мікс, у якім спалучыліся мясцовыя балта-славянскія карані з магутным прылівам крыві з поўдня Еўропы.

«Аславяненыя балты» ці самастойны этнас?

Даныя генетыкі ставяць пад сумнеў папулярную ў некаторых колах тэорыю пра тое, што беларусы — гэта проста балты, якія перайшлі на славянскую мову.

«Славянізацыя — гэта не проста змена мовы. Гэта быў фізічны прыход людзей, якія вярнуліся з поўдня ўжо ў змяшаным выглядзе. Менавіта гэты прыток новага насельніцтва сфарміраваў той генафонд, які мы маем сёння і які адрознівае нас ад суседзяў», — падкрэслівае Насевіч.

Канчаткова сучасны генафонд беларусаў і літоўцаў склаўся прыкладна ў XVI–XVII стагоддзях, калі насельніцтва перамешвалася ўнутры межаў Вялікага Княства Літоўскага.

Цікавы момант тычыцца гістарычнай Літвы — Віленшчыны. Менавіта там, паводле генетычных даных, жыло насельніцтва з максімальнай канцэнтрацыяй той самай «уральскай» гаплагрупы N. Аднак з цягам часу, як адзначае Насевіч, гэтае насельніцтва змяшалася з жыхарамі суседняй Меншчыны і перайшло на мову, якую мы цяпер называем беларускай. Гэта тлумачыць, чаму сярод беларусаў поўначы і захаду краіны працэнт «літоўскай» гаплагрупы вышэйшы, чым на Палессі.

Kiernaŭ, haradziščy
Кернаў, гарадзішчы. Фота: Наша Ніва

Мова і кроў — сувязі няма

Вячаслаў Насевіч засцерагае ад таго, каб ставіць знак роўнасці паміж генамі і нацыянальнай ідэнтычнасцю. Гісторыя паказвае, што некаторыя народы лягчэй мяняюць мовы.

Калі 40% продкаў сучасных літоўцаў былі прышлымі носьбітамі іншых гаплагруп, гэта значыць, што ў нейкі момант яны адракліся сваёй ранейшай мовы і перайшлі на літоўскую.

Галоўная выснова, якую робіць гісторык: чыстых народаў не існуе. Усе мы — вынік шматвекавога змяшання. Ідэнтычнасць — гэта не набор храмасом, а пытанне асабістага выбару.

«Нас аб’ядноўвае не тое, што ў нас нейкія супольныя продкі, а ў іншых — іншыя. У нас ва ўсіх адны і тыя ж гаплагрупы, проста ў розных прапорцыях. Нашы продкі не раз мянялі мову і самасвядомасць. Гэта значыць, што наш выбар не наканаваны крывёю. Не гены вызначаюць, хто мы ёсць, а мы самі», — рэзюмуе Вячаслаў Насевіч.