Дэкаланізацыя — гэта не тэарэтычны панятак для інтэлектуалаў, гэта рэальнасць, з якой трэба працаваць

29.11.2023

«2020 год, беларускія падзеі, а пазней украінска-расійская вайна актуалізавалі гэты канцэпт, паказалі, што «дэкаланізацыя» — гэта не проста кабінетны тэрмін. Мы пабачылі, што ідэя пра адзінства ўсходніх славянскіх народаў — прыцягнуты за вушы канцэпт, які не працуе», — кажа ў інтэрв’ю Budzma.org cацыялінгвіст, палітолаг, выкладчык ЕГУ Уладзіслаў Іваноў.


Uladzislaŭ Ivanoŭ
Уладзіслаў Іваноў. Фота з уласнага архіва

Зараз можна гаварыць пра новую хвалю інтарэсу да канцэптаў дэкаланізацыі/каланізацыі — асабліва на тле расійска-ўкраінскай вайны, кажа Уладзіслаў Іваноў. Значная частка аўтараў інтэрпрэтуе каланіялізм як з’яву, характэрную для Афрыкі і Азіі. Тым не менш дастаткова аформленым ёсць бачанне, што ахвярамі культурнага і моўнага імперыялізму выступаюць не толькі былыя «класічныя» калоніі (краіны Афрыкі, Азіі або Лацінскай Амерыкі), але і калоніі «невідавочныя» і/або інтэграваныя ў склад метраполіі ў самой Еўропе (Корсіка, Брэтань, Каталонія, Беларусь і г. д.) або Амерыках (індзейцы, інуіты, а таксама, у пэўны перыяд, квебекцы).

Сёлета на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Гданьску была асобная панэль, прысвечаная дэкаланізацыі, якую якраз вёў Уладзіслаў Іваноў. Але пра ягоную працу, прадстаўленую там, пазней. Спачатку навуковец распавядае Budzma.org, чаму дэкаланізацыя важная для беларусаў і чаму зараз гэты панятак цікавіць не толькі адмыслоўцаў.

Тэма актуальная для нас з 90-х, але замарожаная адэптамі савецкага

Насамрэч беларускія інтэлектуалы і інтэлектуалкі займаліся тэмай дэкаланізацыі яшчэ з 1990-х гадоў, калі мы і сутыкнуліся з гэтым пасля распаду Савецкага Саюза. Але ўсе працэсы былі замарожаныя, спыненыя з-за перамогі Аляксандра Лукашэнкі, увогуле элітаў прарасійскіх, праўсходніх. Але ўсё адно за часам Лукашэнкі, яшчэ да 2020 года, былі досыць такія смелыя спробы дэкаланізацыі, нават на ўзроўні афіцыйным. Хаця б узгадаем той закон наконт транслітарацыі беларускіх назваў, які грунтуецца на пэўнай беларусацэнтрычнасці. Але, канечне, гэтага было мала.

Што да навукоўцаў, то тут праца ішла з 1990-х. Напрыклад, Ігар Бабкоў, калектыў «Нашай Нівы» ў 1990-х, супрацоўнікі Беларускага калегіума, выдаваўся часопіс «Фрагменты», дзе праз філасофскія тэксты, праз пераклад тэкстаў заходніх, французскіх і іншых, якія працавалі з паняткам дэкаланізацыі, у тым ліку Жака Дэрыды, прасоўвалася гэта тэма. Пазней да філосафаў далучыліся палітолагі, можна прыгадаць вядомы тэкст 2001 года «Пра калонію» Андрэя Казакевіча, ён невялікі, але вельмі ёмісты, вельмі моцны. Адметна, што многія даследчыкі і даследчыцы працавалі з паняткам дэкаланізацыі, але наўпрост не называлі яго. Гэта зноў такая беларуская наша спецыфіка. Напрыклад, афіцыйныя мовазнаўцы, спадарыня Валянціна Лемцюгова шмат у гэтым кірунку працавала, але не выкарыстоўвала панятак дэкаланізацыі. Гэта, дарэчы, таксама сведчыць пра адарванасць нас ад заходняга канону, еўрапейскага. І гэта таксама ёсць вынікам каланізацыі Расійскай імперыі.

Чытайце яшчэ: Натальля Гардзіенка: «Тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай»

2020 як новы старт працэсу дэкаланізацыі

Напрацоўкі на ніве дэкаланізацыі былі цікавыя, але гэта не татальнае палатно, а рваная такая карціна, я б сказаў.

