Хто прынёс вобраз Каліноўскага ў камуністычныя інтэрбрыгады? Каго яшчэ з паўстанцаў шанавалі антыфашысты? Як камуністы Заходняй Беларусі замаўлялі ў БССР інфармацыю пра Каліноўскага, але адказаць... ужо не было каму? Чаму рота імя Каліноўскага так і не паўстала?
Пачатак чытайце ў першай частцы «Чырвоны Каліноўскі». БССР і Заходняя Беларусь. Частка І
Над Еўропай збіраліся хмары. Мяцеж генерала Франка ў Іспаніі падтрымалі Гітлер і Мусаліні. Рэспубліканцаў — Сталін. Ваяваць за рэспубліку ехалі не толькі камуністы, але і рамантыкі-дэмакраты з усяго свету, напрыклад, Эрнэст Хэмінгуэй ці Джордж Оруэл. Ехалі і грамадзяне Польшчы: палякі, беларусы, украінцы, немцы, яўрэі. Яны сфармавалі інтэрнацыянальную брыгаду імя Яраслава Дамброўскага (1836–1871).
Знак Інтэрнацыянальнай брыгады імя Яраслава Дамброўскага, яшчэ аднаго ўдзельніка паўстання 1863 г.
Дамброўскі паходзіў з таго ж рэвалюцыйнага кола, што і Каліноўскі з Урублеўскім. Паляк, які нарадзіўся ва ўкраінскім Жытоміры, трымаў сувязі з рэвалюцыянерамі па ўсім свеце: ад Расіі да Францыі. Стаўшы адным з лідараў Паўстання 1863 года, Дамброўскі ўсё ж загінуў далёка ад дому: у Францыі, падчас Парыжскай камуны.
Там, дзе не вытрымлівалі іспанцы, стаяла брыгада імя Дамброўскага
Сакратар ЦК камсамолу Заходняй Беларусі Мікалай Дворнікаў узяў сабе псеўданім Стах Тамашэвіч. Стаў спачатку камісарам, а пасля і камандзірам украінскай роты імя Тараса Шаўчэнкі ў складзе інтэрнацыянальнай брыгады імя Я. Дамброўскага. Байцы брыгады аказаліся на «нулі» — пярэднім краі вайны. Калі верыць сучаснікам, то там, дзе не вытрымлівалі іспанцы, стаяла брыгада Дамброўскага.
Байцы рэспубліканскай роты імя Тараса Шаўчэнкі, якой камандаваў Мікалай Дворнікаў, 1937
Паўстала пытанне аб стварэнні асобнага беларускага падраздзелу ў складзе той самай брыгады. Ёй трэба было надаць імя вядомага беларуса-рэвалюцынера. Але чыё? Гарадзенскія камуністы стаялі на тым, каб надаць імя Сяргея Прытыцкага. Вярхоўны суд Польшчы тады акурат памяняў тэрарысту Прытыцкаму смяротную кару праз павешанне на пажыццёвае зняволенне. Практыка надаваць злучэнням імёны жывых людзей тады была нярэдкай.
Дзіўна, нягледзячы на тое, што Дворнікаў не толькі ведаў, але і сябраваў з Прытыцкім, выказаўся супраць. Да справы ён падыходзіў з больш шырокай гістарычнай перспектывы. Па яго задуме, у гарах Іспаніі ў бой мела пайсці беларуская рота імя Кастуся Каліноўскага...
Кіраўнік камсамола Заходняй Беларусі і камандзір добраахвотнікаў у вайне ў Гішпаніі Мікалай Дворнікаў
«Мяркуем стварыць падраздзяленне імя Каліноўскага»
Адкуль пра гэта вядома? Як мінімум, ад дзвюх асобаў. Абодва — заходнебеларускія камуністы, удзельнікі вайны ў Іспаніі.
Першы — беларус з в. Клідзяняты пад Смаргонямі Фадзей Варанішча (пазыўны — «Паўлюк»). Яшчэ ў 1920-х, ратуючыся ад рэпрэсіяў на Заходняй Беларусі, ён выехаў у Аргентыну. Пражыў там некалькі год, напоўненых прыгодамі. Потым накіраваўся ў Іспанію.
Варанішча праваяваў у інтэрбрыгадах паўтара гады і блізка пазнаёміўся з Дворнікавым. Пад канец 1937-га паміж імі была размова. Дворнікаў звяртаўся да земляка з прапановай, ад якой той у далейшым не змог адмовіцца:
«...А ведаеш, чаму я паклікаў цябе? Ёсць прапанова накіраваць цябе на курсы малодшых камандзіраў. Магу сказаць па сакрэце: мяркуем стварыць беларускае падраздзяленне імя Кастуся Каліноўскага. Патрэбны будуць камандзіры. Вось і мяне выклікаў генерал Вальтэр і сказаў: „З украінцаў і беларусаў створана новая рота імя Тараса Шаўчэнкі. Вы ведаеце польскую, украінскую, не кажучы пра беларускую мовы. Будзеце камандаваць ротай. У перспектыве яна павінна вырасці да батальёна...“ I я згадзіўся. Ну, а ты, Паўлюк, згодзен паехаць на курсы?»
