Алесь, які працуе менеджарам у IT-стартапе, аднойчы з кампаніяй беларускамоўных сяброў захацеў згуляць у папулярную гульню Alias, дзе трэба тлумачыць адно аднаму словы, выкарыстоўваючы сінонімы, антонімы і падказкі, але не называючы само слова. Беларус так і не змог знайсці мабільную аплікацыю з беларускімі словамі. І тады вырашыў стварыць сваю — пра гэта ён расказаў spravy.io.
Фота згенеравана з дапамогай ChatGPT
— З сябрамі хацелі пагуляць у Alias. У нас амаль усе беларускамоўныя, але ўсе аплікацыі, якія мы знайшлі, былі толькі з рускімі слоўнікамі. Так я вырашыў навайбкодзіць для нас гульню з беларускімі словамі.

Алесь кажа, што на працы ён сам код не піша, бо як менеджар працуе з камандамі распрацоўкі.
— Але зараз штучны інтэлект змяняе кодзінг, і распрацоўка стала даступнай і людзям без тэхнічнага досведу. Таму першую версію гульні я зрабіў за адзін дзень, з дапамогай Claude Code і ChatGPT. Пасля першых некалькіх спроб згуляць сталі зразумелыя некаторыя нязручнасці ў навігацыі — іх адразу выправіў праз Claude Code.

Аўтар тлумачыць, што паколькі фармат гульні Alias даволі вядомы, то з дапамогай ChatGPT было лёгка зрабіць правілы для слоў, якія павінны былі трапіць у гульню, і вызначыць катэгорыі (ежа, транспарт, жывёлы і г.д.).
— Потым я зрабіў тры ўзроўні цяжкасці: турыст, мясцовы, тутэйшы. І згенераваў на першыя два ўзроўні па 100 слоў. Праверыў іх, некаторыя выдаліў, захаваў іх як бэнчмарк і згенераваў яшчэ болей слоў. А вось для «тутэйшага» складаныя словы збіраў сам, бо не хацеў гэта давяраць ШІ.

Алесь кажа, што і зараз шукае словы для гульні: калі ў кнізе або ў размове трапляецца нешта цікавае, то ён запісвае гэтыя словы і потым дадае ў слоўнік гульні.

— Узроўні можна міксаваць: напрыклад, разам гуляць «турыст» і «тутэйшы», каб была дынаміка ў гульні. Таксама можа пасля сканчэння раўнда паглядзець значэнні слоў.
Кошт стварэння гульні — гэта падпіска на ШІ-сэрвісы, а таксама $15 за дамен tlumach.app. Для дэплою (пераносу праекта гульні з камп’ютара на працоўны сервер) быў выкарыстаны бясплатны тарыф Vercel.
Зараз сам аўтар гуляе з сябрамі ў Alias па-беларуску, але шырока гульню яшчэ не рэкламаваў:
— Звяртаўся да некалькіх каналаў і суполак па вывучэнні мовы і расказваў пра гульню. Але, здаецца, яны ёй не падзяліліся са сваёй аўдыторыяй, і зваротнай сувязі я таксама не атрымаў. І гэта крыху дзіўна. Платную рэкламу я пакуль не запускаў.

Стваральнік гульні кажа, што манетызацыю беларускай версіі Alias пакуль не плануе і разглядае гэта як маленькі пэт-праект для сябе і сяброў. Але кожны ахвотны можа падтрымаць аўтара праз данат на платформе Buy Me a Coffee.
— Але грошы зараз не матывацыя. Будзе выдатна, калі будуць гуляць іншыя беларусы. Гэта будзе натхняць мяне развіваць слоўнік далей.