22 траўня 2024 года выходзіць першы выпуск падкаста пра беларускую фатаграфію «Далягляд».
Вядучыя — двое фатографаў Яўген Атцецкі і Кацярына Кузьмічова, цягам 30-60 хвілін размаўляюць з запрошаным госцем пра фатаграфію, творчасць і жыццё.
Акрамя фатографаў аўтары плануюць запрашаць і іншых дзеячоў поля беларускай фатаграфіі — куратараў, мастацтвазнаўцаў, галерыстаў.
Падкаст можна паслухаць на платформах Spotify, Apple Podcast і YouTube.
— Наша мэта — прыцягнуць увагу да беларускай фатаграфіі і яе аўтараў, зрабіць галасы фатографаў гучнейшымі, а фатаграфіі больш бачнымі. А яшчэ падкаст — гэта магчымасць стаць трошку бліжэй адзін да аднаго, — распавядаюць аўтары праекта.
Анонсы новых эпізодаў будуць з’яўляцца раз на два тыдні па серадах на платформе беларускай фатаграфіі ФШ1, якая займаецца развіццём супольнасці беларускіх фатографаў, а таксама арганізацыяй сустрэч, дыскусій і адукацыйных мерапрыемстваў.
Запланавана мінімум 6 эпізодаў. Ужо зараз дасяжны пілотны выпуск.
Госць першага выпуску — фатограф, выкладчык і вандроўнік Ягор Войнаў. У сваёй практыцы Ягор факусуецца на партрэце і фатаграфіі ў падарожжах. З 2006 па 2016 ён актыўна займаецца вясельнай фатаграфіяй, а з 2018 — мабільным фота. Таксама вядзе аўтарскія курсы і выкладае.
Ягор Войнаў распавядзе пра свой досвед фатографа, выкладчыка і вандроўніка. Слухачы даведаюцца пра падыход аўтара да партрэта і пра фатаграфію, якая яго здзіўляе. Таксама суразмоўцы закрануць тэмы адукацыі,асабістага брэнду, праектнай фатаграфіі, пагавораць пра Мінск, фотафестывалі і пра шмат чаго яшчэ.
Працы Ягора Войнава
Яўген Атцецкі — сазаснавальнік і мэнаджэр школы фатаграфіі ФШ1 у Мінску. У фатаграфіі з 2003 года,а з 2009 выкладае фатаграфію 2017 Яўген займаецца праектнай фатаграфіяй. Пераможца конкурсу праектнай фатаграфіі Prafota 2020 у намінацыі «Лепшы дакументальны праект».
Кацярына Кузьмічова — беларуская фатографка, якая жыве ва Уроцлаве і працуе на мяжы жанраў дакументальнай і мастацкай фатаграфіі. У сваіх праектах даследуе тэму памяці, ідэнтычнасцi, палiтычных сістэм, пытанні жаночых гендарных роляў.