Гэта той рэдкі выпадак, калі кнігу набыў ды прачытаў праз... антырэцэнзію. На фэйсбуку мемуары раскрытыкавалі ўшчэнт. Маўляў, як можна пісаць пра хлеб, каўбасу, масла і цыгарэты, калі побач — кроў, вайна і Халакост?! Усё аказалася куды больш складана і цікава.
Алесь Кіркевіч піша пра кнігу Анатоля Занковіча «Лёс беларуса: паміж Еўропай і Амерыкай».
Кніга Анатоля Занковіча «Лёс беларуса: паміж Еўропай і Амерыкай
Анатоль Занковіч — беларускі эмігрант, паспяховы хірург у ЗША. Ягоны шлях пачынаецца на Вілейшчыне, яшчэ ў перадваеннай Польшчы. Далей Саветы, за імі — немцы. Настаўніцкая семінарыя, школа БКА, 1944 год. Калі ён адступаў у нямецкім мундзіры на Захад, аўтару пашчасціла двойчы. У першы раз: трапіць у палон да амерыканцаў. У другі раз: не быць выдадзеным СМЕРШу, які вышукваў «ворагаў народа» для вяртання ў СССР.
Анатоль Занковіч, аўтар кнігі
Мемуары на першы погляд падаюцца сухімі, безэмацыйнымі. Здаецца, аўтар наўпрост нічога не адчувае. Можа, прафдэфармацыя праз шматгадовую хірургічную практыку? Такая сабе ментальная анестэзія. Можа, не пра ўсё хочацца казаць ды нават — памятаць. А можа, каб выжыць і не з’ехаць з глузду — трэба замарожваць пачуцці. Фіксаваць. Але не адчуваць.
У кожным разе, лепш так, чым набрынялыя слязьмі «мастацкія ўспаміны». Калі не разумееш, дзе — праўда, а дзе выдумка. Тут жа: усё сапраўднае. Гэта не карціна ў барочнай раме, а чорна-белы фотаздымак часу. Няма чаго дадаць.
Дзядзька ўцёк з турмы ў... Замежны легіён
Перадваенная Польшча для сям’і аўтара — зусім не «страчаны рай». З аднаго боку, ён захапляецца героямі «Трылогіі» Сянкевіча. З іншага — паліцыя арыштоўвае яго брата за тое, што... ставіў з сябрамі купалаву «Паўлінку». Брат трапляе ў сумнавядомую Бярозу-Картузскую, вяртаецца з пабоямі, страціўшы шмат вагі. Добра, што вяртаецца.
Дзядзька аўтара — Клімук — таксама прайшоў праз Бярозу, але — уцёк. Праз Літву і Нямеччыну дабраўся да Францыі, а там запісаўся ў Замежны легіён. Служыў у Афрыцы, Індакітаі. У Марока падчас службы пазнаёміўся з будучай жонкай, чэшкай Людмілай, якая была... танцоўшчыцай. На адным з пасляваенных фота легіянер — «Дзядзька Клімук» — сувора пазірае з гаўбца свайго дома паміж Ніцай і Канамі. Пляменніка ён запрашаў да сябе гасцяваць.
Дзядзька Клімук (былы легіянер Замежнага легіёна) і цётка Людміла, Францыя
Узгадваючы 1939-ты, аўтар апісвае «першыя Саветы». Як за пару дзён з ваколіцаў зніклі палякі: усіх вывезлі. Як сям’я Занковічаў была ў спісах на дэпартацыю, але бацька... падпаіў камісараў — пашчасціла. Як у школе распавядалі пра Паўліка Марозава, які «пасадзіў» свайго тату, а ў класе ніхто не мог зразумець, чаму ж гэта — геройства?..
Забойства сястры і братоў. «Чаму? За што?..»
«Нямецкая акупацыя была адрозная ад польскай ды савецкай. Пад апошнімі нас прымушалі ўжываць мову акупантаў. Пад нямецкай — беларуская мова была афіцыйнай. Мы мелі сваю школу, размаўлялі па-беларуску, спявалі нашы песні, адзначалі нашы нацыянальныя святы. За ўсё гэта мы цяжка заплацілі, калі Чырвоная армія вярнулася ў 1944 годзе...» — піша аўтар.
Школьныя сябры, Вілейка, 1944 год (Анатоль Занковіч — чацвёрты справа)
Заплацілі, бо выбар быў невялікі. Застаешся ды едзеш у Сібір. Або эмігруеш. Зрэшты, сям’я Занковічаў заплаціла яшчэ раней.
У лютым 1944-га партызаны заваліліся ў бацькоўскі дом, забілі сястру і двух братоў аўтара. Сястры — Антаніне — было 17 гадоў. Брату Сяргею наогул 13... А падставай было тое, што Анатоль з братам вучыліся ў Настаўніцкай семінарыі.
Аўтар успамінаў і тут, падаецца, безэмацыйны. Толькі кароткае: «Чаму? За што?». Куды лепш пра ўсё кажуць вочы 17-гадовай Тоні на фота ў кнізе.
Сястра аўтара Антаніна Занковіч
Пасля вайны бацьку выклікалі на допыты савецкія сілавікі з пытаннямі, маўляў, дзе Анатоль і яго брат, чаму не вяртаюцца? Бацька тады не вытрымаў і перавёў размову на забітых партызанамі дзяцей. Маўляў, іх забойца сядзіць зараз ва Урадзе БССР: «Дайце мне вінтоўку і я яго заб’ю, пасля рабіце са мной, што хочаце». Больш яго не выклікалі.
