Цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» адбудзецца 17 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. На імпрэзе стануць вядомыя пераможцы ў 13 намінацыях прэміі, а таксама атрымальнікі ўзнагароды «Спецыяльная згадка».
Кадр з фільма "Дзённік Анастасіі", які ўвайшоў у шорт-ліст кінапрэміі "Чырвоны Верас" у намінацыі "Лепшы дакументальны поўнаметражны фільм"
Найлепшыя сярод беларускіх фільмаў 2021 і 2022 гадоў будуць названыя на цырымоніі ўзнагароджання кінапрэміі «Чырвоны верас», якая адбудзецца ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Падзея прызначаная на 19:00 17 лютага ў Gropius Bau Cinema, што месціцца ў галоўным будынку кінарынку Martin Gropius Bau.
«Гэта гонар, што ў час гуманітарнага крызісу ў краіне беларускае кіно не губляецца, а, наадварот, знаходзіць сваймі пляцоўкамі прэстыжныя міжнародныя фестывалі, якім яго патэнцыял і належыць, — кажуць сузаснавальнікі кінапрэміі «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. — Мы спадзяёмся, што цырымонія ўзнагароджання стане дадатковым натхненнем і матывацыяй для беларускіх кінааўтараў, каб працягваць сваю важную справу».
Прэміі «Чырвоны верас» будуць уручаныя ў катэгорыях «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм», «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм», «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм», «Найлепшы анімацыйны фільм», «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшая праца аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)», «Адкрыццё года».
Якія фільмы трапілі ў кароткі спіс кінапрэміі «Чырвоны верас», чытайце па спасылцы.
Пераможцаў вызначала журы з 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў. У доўгі спіс «Чырвонага верасу» ўвайшлі 70 дакументальных, ігравых і анімацыйных фільмаў.
Беларуская прэмія кінакрытыкаў арганізуецца пры падтрымцы The German Marshall Fund і Goethe-Institut in Exile і фонду Trzy Trąby.
Чытайце яшчэ:
Беларускі след на «Берлінале»