Da Vinci: Каханне не ўзнікла

davinci

У межах праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” гурт Da Vinci прадстаўляе сваю песню “Каханне не ўзнікла”, якую стварыў Алесь Камоцкі на падставе іх італьянскамоўнага хіта “L’amore non esiste”. “Было вельмі дзіўна пачуць сябе самога беларускамоўнага, ды яшчэ пад тую музыку, якая глыбока сядзіць у падкорцы некалькі гадоў”, – дзеліцца ўражаннямі вакаліст гурта Дзяніс Дудзінскі.

З першых дзён удзелу ў праекце “Перазагрузка” гурт Da Vinci вырашыў, што не будзе выконваць проста беларускі эквівалент “L’amore non esiste”, а цалкам перастворыць яе на новы лад. “Мы не маглі дазволіць сабе сказаць такой асобе як Алесь Камоцкі: перакладзіце нам тэкст. Алесь выступіў тут як аўтар песні, а таму быў абсалютна вольны ў сваіх дзеяннях”, – апавядае Дзяніс Дудзінскі.

Сам Алесь Камоцкі кажа, што арыгінальную версію гэтай песні лічыць даволі сімпатычнай, а таму стварыць яе беларускі тэкст было зусім не складана. “Я зрабіў так, як мяне папрасілі, і напісаў пра тое, пра што сам думаў. У выніку атрымалася зусім іншая гісторыя. Напрыклад, у беларускім тэксце пяецца, што каханне не ўзнікла, а ў арыгінале – пра тое, што кахання не бывае”.

Музыкі з Da Vinci не аспрэчваюць таго, што беларуская мова па мілагучнасці адна з самых прыгожых, але прызнаюцца, што ім было цяжка ў сэнсе выканання. І ўсё з прычыны нязвыкласці. “Было вельмі дзіўна пачуць сябе самога беларускамоўнага, ды яшчэ пад тую музыку, якая глыбока сядзіць у падкорцы некалькі гадоў. Гэта ж розныя формы артыкуляцыі, падачы гука, розны набор зычных і галосных, розныя канструкцыі лінгвістычныя, – апавядае Дзяніс Дудзінскі. – Таму адолець гэта ўсё было складана. Беларуская мова – пявучая для тых, хто мае практыку”. “Пэўна, нават замежніку было б лягчэй заспяваць па-беларуску, чым расійскамоўнаму беларусу, – дадае Леанід Шырын. – Таму што падаецца, што ўвесь час пяеш неяк не так. Але па выніку выходзіць прыгажосць!”

Гэтым моўным эксперыментам Da Vinci засталіся цалкам задаволеныя. “Каханне не ўзнікла” ўжо ўключаная ў рэпертуар гурта. Супрацу з Алесем Камоцкім музыкі плануюць працягваць і надалей. Цяпер яны працуюць над новай кампазіцыяй, якую спачатку хацелі заспяваць па-ангельску, але ў выніку створаць яе на роднай мове.

Слухаць песню:

Da Vinci – Каханне не ўзнікла (муз. Леанід Шырын, арыгінальны тэкст Дзяніс Дудзінскі, бел. тэкст Алесь Камоцкі).