Нядаўнія падзеі ў Расеі, дзе адбылася спроба ўзброенага вайсковага перавароту, змусілі многіх пацікавіцца: а ці было нешта падобнае раней? Вядома, што было. І нават не адзін раз! Зазвычай з даволі прадказальным для падобных гісторый трагічным фіналам. Прычым у некаторых выпадках крыніцай для натхнення была... літаратура. Вядома, у такое цяжка паверыць, але расказваем аб усім па парадку.
Юкіа Місіма ў сваім працоўным кабінеце разам з катом, 1955
Гаворка пойдзе пра Японію і яе ці не самага чытанага і аднаго з самых вядомых у свеце пісьменнікаў — Юкіа Місіму. Больш за паўстагоддзя яго няма сярод жывых, а ўсё яшчэ час ад часу знаходзяць нешта напісанае, але так і не апублікаванае ім. Яно і не дзіва — за 45 гадоў жыцця гэты пісьменнік пакінуў даволі аб’ёмную бібліяграфію, якая налічвае 4 дзясяткі раманаў, безліч апавяданняў, эсэ, п’ес і дзённікаў. І гэта калі не браць пад увагу публіцыстыку на патрэбу дня...
Чаму так? Бо Місіма з маладых гадоў пісаў кожны дзень, дакладней ноч. Нават апошнія ў сваім жыці гадзіны ён правёў за пісьмовым сталом. Адметнасць ягонай прозы ў тым, што шмат што ў ёй было не проста «аўтабіяграфічным» — разважаючы над перажытым, насычаючы герояў сваіх раманаў уласнымі думкамі і перажываннямі, ён праграмаваў уласную будучыню.
Народжаны ў 1925 годзе пісьменнік стаў сведкам драматычных падзей — росту мілітарызму перад вайной, гібелі імперыі ў выніку вайны і эканамічнага ўзвышэння Японіі пасля. Калі вайна набліжалася да канца, яго, зусім яшчэ маладога чалавека, не ўзялі ў войска праз фізічны стан — і гэта непасрэдна адбілася на далейшым жыцці. Магчыма, менавіта тады ў ягонай галаве і з’явілася думка памерці ў імя чагосьці.
Па вайне Юкіа Місіма вырашыў, што трэба рабіць сабе кар’еру літаратара. Ён быў выдатнікам і добра вучыўся, таму ў перспектыве яго чакала неблагая праца з магчымасцю кар’ернага росту. Імператар Хірахіта нават уласнаруч уручыў яму гадзіннік за дасягненні ў навучанні. Аднак пісьменніцкая сцяжына вабіла ў разы больш, чым пыльная чыноўніцкая праца. Таму Місіма кінуў яе і цалкам прысвяціў сябе літаратуры.
У 1950-я Місіма быў ужо культавым аўтарам. Яго раманы, асабліва першы — «Споведзь маскі» — добра прадаваліся і выходзілі вялікімі накладамі. Ён не проста стаў зарабляць літаратурай, але атрымліваць вельмі добрыя грошы. Такое бывае рэдка, бо далёка не кожны, нават вельмі таленавіты пісьменнік, паспяховы ў фінансавым плане. У гэты час Місіма літаральна праваднік заходняга ладу жыцця для японцаў — ён апранаецца як рок-зорка, наведвае вечарынкі, заводзіць неабходныя знаёмствы. Будуе сабе вялікі дом у віктарыянскім стылі...
Але ў 1960-я гады ў яго жыцці пачынаюць абывацца радыкальныя перамены, якія ў выніку прывядуць да фатальных наступстваў. У 1960 годзе ён напіша адно з самых сваіх вядомых апавяданняў пад назвай «Патрыятызм». Яно прысвечана падзеям лютага 1936 года, калі група малодшых афіцэраў паспрабавала ўчыніць спробу вайсковага перавароту.
Юкіа Місіма ў Нью-Ёрку, 1964 (Фота Carlo Bavagnoli. Крыніца — The LIFE Images Collection)
Маладыя нацыяналісты разам з падпарадкаванымі ім салдатамі і жменькай аднадумцаў з ліку цывільных агульнай колькасцю да 1500 чалавек літаральна за некалькі гадзін занялі ўвесь цэнтр Токіа. Адначасова адбыліся напады на рэдакцыі газет, перастала працаваць радыё, былі атакаваныя паліцэйскія ўчасткі і захоплены парламент. У сваіх дамах у гэты час былі забітыя некалькі міністраў. Жыццё краіны было паралізавана...
