Працягваючы тэму сямейных адносін, адразу за «Агульнай мовай» Волі Чайкоўскай на платформе VODBLISK з'явіўся ігравы кароткаметражны фільм Мары Тамковіч «Дачка». Расказваем, што такога важнага ў гэтым фільме і чаму яго варта паглядзець.
Кадр з фільма «Дачка»
Беларуска Мара Тамковіч выпусцілася з курса Studio Prób у Школе Вайды, а таксама вывучала рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і журналістыку ў Варшаўскім універсітэце. «Дачка» — дыпломная праца Мары. Ігравы фільм з хронаметражом 30 хвілін быў створаны ўсяго за 5 тысяч еўра шмат у чым дзякуючы таму, што абсталяваннем рэжысёрку забяспечыла кінашкола, а акцёры пагадзіліся працаваць без ганарараў.
У выніку «Дачку» паказалі на некалькіх дзясятках кінафестываляў і адзначылі ўзнагародамі на кінафэстах у Польшчы, Аўстрыі, Грэцыі, ЗША за рэжысуру, аператарскую працу і сцэнар.
Па сюжэце: у дзень шаснаццацігоддзя сваёй дачкі Камілы Пётр прыходзіць дадому і знаходзіць яе ў крыві і без прытомнасці. З таго моманту іх жыццё незваротна змяняецца.
Кадр з фільма «Дачка»
«Дачка» па апісанні можа здацца выключна сямейнай драмай, насамрэч яна закранае адразу некалькі вострых сацыяльных праблем: гвалт, правы жанчын у Польшчы, бюракратыя, бяссілле «маленькага чалавека» перад выпрацаванай гадамі сістэмай.
«Дачка» — сумленны і важны фільм з пазіцыяй. Рэжысёрка не спрабуе падлашчвацца да гледача, а проста паказвае гісторыю адной дзяўчыны, аднаго бацькі, адной сям'і. Праз дробныя дэталі гледачу становіцца відавочна: адной, але не адзінай. Па словах рэжысёркі, гэтая гісторыя і вобразы, якія яна стварае ў фільме, — гэта зборнік розных аповедаў, якія яна збірала ў працэсе падрыхтоўкі да здымак: знаёмілася з тым, як разглядаюцца справы ў паліцыі, як у гэтай сістэме выглядае змаганне за справядлівасць, калі дзяўчына становіцца ахвярай.
Кадр з фільма «Дачка»
Не змяняючы сваёй просталінейнасці як у фільме, так і па-за ім у адным з інтэрв'ю рэжысёрка адзначае: «Дачка» — гэта маё аўтарскае выказванне на тэму бацькоўства і правоў жанчын». І ўсё сапраўды так! Мара Тамковіч у 2018 годзе зрабіла фільм, пасля фінальных цітраў якога яшчэ доўга ў галаве круцяцца думкі, спробы асэнсаваць убачанае. Найлепшы паказчык таго, што гэтае кіно варта глядзець.
Трэйлер фільма:
Фільм «Дачка» можна набыць за 5$ на 30 дзён. 30 дзён будуць адлічвацца з моманту першага прагляду фільма. Больш за тое, у гэты прамежак глядзець стужку можна любую колькасць разоў. І нагадваем, што гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець бясплатна гэты фільм і ўсе іншыя з медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе.
Каб не прапусціць цікавінкі беларускага кіно, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Facebook, Viber.
Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам.