У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 22 сакавіка 2011 года адбылася творчая сустрэча Уладзіміра Арлова з навучэнцамі 9-11 класаў 22-й гімназіі г. Мінска.
Сустрэча пачалася з прэзентацыі кнігі выбраных твораў на гістарычную тэматыку “Ля Дзікага Поля”. У яе ўвайшлі творы практычна з усіх мастацкіх зборнікаў Уладзіміра Арлова, але большасць склалі напісаныя ў канцы мінулага стагоддзя. Пасля ўсіх прысутных чакала прыемная неспадзяванка — пісьменнік прачытаў некалькі твораў з пакуль не апублікаванай новай кнігі паэзіі “На поўнач ад кахання”.
Вучням было дадзенае дамашняе заданне: знайсці дома 10 рэчаў, якія сведчаць, што яны беларусы. Дзеці ўпадабалі гэтую цікавую прапанову і адразу пачалі згадваць аўтэнтычныя напамінкі.
Падчас сустрэчы Уладзімір Арлоў правёў конкурс на самае цікавае пытанне. І пераможца гэтага конкурсу Віялета атрымала кнігу з аўтографам аўтара. Пры канцы імпрэзы, што сабрала болей за 100 чалавек, адбыліся аўтограф- і фотасесія вучняў з паэтам і празаікам.