Змоўшчыкі мелі на мэце вярнуць непасрэднае кіраванне Японіяй імператару, але як высветлілася пазней, ніякай канкрэтнай праграмы ў іх не было. То-бок яны здолелі распрацаваць дакладную сістэму захопу горада, якая спрацавала з дакладнасцю швейцарскага гадзінніка, але нават не парупіліся аб тым, каб падумаць: а для чаго ўсё гэта патрэбна рабіць? Імператар не прыняў іхніх пракламацый і абвесціў здраднікамі. З самалётаў пачалі раскідваць улёткі, у якіх салдатаў заклікалі скласці зброю і вярнуцца ў казармы, а верныя Хірахіта войскі ўзялі ў аблогу мяцежнікаў. Праз два дні супрацьстаяння, якое ледзь не прывяло да кровапраліцця, большасць афіцэраў здалася. Некалькі чалавек зрабілі сабе сэпуку...
Сюжэт у місімавым «Патрыятызме» выбудаваны вакол маладой пары, якая нядаўна пабралася шлюбам. Ён — малады афіцэр, якога сябры вырашылі не далучаць да змовы, бо той толькі стварыў сям’ю. Калі здараецца паўстанне, жонка чакае яго дома некалькі дзён, а як ён прыходзіць, то дазнаецца — заўтра яму даручана выступіць супраць змоўшчыкаў, сваіх сяброў, але ён не хоча і не можа гэтага рабіць, таму вырашае забіць сябе ў адпаведнасцю з самурайскай традыцыяй. Яна вырашае ісці следам за ім. Пара апошні раз займаецца сэксам, а потым сыходзіць з жыцця.
Юкіа Місіма на прэзентацыі сваёй кнігі ў Лондане з Вэндзі Оўэн, першай жонкай Пітэра Оўэна — ягонага брытанскага выдаўца і амбасадарам Японіі. Крыніца — Peter Owen Publishers, 1965
Драматургія ў апавяданні была, канечне, нацягнутая, але ў выніку атрымаўся настолькі добры твор, што яго вырашылі экранізаваць. Ролю паручыка граў сам Місіма, які ў той час быў у добрай фізічнай форме. Паўгадзінны фільм знялі ў 1965 годзе літаральна за 2 дні, але ў выніку атрымаўся шэдэўр, які ў Японіі ў імгненне стаў культавым і пабіў усе касавыя рэкорды сярод кароткаметнажных фільмаў. Праўда, праз натуралістычнасць сцэны сэпуку многія людзі ў кінатэатрах гублялі прытомнасць. А на першым паказе ў Турыне стужка выклікала сапраўдны шок у еўрапейскіх гледачоў.
Пісьменнік на фоне постара з фільмам, які быў зняты паводле ягонага апавядання «Патрыятызм», 1966
У сярэдзіне 1960-х гадоў Місіма не проста культавы аўтар — ён цяпер інтэлектуальны гуру ў радыкальных правых колах. Да яго цягнуцца маладыя традыцыяналісты і манархісты, бо ён істотна адрозніваецца ад тыповых прадстаўнікоў японскіх правых. Прасцей кажучы, гэты модны пісьменнік зусім не падобны на «квасных патрыётаў», якія любяць паразважаць аб былой велічы пад чарку сакэ...
У 1966 годзе Місіма задумвае напісаць раман «Мора дастатку», які павінен быў складацца з чатырох кніг і налічваць пад 3000 старонак. Летам ён пачынае вывучаць дакументы аб вядомым паўстанні 1874 года, якое мела на мэце вярнуць Японію на ранейшы шлях развіцця, то-бок адмовіцца ад мадэрнізацыі і вэстэрнізацыі. Яго арганізавалі самураі, якія не прызнавалі нічога заходняга — папяровыя грошы бралі бамбукавымі палачкамі, не вызнавалі сучаснай зброі, імкнуліся не хадзіць пад правадамі. Заканамерна, што з такім падыходам да тэхналогіяў яны вельмі хутка былі разгромленыя ўрадавымі войскамі, якія былі ўзброеныя ў адпаведнасці з духам часу.
