Таямніцы мінулага, цікавыя факты, легендарныя асобы, шмат чаго невядомага вам раней з беларускай гісторыі вы зможаце даведацца ад доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча ў відэапраекце Budzma.org «Гісторыя за 5 хвілін». У чарговай відэасустрэчы гісторык распавядае пра пачатак Вялікай міграцыі этнічнай супольнасці славянаў і першыя кантакты, якія потым паслужылі пачаткам утварэння народа, што сёння завецца беларусамі.
На тэрыторыі Беларусі першыя славянскія каланісты з’явіліся ўжо ў V — VI стст. Іх пранікненне сюды, на землі занятыя балтамі, адбывалася павольна і працяглы час. Сёння ў гістарычнай навуцы пануе агульнапрынятая субстратная тэорыя паходжання народаў. Яе сутнасць у тым, што ў выніку накладання аднаго этнічнага чынніку або субстрату на іншы ці, кажучы па-простаму, мяшанкі розных плямёнаў, утварыліся новыя этнічныя супольнасці, — больш падрабязна пра гэты гістарычны працэс на нашых і суседніх землях ў новым роліку «Гісторыі за 5 хвілін».
Ведаць гісторыю сваёй Радзімы — абавязак сапраўднага грамадзяніна. Гэтая навука распавядае пра жыццё мінулых пакаленняў, іх ўнутраныя стасункі паміж сабой, знешнія дачыненні з суседзямі. Гісторыя ўказвае на памылкі мінулых часоў і вучыць не рабіць іх наноў.
У гэты няпросты час «Будзьма беларусамі!» прапануе пачаць вывучаць або пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі разам з вядомым гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам, які зробіць экскурс ад самых старадаўніх часоў нашай мінуўшчыны да атрымання Беларуссю незалежнасці. Вас чакае гісторыя развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культура, гісторыя войнаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і аналітычныя высновы ад Алеся Краўцэвіча пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, як вядома нам цяпер, а не іначай.
У наступным выпуску «Гісторыі за 5 хвілін» прафесар паразважае, да каго ж беларусы бліжэй: славянаў ці балтаў?
Папярэднія выпускі глядзіце па спасылцы.
Глядзіце яшчэ:
«Снягі, маразы, завеі вялікія...» Якім быў клімат у XV–XVIII стст. у Беларусі і ўсёй Еўропе