І тут 2020 год. Гэтая ўся актыўнасць, пратэсная мабілізацыя беларусаў, была нечаканай і непрагназаванай. Але на сімвалічным узроўні яе таксама трэба трактаваць праз гэты канцэпт дэкаланізацыі, бо беларусы і беларускі — заўсёды гэта праяўлялася — былі незадаволеныя ў розных ступенях гэтай навязанай іншай оптыкай, не беларускай, не беларусацэнтрычнай.

Я свой даклад на кангрэсе прысвяціў вузкаму вымярэнню дэкаланізацыі, толькі мове ў мове. Я сацыялінгвіст, і мне важна паказаць, я перакананы ў гэтым, што мы можам эфектыўна прайсці працэс дэкаланізацыі, калі пачаць з мовы. Маё перакананне, што вырашыўшы праблему з мовай, мы вырашаем пытанне будучыні Беларусі. Але тут без усялякай містыкі — я не кажу, што як толькі мы пяройдзем на беларускую, то ўсё адразу і вырашыцца. Не. Трэба працаваць. На гэтым ірваным полі трэба і ў эканамічнай, і ў палітычнай сферы працаваць з канцэптам дэкаланізацыі і такім чынам будзе вынік.

Якраз 2020 год, беларускія падзеі, а пазней украінска-расійская вайна проста актуалізавалі гэты канцэпт, паказалі, што гэта не проста тэрмін кабінетны, тэарэтычны, а ён рэальны. Мы пабачылі, што ідэя пра адзінства славянскіх народаў усходніх — прыцягнуты за вушы канцэпт, ён не працуе.

Каланізацыя і спроба ўкраінцаў дэкаланізавацца, выйсці з-пад гэтага кантролю, навязаць сваё бачанне, стаць суб’ектам, а не проста аб’ектам — гэта ўсё актуалізавала і паказала, што гэты панятак не проста філасофскі, тэарэтычны, а рэальны, мы з ім працуем. Мы цяпер многія апынуліся ў эміграцыі і таксама мы сутыкаемся з досведам польскім, літоўскім, мы глядзім нават на сваю гісторыю іншымі вачыма. У многіх ад гэтага дэпрэсія і канфлікт, што яны жылі ў адным кантэксце, верылі ў адну карціну, намаляваную афіцыйнымі элітамі, Лукашэнкам, рэжымам, а 2020 год паказаў зусім іншае. І тут, я думаю, вельмі важна, што інтэлектуальнае бачанне панятку дэкаланізацыі, якое было да 2020 года, пайшло шырэй, пайшло ў масы.

У адным з нядаўніх інтэрв’ю спадарыня Святлана Ціханоўская заявіла, што трэба пачынаць дэкаланізацыю са сваёй галавы, са сваіх мазгоў, так бы мовіць, толькі тады будзе вынік, са сваіх канкрэтных гісторый. Я вельмі рады, што кабінет Ціханоўскай, ейная каманда працуюць з гэтым паняткам. Плюс шматлікія канферэнцыі, якія адбываліся ў апошнія месяцы ў Польшчы, Літве, Вялікабрытаніі, ЗША, зладжаныя беларусамі, прысвечаныя гэтай тэме. То-бок, гэты панятак зноў важны не толькі нам, універсітэцкім даследнікам і даследніцам, але, як мы бачым, і практыкам, людзям, якія займаюцца практычнымі рэчамі, палітыкай, эканомікай. Таму я вельмі рады, што гэта сышлося, што з кабінетаў, з кніг, тэорый панятак пайшоў на вуліцу гуляць.

Еўрапейскі інерцыйны супраціў

Унутры Еўразвяза ёсць пэўны інтэлектуальны канфлікт, бо раней дэкаланіялізм успрымаўся як класічная мадэль, напрыклад, Францыя і былыя калоніі, Вялікабрытанія і калоніі. І цалкам ігнараваўся такі панятак як унутраны каланіялізм. Панятак, які распрацавалі аксітанскія, правансальскія, каталонскія, французскія сацыялінгвісты. То-бок каланіялізм гэта не толькі «Францыя — Алжыр», «Францыя — Туніс», але і «Францыя — Аксітанія», «Францыя — Брэтань» і інш. Раней французскія калегі не разумелі: як гэта вы апісваеце адносіны Беларусі і Расіі праз прызму калоніі і метраполіі? Ім гэта было дзіва, яны папраўлялі мяне, я папраўляў іх, гэты канцэпт «унутраны каланіялізм» у дачыненні да нашага рэгіёна яны цалкам ігнаравалі. Гэта вельмі важна, што з маргінальнага раней цяпер ён стаў вельмі працоўным.