Юкіа Місіма ў Такійскім універсітэце дыскутуе з левымі студэнтамі, травень 1969 года. Крыніца — Kyodo
На аснове тых падзей потым будзе напісаны раман «Імклівыя коні», другі ў тэтралогіі, дзе малады рамантык і выкладчык кэндо створыць таемную арганізацыю, якая паспрабуе выступіць супраць існуючага ладу. Як і рэальныя прататыпы, героі ў кніжцы будуць завёрнутыя на традыцыі і гатовыя памерці за свае ідэалы. Пасля паразы паўстання ягоныя завадатары зробяць сэпуку ў адпаведнасці з самурайскім кодэксам.
Сам Місіма таксама перайшоў ад словаў да справы — у 1967 годзе запісаўся ў Сілы самаабароны, каб прайсці там курс падрыхтоўкі. Па першым часе ў яго нічога не выходзіла, а трымалі яго там толькі праз вядомае імя. Але настойлівасць зрабіла сваю справу і ў хуткім часе ён здолеў прайсці курс падрыхтоўкі маладога байца. Што праўда, пісьменнік на тым не спыніўся і на наступны год стварыў уласную прыватную армію.
«Таварыства шчыта» — невялічкая прыватная армія пісьменніка. Крыніца — Mario De Biasi/FPM
Называлася арганізацыя «Татэнокай», або па-нашаму «Таварыства шчыта», і налічвала сотню байцоў. Усе выдаткі, якія цягнула за сабой сяброўства ў ёй, Місіма браў на сябе. Яго «аперэтачнае» войска таму і было такім невялікім, бо ён мог дазволіць сабе ўтрымліваць толькі сотню чалавек. Адбіраліся туды толькі ідэйныя і добра матываваныя маладыя людзі, галоўным чынам студэнты. Вядома, што пісьменніку паступалі прапановы ад розных палітычных і бізнес-колаў падтрымаць фінансава ягонае таварыства, але ён кожны раз адхіляў іх — не хацеў ні ад каго залежаць.
Ніякай канкрэтнай праграмы ў таварыства па сутнасці і не было — як вынікае з яго назвы, «Татэнокай» мела на мэце праявіць сябе ў момант, калі імператару будзе пагражаць небяспека. Другая палова 1960-х гэта час, калі на пад’ёме былі левыя — падзеі ў Парыжы ў 1968 годзе зрабілі добрую рэкламу гэтым ідэям. Правыя былі наадварот — у крызісе, а ў Японіі дык і пагатоў. Найперш праз нядаўняе мінулае — імперыя прайграла ў вайне і моцна пацярпела праз ідэі мілітарызму, а таксама праз тое, што радыкалы не грэбавалі забіваць сваіх апанентаў, прычым не толькі ў нейкіх вулічных сутычках, але і рыхтуючы замахі на няўгодных журналістаў, актывістаў, палітыкаў.
За час свайго існавання нечым істотным «Таварыства шчыта» бадай што і не адзначылася. Яго ўдзельнікі рыхтаваліся да магчымага ўдзелу ў масавых беспарадках — паводле іхных разлікаў магла скласціся такая сітуацыя, калі адна паліцыя або нават разам з Сіламі самаабароны не змогуць даць рады левым, тады яны мелі далучыцца. Але паказаць сябе патрыётам так і не выпала, бо ніякіх звышмасавых мітынгаў і дэманстрацый так і не адбылося.
Галоўная заслуга «Татэнокай» — стварэнне новага вобразу правага патрыёта, больш прывабнага за ранейшы. У сябраў таварыства была прыгожая форма, рэгулярныя сустрэчы з журналістамі, фотасэты для модных часопісаў. Тады было цяжка сабе ўявіць, каб умоўных «нашчадкаў самураяў» публікавалі на старонках глянцу. З сур’ёзнага — рэгулярныя трэніроўкі на базах сілаў самаабароны, дзе курс мала чым адрозніваўся ад вайсковага. Але скончылася ўсё даволі сумна.
