Арганізатары «Басовішча» распавялі парталу Tuzin.FM, што адбываецца з найстарэйшым беларускім рок-фэстывалем і што чакае сёлета яго наведнікаў. Зь цікавостак — польскі і беларускі адбор маладых гуртоў, DJ-сэты ў намёце, конкурс цішотак. Праўда, у лайн-апе фэсту заяўлены пакуль толькі тры гурты.
Сёлета ў «Басовішча-2012» два арганізатары — Беларускае аб’яднаньне студэнтаў і аб’яднаньне Pogotowie Kulturalno Spoleczne. Фінансаваньне фэсту сёлета істотна зьменшылася. Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі Польшчы выдала на яго арганізацыю суму ў 90 000 злотых (ля 30 000 даляраў), хоць бюджэт разьлічваўся на 150 000 злотых. «На якасьці фэсту гэта акалічнасьць не адаб’ецца», — пераконвае Матэўш Сэвасьцянюк, новы старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў. Ён толькі што заняў гэтую пасаду, замяніўшы Аляксандру Максімюк, якая датэрмінова склала свае паўнамоцтвы. Агулам бюджэт «Басовішча-2012» усё ж перасягнуў лічбу ў 100 000 злотых за кошт падтрымкі Маршальскага ведамства і асобных прадстаўнікоў гарадзкой рады Беластоку.
Правядзеньне фэсту заплянавана на 13—14 ліпеня ў традыцыйным месцы ва ўрочышчы Борык ў Гарадку, непадалёк ад беларускай мяжы. Фармат падзеі застаецца нязьменным, арганізатары запрашаюць гурты, як зь Беларусі, так і Польшчы. Але з фармаваньнем лайн-апу пакуль напруга. Дакладна пакуль агучваюцца назвы толькі трох гуртоў, якія выйдуць на сцэну фэсту сёлета — пераможцы «Басовішча-2002» :B:N:, пераможцы «Басовішча-2003» IQ48, а таксама гурт «Кальмары», фактычна праект удзельнікаў :B:N:. Арганізатары запэўніваюць, што знаходзяцца ў пастаянных перамовах зь іншымі артыстамі, але пакуль ня могуць паведаміць іх імёны.
Напярэдадні фэсту 7 ліпеня ў Беластоку пройдзе канцэрт «Before Басовішча» з удзелам гурта Drum Ecstasy. У яго межах плянуецца зладзіць адбор мясцовых камандаў. Лепшая выступіць на вялікай сцэне фэсту. Гурты з Падляшша могуць падаваць свае заявы разам з адной песьняй у mp3 (або спасылку на гэты трэк) на адрасkonkurs@basowiszcza.org да 20 чэрвеня (з пазнакай тэмы «Before Basowiszcza»). На гэты ж адрас могуць падаваць свае заявы разам зь песьняй і беларускія гурты, якія жадаюць узяць удзел у конкурсе (з пазнакай тэмы «Басовішча — Конкурс»). Якім чынам будуць абраныя беларускія ўдзельнікі конкурсу пакуль не паведамляецца.
Акром уласна выступаў рок-гуртоў, дзьве ночы запар плянуецца таксама выступ ды-джэяў у адмысловым намёце. Акрамя польскіх музыкоў будуць запрошаныя два DJ з-за ўсходняй мяжы.
Арганізатары фэсту таксама хочуць зладзіць выставу фотаздымкаў на фэсьце, зьвязаную зь фірмовымі цішоткамі «басоў». Свае фотаздымкі ў майках «Басовішча» розных гадоў можна даслаць да 4 ліпеня на адрас fotokonkurs@basowiszcza.org.
Афіцыйны сайт фэсту basowiszcza.org пакуль не ажыў, але сябры БАСу абяцаюць ужо ў найбліжэйшы час пахваліцца новым графічным афармленьнем, праектам афішы, лягатыпам ды гаджэтамі сёлетняга фэсту.
Інфармацыйны партнэр фэстывалю «Басовішча-2012» — інтэрнэт-партал Tuzin.FM.