З 27-га лістапада ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» пачынае працаваць выстава «На тэатральных падмостках» да 130-годдзя з дня нараджэння Марыкса Аскара Пятровіча.
Аскар Пятрович Марыкс — мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага дэкаратыўнага мастацтва; народны мастак Беларусі.
Нарадзіўся 20 снежня 1890 года ва Львове, які ў той час уваходзіў у склад Аўстра-Венгрыі. Бацька Аскара Пятровіча, па нацыянальнасці славак, быў дваранскага саслоўя і служыў афіцэрам, вельмі рана загінуў на дуэлі. Маці — венгерка, ледзьве не баранэса, другі раз выйшла замуж, і сям’я пераехала ў Прагу. Айчым быў механікам і лічыў, што пасынак павінен займацца тым жа. Аскар Пятровіч думаў інакш: ён уцёк з дому, падпрацоўваў на малярных работах і паступіў ў Пражскі філіял Венскай акадэміі мастацтва. Скончыў яе па класе архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Далейшую адукацыю атрымліваў як вольны слухач платных мастацкіх студый Аўстра-Венгрыі, Польшчы і Расіі. У гэты ж перыяд актыўна працаваў у тэатрах і прымаў удзел у выстаўках.
З 1922 года Аскар Пятровіч цалкам прысвяціў сябе працы ў Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1), дзе разам з Е. А. Міровічам прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні першага беларускага тэатра. З імем А. П. Марыкса звязана заснаванне ў Беларусі прафесійнай школы сцэнічнага афармлення.
Найбольш значныя работы ў БДТ-1: «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча, «Салавей» З. Бядулі, «Мешчанін у дваранах» Мальера, «Капітанская дачка» А. Пушкіна, «Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага і іншыя.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Марыксаў, спісаўшыся з Віцебскім драмтэатрам, пераехала ва Уральск. Там Аскар Пятровіч працаваў галоўным мастаком у Другім беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-2), аформіў спектаклі «Чалавек з ружжом» М. Пагодзіна, «Здані» Г. Ібсена, «Асада млына» Э. Заля, «Забаўны выпадак» К. Гальдоні, «Фронт» А. Карнейчука, «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага і іншыя.
З 1949 года Аскар Пятровіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, ён працаваў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
А. П. Марыкс афармляў спектаклі не толькі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, але і Беларускага тэатра юнага гледача, Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, Пінскага і Бабруйскага тэатраў і многіх іншых тэатраў Беларусі і замежжа.
Дэкарацыі А. П. Марыкса вызначаліся вобразнасцю, глыбокім веданнем і адчуваннем эпохі, стылявой своеасаблівасцю, кампазіцыйнай выразнасцю.
На выставе прадстаўлены работы А. П. Марыкса, сярод якіх — малавядомыя эскізы, якія былі перададзены ў фонды музея з Беларускага саюза мастакаў, а таксама асабістыя рэчы мастака — такія, як журнальны столік і шахматы.
Выстава працуе з 27.11.2020 па 05.01.2021.
Прэс-рэліз