У лістападзе 1970 года Місіма і сам паспрабаваў учыніць спробу вайсковага перавароту. Разам з адданымі 4 паплечнікамі, якія былі ўзброеныя толькі самурайскімі мячамі, ён прыехаў на вайсковую базу, дзе ўзяў у палон генерала. Потым запатрабаваў сабраць на плацы ўсіх салдатаў, каб звярнуцца да іх з прамовай.
Юкіа Місіма выступае перад Сіламі самаабароны 25 лістапада 1970 года. Крыніца — JIJI PRESS/AFP
Юкіа Місіма выступае перад Сіламі самаабароны 25 лістапада 1970 года. Крыніца — JIJI PRESS/AFP
Тэкст звароту, які быў напісаны ім загадзя, утрымліваў заклікі да таго, каб літаральна зараз пайсці ды разагнаць дэмакратычны парламент. Але салдаты нават і слухаць яго не сталі — у выніку праз колькі хвілін пасля гэтага ён зрабіў сабе смерць праз сэпуку. Разам з ім з жыцця пайшоў яшчэ адзін сябра «Таварыства шчыта». Прынамсі так гучыць афіцыйная версія, якую з года ў год перапісваюць калялітаратурныя аглядальнікі, блогеры, крытыкі і неабыякавыя чытачы.
Труны Юкіа Місімы і Масакацу Марыты выносяць з ваеннай базы. Токіа, 25 лістапада 1970 года. Фота: Kyodo
Насамрэч ніякай спробы перавароту не было — быў добра зрэжысаваны крывавы спектакль, у выніку якога загінулі 2 чалавекі. Ягоны аўтар яшчэ за год да сваёй смерці дэтальна распісаў, што і як трэба рабіць, а таксама пачаў вырашаць усе пытанні з аўтарскімі правамі і маёмасцю — каму што дастанецца пасля гібелі. Ён пакінуў жонцы кругленькую суму, якая пайшла на адвакатаў тым сябрам «Татэнокай», што былі з ім. Само таварыства не было забаронена, але спыніла сваё існаванне, праўда, яго ветэраны час ад часу збіраюцца і цяпер.
Мемарыяльнае шэсце з партрэтамі загінулых у гадавіну іх гібелі. Токіа, 25 лістапада 1971 года. Крыніца — Asahi Shimbun file photo
Сярод прычынаў, якая падштурхнула яго да такога радыкальнага кроку, часцей за ўсё называецца неатрыманне Нобелеўскай прэміі. Пісьменніка тры разы намінавалі яе, але кожны раз яна даставалася некаму іншаму. У тым ліку і ягонаму настаўніку Ясунары Кавабаце.
Атрымалася даволі дзіўная, нават парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку, пісьменнік пазіцыянаваў сябе радыкальным праціўнікам «заходніх каштоўнасцей» і абаронцам японскай культуры, а з іншага, акурат на тым Захадзе атрымаў прызнанне. Прычым не ў нейкіх там маргінальных колах. П’есы Місімы і цяпер з поспехам ідуць на сцэнах еўрапейскіх тэатраў, пра яго пішуць артыкулы і кнігі, а ягоныя ідэі, найперш распрацаваная ім эстэтычная сістэма, яшчэ доўга будзе аказваць уплыў на еўрапейскую культуру.
Спявак Дэвід Боўі спіць пад партрэтам Юкіа Місімы, які ён сам і намаляваў. Крыніца — Christian Simonpietri/Sygma/Corbis
Тэма мяцяжу ў творчасці Юкіа Місімы займае асаблівае месца — вядома, хлопчыкам ён не мог не чуць пра падзеі 1936 года, а як выдатны знаўца гісторыі добра ведаў аб тым, як некаторыя самураі паўставалі супраць «сучаснага свету» ў ХІХ стагоддзі. Яму самому хацелася чагосьці падобнага, што ён у выніку ён спланаваў і ўвасобіў. Акурат той выпадак, калі напісанае праграмуе рэчаіснасць.
Самая вядомая біяграфія Місімы, якая ўпершыню пабачыла свет у 1974 годзе і з таго часу вытрымала безліч перавыданняў і перакладаў на асноўныя мовы свету. Яе аўтар быў добра знаёмы з пісьменнікам. Крыніца — Gallimard
Кастусь К., budzma.org