Але з Украінай гэтае разуменне лепш працуе, мы бачым, як французы ўжо пачынаюць апісваць, перадаваць, ужо адкідваюць гэтую расіяцэнтрычную прызму, напрыклад, пішуць не Кіеў, а перадаюць на сваёй мове: Київ, Львів і г. д. У нас жа ўсё адно застаецца гэтая праблема. Працягваюць запісваць з пасярэдніцтвам расійскай мовы па-ангельску, па-нямецку, французску. Тут яшчэ вялікая праца. Ёсць зрухі, але... Беларусы мусяць узяць гэта ў рукі і паказаць, гэта наша місія, самі французы не зменяць, ці брытанцы, ці немцы. На жаль, часта прыходзіцца казаць: няўжо трэба вайна, каб Захад змяніў сваю візію. Але, на жаль, так працуе. Украінцы да вайны рабілі шмат, яны актыўна працавалі. Але не, у прэсе заходняй іх апісвалі ўсё адно Львов, Харьков... Толькі вайна пачала мяняць гэта.

Беларуская гвалтоўная гісторыя 2020-га і наступных гадоў таксама ў гэтым плане не мяняе Захад, Захад застаецца ў нейкай коме, стрэсе, не сакрэт, што ён быў моцна русафільскім, як мінімум, з вялікай сімпатыяй да Расіі. І цяпер Захад не ведае, што рабіць. Ён па інерцыі працягвае запісваць нас, як было. Канечне, яны пачынаюць мяняцца, але гэта ўсё марудна. Канцэпт унутранага каланіялізму працуе, бо бачна, што паміж гэтак званымі вялікімі культурамі (Расія, Францыя, Нямеччына), не зважаючы на тое, што яны вельмі розныя, ёсць агульнае — яны ўсе былыя метраполіі, і разумеюцца між сабой лепей, чым з малымі ці сярэднімі нацыямі. Але зараз ужо паміж былымі метраполіямі такой салідарнасці няма. Ясна, што гэта працэс доўгі, трэба шмат часу, але зрухі ёсць — раз тэрмін пачаў гучаць і па-за межамі вузкіх навуковых канферэнцый.

Ды і мы працуем, акрамя іншага, рыхтуем шматлікія пераклады розных заходніх аўтараў і аўтарак, якія на гэтую тэму працавалі і працуюць, пішуць пра дэкаланізацыю ці потскаланіялісцкія даследаванні.

Дэкаланізуючы мову: да пытання раманізацыі беларускіх імёнаў і прозвішчаў

Што такое дэкаланізацыя мовы, у тым ліку ў анамастыцы? Гэта «вызваленне, эмансіпацыя і знаёмства свету праз уласную прызму, без пасярэдніцтва іншых культур, моў, краін».

Раманізацыя альбо запіс лацінскім пісьмом беларускага тэксту — сістэма пісьма, прызначаная для транслітарацыі беларускай мовы з кірылічнага алфавіту ў лацінскі алфавіт. «Замест традыцыйнай гістарычнай лацінкі пад уплывам расейскай мовы, каланіялізму з’явілася некалькі метадаў раманізацыі беларускай мовы, якія розняцца між сабою ўжываным зборам літараў і знакаў лацінскага пісьма, дадатковымі правіламі», — зазначае Уладзіслаў Іваноў у сваёй працы.

Метадаў шмат:

— «Міжнародная навуковая сістэма» / Мовазнаўчая мадэль, правілы раманізацыі беларускай мовы, прызнаныя міжнароднай асацыяцыяй славістаў;

— Сістэма ALA-LC, распрацаваная ў 1997 годзе — выкарыстоўваецца Амэрыканскай асацыяцый бібліятэк;

— Сістэма BGN/PCGN — распрацаваная ў 1979 годзе, выкарыстоўваецца пераважна ў ЗША і Вялікабрытаніі для раманізацыі геаграфічных звестак;

— Сістэма ISO 9:1995, таксама ёсць стандартам ГОСТ 7.79-2000, Беларусь + «Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту» /Дзяржаўны камітэт зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі (2000, 2007, 2023) (транслітарацыя з улікам расійскіх назваў беларускай анамастыкі);

— Франкафонная транскрыпцыя (Transcription francophone), Élisabeth Calvarin, «Systèmes français de romanisation», 2009;

— Літоўскія правілы перадачы імёнаў беларускіх;

— І гэтак далей і да таго падобнае. З чаго і вынікае «разнабежыца ў перадачы беларускіх імёнаў і прозвішчаў: Ivanou — Ivanov — Iwanow — Ivanow.