Другое сведчанне маем ад Іосіфа Грыгулевіча, які паходзіў з віленскіх караімаў. Асоба ў гісторыі СССР і Лацінскай Амерыкі легендарная. Польшчу ён пакінуў у 1933-м, ваяваў у шэрагах рэспубліканцаў. Савецкі шпіён, удзельнік аднаго з замахаў на Троцкага, спецыяліст па Лацінскай Амерыцы, гісторык і этнограф: даследчык культаў і міфаў. У 1960-х Грыгулевіч спакойна жыў у Маскве, калі да яго завітаў Якаў Драбінскі, які пісаў кнігу пра Дворнікава. Вось што яму распавёў Грыгулевіч:
«С Дворниковым встречался в 1937 году один раз, кажется, в июле месяце. Мы вспоминали Вильно, работу в подполье. Оба мы работали в КПЗБ, но там не встречались. Дворников прибыл в Вильно, когда я уже был в тюрьме. Встретились только в Испании. Это был период формирования бригады имени Домбровского. Батальон, где комиссаром был Дворников, состоял из двух рот: украинской — имени Тараса Шевченко и польской — имени Адама Мицкевича. Заканчивалось комплектование роты имени Ботвина. А Дворникову хотелось создать еще и белорусскую роту имени Кастуся Калиновского».
Іосіф Грыгулевіч - шпіён, спец па Лацінскай Амерыцы, удзельнік вайны ў Іспаніі
«Мы лічылі Каліноўскага нашым папярэднікам»
Пакуль Дворнікаў ваяваў у Іспаніі, заходнебеларускія камуністы таксама не забываліся на Каліноўскага. Ёсць сведчанні Мікалая Арэхвы, шматгадовага вязня польскіх турмаў і будучага стваральніка органаў дзяржбяспекі сацыялістычнай Польшчы. У 1937-м ён знаходзіўся ў Празе і забяспечваў «транзіт» хлопцаў з Заходняй Беларусі на вайну ў Іспанію:
«...В те годы некоторые историки БССР оценивали его [Каліноўскага] как польского шляхетского революционера, якобы не имевшего ничего общего с белорусскими крестьянами, участие которых в восстании 1863 г. вообще отрицали...
Мы считали Кастуся Калиновского революционным демократом, нашим предшественником, которого нельзя отдавать ни польским, ни белорусским националистам. Действуя в духе решений II пленума ЦК КПЗБ, мы рекомендовали краевому секретариату выступить с инициативой проведения 100-летнего юбилея Калиновского.
В Праге у нас не было необходимых материалов для написания статьи о Калиновском. В письме к представителю в Минск я просил поручить написание этой статьи кому-нибудь из минских историков с тем, чтобы она могла быть помещена в легальной печати. Однако статья не была написана. Но Максим Танк тогда задумал и написал поэму „Калиновский“».
Мікалай Арэхва з жонкай, 1930-я
Усе гэтыя падзеі — лета—восень 1937 года. У БССР поўным ходам ішлі сталінскія расстрэлы. Натуральна, ніхто нават не паспрабаваў напісаць артыкул пра Каліноўскага для публікацыі ў Заходняй Беларусі. А вось Максім Танк напісаў у апошні год існавання КПЗБ пра Кастуся цэлую паэму. Будучы народны паэт і старшыня ВС БССР яшчэ не аднойчы звяртаўся да вобразу Каліноўскага: у 1945-м у вершы «Вільня» ўзгадаў яго разам з Гедымінам, Міцкевічам, Скарынам, Чарняхоўскім:
І Каліноўскі, і таварышы...
Я чую голас іх у змроку шэрым,
I чую, як Вілля ў начной цішы
Бароў прадвечных падмывае бераг.
Цікава, што ў Танка два вершы з назвай «Вільня»: 1936 і 1945 гадоў. Каліноўскі фігуруе ў абодвух. З той розніцай, што ў другім фігуруе яшчэ і... Сталін. Як ні парадаксальна, у перадваеннай Польшчы Танк мог пісаць больш свабодна, а тут — не змог не пакланіцца «бацьку народаў».
Смерць сярод завеі і куляў, на вышыні 2000 метраў
Вернемся ў Іспанію. Справа стварэння батальёна, а для пачатку роты Кастуся Каліноўскага, патроху рухалася. Малодшыя камандзіры прайшлі курсы, набіраўся асабовы склад... Але ў лютым 1938-га адбылася нечаканая і — цалкам звычайная ва ўмовах вайны — рэч.
Рота імя Шаўчэнкі вяла баі за горад Тэрэўль у гарах, часам на вышыні да двух тысяч метраў, сярод снягоў і завеі. Дворнікаў пайшоў са сваімі байцамі ў контратаку, заняў варожыя акопы, аднак знянацку быў атакаваны атрадам мараканцаў. У тым баі загінуў камандзір батальёна імя Палафокса Ян Ткачоў, а таксама камандзір роты імя Шаўчэнкі Мікалай Дворнікаў: аточаны мараканцамі, кінуў сабе пад ногі гранату...
Байцы рэспубліканскай роты імя Тараса Шаўчэнкі, якой камандаваў Мікалай Дворнікаў,1937 г.
Інтэрбрыгады неслі вялікія страты, таму размовы пра стварэнне новых аддзелаў ужо не было. У канцы верасня 1938-га інтэрбрыгады былі выведзены з тэрыторыі Іспаніі ўзамен на выхад з вайны італьянскіх і нямецкіх саюзнікаў Франка. Атрад імя Кастуся Каліноўскага там і не паўстаў, а Іспанская рэспубліка пацярпела паразу.
Усе гэтыя падзеі замуліліся ў памяці ды гісторыі на фоне навальніцаў Другой сусветнай. Разам з тым не можа не ўражваць, што імя Каліноўскага гучала з вуснаў нашых землякоў-добраахвотнікаў у завеях на вышыні 2000 метраў пад агнём у далёкай Іспаніі.
Канец 2-й часткі
Працяг будзе!
Сяргей Васковы, Алесь Кіркевіч, budzma.org
Чытаць яшчэ: Як Адэса ледзь не стала цэнтрам арганізацыі беларускага войска