«На сваёй субмарыне»: выйшаў апошні альбом гурта N.R.M. пад назвай «Кропка»

Беларускі рок-гурт N.R.M. прадставіў свой апошні альбом «.» («Кропка»). Амаж 1990-м, перагружаныя гітары, бадзёрыя рытмы, шчырасць і 2020-ы год. Субмарына N.R.M. уплывае ў невядомыя воды, і яе каманда шле нам развітальны прывет, піша reform.news.

«Kropka»

Альбом, які ўключае дзевяць песен, і быў нядаўна прэзентаваны на канцэртах у Вільні і Варшаве, адзначаюць музыканты.

«Частка кампазіцый была напісаная да жнівеньскіх падзеяў 2020 году. Пасля пачатку беларускай рэвалюцыі музыкі актыўна падтрымлівалі народны рух: выступалі на маршах, плошчах, у дварах, каля фабрык і заводаў; ладзілі жывыя канцэрты на YouTube у падтрымку палітвязняў і працягвалі ствараць песні, якія станавіліся адлюстраваннем тых падзеяў.

Напрыклад, «Horad SonCa» — гэта песня аднаго дня, 9 жніўня 2020 году, калі ўдзельнікі шэсцяў вярталіся дадому, а краіна яшчэ дыхала надзеяй.

Менавіта ў гэты час былі напісаны «Stakholmskі Syndrom», «Ja Chaču Żyć» і «Novaja Chvala» — кампазіцыі, што сталі сімваламі пратэсту і веры ў перамены.

Рэакцыяй на падзеі 2020 і 2022 гадоў стала і песня «Pałaje», напісаная пад Кіевам, у месцы дыслакацыі палка імя Кастуся Каліноўскага, перад канцэртам для беларускіх добраахвотнікаў.

Агулам, песні з новага альбома перадаюць боль, супраціў, настальгію, але і надзею. Яны — пра немагчымасць маўчаць і пошук адказаў на пытанне, як рухацца далей», — распавядае каманда.

«Кропка» пакідае супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, песні, аўтарам якіх пераважна з’яўляецца Піт Паўлаў, дасылаюць да рОкавай стылістыцы 1990-х, якая засталася ў сваім часе. З іншага боку, шчырасць аўтараў і музыкаў «сагравае» гэту музычную мову сваім непадробным пачуццём і жарсцю іграць. Да ўсяго і гісторыя 2020 года дае магчымасць жорсткаму гітарнаму гуку і грамадзянскай лірыцы вярнуць свае статус-кво.

Але ж N.R.M. у сваёй цяперашняй форме і складзе адчувае, што трэба ставіць кропку. Гэта была доўгая і яскравая гісторыя, якой неабходна перазагрузка.

Слухаць альбом можна на ўсіх музычных платформах — Spotіfy, Apple Musіc, YouTube Musіc ды іншых. Таксама музыкі рыхтуюць выданне альбома на вініле і CD.