Досвед суседзяў

Дзеля параўнаўчай перспектывы Уладзіслаў Іваноў выкарыстоўвае літоўскі досвед. Літоўская мова мае лацінкавы алфавіт, таму пытанне раманізацыі не паўстае. Аднак у гістарычнай перспектыве перад літоўскай дзяржавай з 1919 года паўстала пытанне ўніфікацыі, летуанізацыі назваў геаграфічных і імёнаў/прозвішчаў і прасоўвання летуанізаваных (замест славянізаваных) варыянтаў: напрыклад, Vilnius замест Vilno, Wilno, Vilnia. Тое ж самае тычылася імёнаў і прозьвішчаў: Biciulewicz — Bičiulis, Blusiewicz — Blusius, Czepulkowski — Čepulis, Czesnulewicz — Česnulis, Cycynski — Cicinas, Dwilewicz — Dvylys.

Jak mianialisia pravily pieradačy imionaŭ bielaruskich u Litvie
Як мяняліся правілы перадачы імёнаў беларускіх у Літве

Праз пашпартызацыю і моўныя законы, якія падтрымлівалі літоўскую мову, была дасягнутая як летуанізацыя тапанімікі і антрапанімікі ўнутры новай краіны, так і прасунуты на міжнароднай арэне літоўскацэнтрычны погляд на гісторыю, геаграфію і культуру. Добрай ілюстрацыяй тут можа быць імя беларускага (паходзіць з Глыбокага) і літоўскага архітэктара, аўтара эскізу бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага, вядомага ў свеце як Klaudijus Dušauskas-Duž.

У міжваенны час у Літве была ініцыянаваная змена прозвішчаў і не добраахвотна, а аўтаматычна, цэнтралізавана. Гэта называлася літуанізацыяй прозвішчаў, бо для ўладаў яны былі гістарычна перакручаныя — палянізаваныя, славянізаваныя: на працягу стагоддзяў праз уплыў царквы ў рэгістрацыі метрык. У канцы 1930-х літуанізацыя імёнаў і ўніфікацыя пашпартызацыі з улікам літоўскай мовы завяршыліся, што сталася мажлівым дзякуючы актыўнай пазіцыі дзяржавы і моцным антыпольскім настроям.

Raznabiežyca ŭ pieradačy lacinkaj bielaruskich imia i prozvišča
Разнабежыца ў перадачы лацінкай беларускіх імя і прозвішча

Pryklad pieradačy litoŭskich imia i prozvišča
Прыклад перадачы літоўскіх імя і прозвішча

Ва Украіне таксама была праблема разнабежыцы, існавання некалькіх мадэляў лацінізацыі ўкраінскіх назваў уласных + тая ж праблема дамінавання расейскацэнтрычнай візіі на ўкраінскую тапаніміку і антрапаніміку.

Пасля 2016-га і асабліва 2022 года пытанне транслітарацыі ўкраінскіх назваў уласных сталася прынцыповым. Праўда, ёсць адна праблема: афіцыйны варыянт украінскай лацінкі распаўсюджваецца фактычна толькі на ангельскую мову — у той час, як ва ўсіх астатніх мовах украінскія ўласныя імёны працягваюць перадавацца па правілах канкрэтнай мовы, што супярэчыць сусветнай практыцы захоўваць адзінае лацінскае напісанне канкрэтнага ўласнага імя ва ўсіх мовах.

Высновы, да якіх прыходзіць Уладзіслаў Іваноў:

— дэкаланізацыя мовы пачынаецца з усведамлення праблемы;

— беларуская лацінка — адзіны рацыянальны механізм выйсця з разнабежыцы, створанай сітуацыяй каланізавання і манапалізавання расійскім бокам, мовай, культурай беларушчыны (нават ва ўмовах адсутнасці палітычнай волі і ўсялякай дзяржаўнай падтрымкі). Хаця менавіта палітычны чыннік вызначае і сілкуе разнабежыцу ў перадачы беларускай анамастыкі на замежныя мовы;

— Праблема раманізацыі беларускіх імёнаў і прозвішчаў мае не лінгвістычныя карані, а палітычныя: кожны, хто мае беларускае імя, мае ў дакуменце і ягоную расійскую версію. На практыцы гэта дзве розныя версіі аднаго і таго ж імя. Таму заходнім СМІ даводзіцца выбіраць паміж транскрыпцыяй расійскай ці беларускай версіі. І па інерцыі СМІ пераважна выбіраюць звыклую і вядомую версію — расійскамоўную;

— Простая тэза «беларуская лацінка ў аснове перадачы не толькі тапанімікі, але і антрапанімікі», сфармуляваная асабліва выразна прафесаркай Валянцінай Лемцюговай і іншымі навукоўцамі ў 1990-я гады, працуе пакуль часткова — у сферы тапанімікі;

— Параўнанне з іншымі мовамі (украінскай асабліва пасля вайны ва Украіне і літоўскай у гістарычнай перспектыве) толькі пацвярджае дзейнасць тэзы Валянціны Лемцюговай.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org