Надалей заварваць каву і спрабаваць — жыць
Дзе ж былі Анатоль і яго брат Жорж? У 1944-м прайшлі курс у школе Беларускай Краёвай Абароны ў Мінску. Пасля іх частку перакінулі праз Вільню і Кёнігсберг на Захад. Якім было здзіўленне аўтара, калі яго прыпісалі ў... РВА (Расійская вызвольная армія, «уласаўцы»). Там, у Баварыі, пад канец вайны, сярод хаосу, у «адным чоўне» аказаліся і курсанты БКА з Мінска, і Франц Кушаль, і генерал РВА Мальцаў, і Анатоль з братам Жоржам.
Гадоў з 10 таму, размаўляючы з Яўгенам Усюкевічам, былым «рагулеўцам», які аказаўся ў той час у падобнай сітуацыі, я быў уражаны, што ніякай нянавісці да расійцаў з РВА не было. Бо адзіным ворагам былі Саветы. Усюкевіча, дарэчы, як і большасць тых расійцаў, амерыканцы выдалі ў СССР. То-бок, шмат гадоў ГУЛАГу і паламанае жыццё... Занковічу пашчасціла. Застаўся.
Пішучы пра амерыканскі палон і лагер, аўтар мелькам узгадвае Нямеччыну адразу пасля вайны. Ён мог не толькі выходзіць з лагеру, але і зняць сабе жытло ў сям’і Ліхтэншайд. Сям’я мела трох сыноў, якія служылі ў войску: усе загінулі на вайне. Пра палітыку ў сям’і не размаўлялі, толькі пра бягучыя справы. Здаецца, вакол няма руінаў, папялішчаў, плачу — але гэта той самы безэмацыйны вакуум, калі ўсе ўсё разумеюць. Але надалей заварваюць сабе зерневую каву ды спрабуюць жыць.
Жаніх з «рускага краю» і 25 сакавіка ў Чыкага
Чарговы этап кнігі — доўгая адысея на Захадзе. У 1945-м аўтару ўсяго дваццаць, жыццё толькі пачынаецца. А вакол — змучаная вайной Еўропа, дзе патрэбныя моцныя рукі.
На працы ў сталовай, 1945, Нямеччына, амерыканская зона акупацыі
Але спачатку вучоба ў Лювене, які стаў другім домам і кропкай адліку для шматлікіх беларусаў. Там, у Бельгіі, Анатоль сустрэў будучую жонку — Тыльду. Яе бацькі былі не ў захапленні ад жаніха з «рускага краю», але ўсё наладзілася.
Анатоль і Тыльда, 1954
Адзін з момантаў, які здзіўляе ў кнізе: фантастычныя камунікабельнасць і шматмоўнасць. То-бок, чалавек да вайны нічога, апроч вёскі Сіўцы пад Вілейкай, не бачыў. А тут: Еўропа як на далоні, Брусель, Ніца, Берлін, Лювен... І паўсюдна ты вучыш новую мову: нямецкую, французскую, фламандскую, ангельскую.
Пасля шлюбу пара падалася ў ЗША. У слоўнік дадаюцца «Гэлоўін» ды «Дзень падзякі». Але не толькі. Калі прыспеў час купляць жытло, то «...Купчая ўмова нашага дому не дазваляла яго прадаць нябелым амерыканцам і габрэям». Ого! Зараз цяжка сабе ўявіць нешта падобнае ў Штатах, але ў 1960-х — так.
Нягледзячы на вучобу, працу, мову, дакументы і безліч побытавых пытанняў, Занковіч застаецца... сабой. Гадуе дачок у беларускай традыцыі, на Каляды ў сям’і кладуць сена пад абрус.
Сям’я Занковічаў з дочкамі
На адным з фота ён па-сямейнаму сядзіць за сталом з прэзідэнтам БНР Абрамчыкам. На іншым — мэр Чыкага абвяшчае, што 25 сакавіка будзе «беларускім днём».
Мэр Чыкага Рычард Дэйлі абвяшчае беларусам, што 25 сакавіка будзе «беларускім днём», 1960-я. Анатоль Занковіч праваруч ад мэра
Толькі аднойчы, у 1973-м, у Занковіча атрымалася трапіць у Польшчу ды сустрэцца са сваякамі — вялікай сям’ёй. Таксама з маці, якая прыехала з Беларусі (бацька памёр у 1956-м). Маці папрасіла паказаць ёй даляры: пакруціла ў руках ды вярнула. Вяртацца з далярамі ў СССР было рызыкоўна... Больш яны не бачыліся.
Анатоль Занковіч на працоўным месцы
Нацыянальны код, схаваны за сухімі радкамі
Тры дачкі Анатоля Занковіча адвучыліся ў Гарвадзе ды Ельскім універсітэце. Славянскія мовы, гісторыя мастацтва, права. Усе мелі добрую кар’еру. Адна з кніг Ніны Занковіч выйшла ў 2021-м па-беларуску: «Талстой і фіялетавае крэсла. Мой чароўны год чытання». Гэта было адкрыццё, бо рэцэнзію на яе я пісаў тры гады таму, нічога не ведаючы пра бацьку аўтаркі ды яго лёс.
У 2005 годзе дачка аўтара Ан-Мары памерла ад раку. На лаўцы ў Цэнтральным парку Нью-Ёрка бацькі змясцілі невялічкую шыльду яе памяці. Чарговая смерць ды... зноўку без слёз, рассыпаных па старонках кнігі. Тая самая, вывучаная за шмат гадоў «безэмацыйнасць»?.. Магчыма.
Але ці не гэтая якасць дапамагла аўтару пераадолець усе выпрабаванні цягам амаль 100-гадовага жыцця? Ці не гэтая маўклівая ўпартасць шмат разоў ратавала беларусаў?
Можа, гэта і ёсць наш нацыянальны код, сакрэт выжывання і — поспеху.