Далучайцеся да падпісання петыцыі, каб брытанцы дазволілі выдаць «Гары Потэра» па-беларуску

Агенцыя «Blair partnership», якая валодае правамі на выданне кніг пра Гары Потэра, адмовіла выдавецтву «Янушкевіч» у дазволе на пераклад і выданне 4-й і наступных кніг пра Гары Потэра на беларускай мове. На сайце Change.org з’явілася петыцыя з заклікам да агенцыі Blair Partnership перагледзець сваю адмову выдавецтву «Янушкевіч» працягваць выдаваць кнігі серыі.


Knihi pra Hary Potera

«Мы разумеем, што на гэтае рашэньне паўплывала прызнаньне датычнасьці рэжыму Лукашэнкі да ваенных злачынстваў ва Ўкраіне і статус Беларусі як суагрэсара. Аднак мы хацелі б падкрэсліць, што запыт на гэтыя пераклады паходзіць ад асоб, якія супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі й падтрымліваюць Украіну, выступаючы за дэмакратыю ў Беларусі», — напісана на сайце Change.org.

Аўтары петыцыі свой заклік да агенцыі перагледзець рашэнне падмацоўваюць шэрагам аргументаў выкладзеных у чатырох пунктах. Сярод іншага тлумачыцца сітуацыя з закрыццём выдавецтва «Янушкевіч» у Беларусі, пераслед выдаўца, сітуацыя з беларускай мовай і падкрэсліваецца важнасць магчымасці чытаць дзецям Гары Потэра на іх роднай мове.

Азнаёміцца з поўным тэкстам петыцыі і падпісаць яе можна па спасылцы.