Берасьцейцы знайшлі ўтульную нішу – недзе між дваровым блатняком і каліфарняком, – і тут у іх няма канкурэнтаў і блізка. У астатніх выходзіць дужа патасна і пошла. У “ДД!” эфэкт праўдзівасьці дасягаецца лёгка і проста.
У Беларусі ў такім узросьце звычайна кар’ера падыходзіць да свайго лягічнага завяршэньня. А ў гурта “Дай дарогу!”, такое адчуваньне, усё толькі пачынаецца. Яны запісалі новы альбом бадзёрых і бесцырымонных панк-нумароў, разьлічаных на тых, хто толькі нарадзіўся, калі Стыльскі і Ка выдалі свой першы альбом “Зацепило” (1999) – у ім, дарэчы, таксама было нешта пра танкі, хоць за мікрафонам быў ня Юра (ён толькі на гітары граў), а саўнд быў больш злы, п’яны і бязьлітасны. “Дай дарогу!” працяглы час неяк існавалі па-за кантэкстам мясцовай рок-музыкі, і ўсур’ёз, здаецца, іх пачалі ўспрымаць толькі калі Стыльскі запісаў дуэт зь Міхалком, а чарга на яго канцэрты ў Re:Publiс пачала заварочваць за другі рог будынку.
У сваім новым рэлізе, назвы якому вырашана было не прыдумляць, хлопцы працягваюць займацца дакладна прадуманым разьдзяўбайствам. І вось што цікава: пры тым, што яны ўмела сябе прадаюць, прымаць іх за камэрсантаў аніяк не выпадае. Ну, хіба толькі ў песеньцы “Твои каштановые волосы”, зь якой Стыльскага можна сьмела клікаць на зборны канцэрт да Дня міліцыі. Калі добра прыгледзецца, то акурат у ёй і закладзеная ідэалёгія “Дай дарогу!”, як музычная, так і тэматычная. Берасьцейцы знайшлі ўтульную нішу – недзе між дваровым блатняком і каліфарняком, – і тут у іх няма канкурэнтаў і блізка. У астатніх выходзіць дужа патасна і пошла. У “ДД!” эфэкт праўдзівасьці дасягаецца лёгка і проста – зь першай жа песьні пра “Мальдивы”, якія прапануецца зрабіць проста ў сябе ў ванне.
Стыльскі з тых, хто, ня маючы аніякіх здольнасьцяў сьпяваць, заваёўвае публіку зь першага разу. Найперш за кошт харызмы і тэкстаў – у меру забаўных, у меру вострых, хоць і ёсьць адчуваньне, што нешта ён часам недагаворвае ці то праз самацэнзуру, ці то празь недахоп словаў, каб-выказаць-гэта. Так ці інакш, парачка хукаў па любімых гуртом тэматычных кірунках тут ёсьць. Сацыяльная і побытавая праблематыка адлюстраваная ў трэках “Общество колек” і “Съёмная хата”, а мэлядраматычны складнік увасабляе “Выходи”, якая па экспрэсіі не саступае, пэўна, самай кранальнай песеньцы гурта – “Переночевать”. І абавязковы для “ДД!” хвацкі рок-н-рол – у дадзеным выпадку “Передоз”. У параўнаньні з папярэднімі альбомамі яскравых гітоў тут, можа, і меней, але запісана ўсё настолькі крыштальна чыста, што ў дыскаграфіі каманды гэты дыск, можа, нават найлепшы. У гэтым пляне дзеля параўнаньня можна пераслухаць той самы першы альбом 16-гадовай даўніны, каб зразумець якіх вынікаў можна дасягнуць пры шматгадовай руплівай працы.
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 9
Аздабленьне: 6
Сяргей Будкін