Дзяржаўны лад, сістэма кіравання чалавечым грамадствам пад назвай «дэмакратыя» — выключна еўрапейскае вынаходніцтва. Само слова паходзіць са старагрэцкай мовы праз спалучэнне двух словаў «demos» — народ і «kratos» — улада. Гучыць прыгожа — «улада народу», але як у мінулым, так і ў сучаснасці, як кажуць, «не ўсё так адназначна». Найперш таму, што доўга не было яснасці, каго сярод усёй папуляцыі краіны залічваць да народу. Часта здаралася, што народам з поўнымі дэмакратычнымі правамі была толькі нязначная меншасць ад усіх насельнікаў.
Ва ўсе часы, пачаўшы ад Антычнасці, не бракавала крытыкаў дэмакратыі. Шырока вядомае выказванне Уінстона Чэрчыля з прамовы ў брытанскім парламенце пасля паразы ягонай партыі на выбарах 1947 г.: «Дэмакратыя — найгоршая форма кіравання, калі не лічыць усіх астатніх».
Вялікая кар’ера дэмакратыі
Пасля разгрому таталітарных дзяржаў у Другой святовай вайне, дэмакратыя пачала рабіць вялікую кар’еру, бо ёй кіраваліся самыя багатыя краіны свету. Гэта быў добры прыклад і ўзор для іншых. Адным з найлепшых стала Заходняя Германія (ФРГ), бо за некалькі гадоў з разбуранай, разбомленай і абадранай рэпарацыямі краіны яна пераўтварылася ў край дабрабыту менавіта праз палітычную і эканамічную дэмакратыю.
Парламент ФРГ. Фота: John Macdougall/AFP via Getty Images
Бліжэйшы па часе прыклад — краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы пасля развалу «сацыялістычнага лагеру» у 1989 г. Там таксама літаральна за некалькі гадоў пасля замены планавай цэнтральна кіраванай эканомікі на дэмакратычную вольнарынкавую быў ліквідаваны дэфіцыт тавараў масавага спажывання, крамы запоўніліся харчамі, вопраткай і побытавай тэхнікай на любы густ. А праз два гады пайшоў у нябыт, як шмат каму здавалася, «вечны» СССР.
Пераварот быў ашаламляльны, на вачах развальвалася таталітарная савецкая імперыя, эмоцыі ад прадчування ўсеагульнай свабоды і дабрабыту, захлынулі не толькі паспаліты люд, але і высокалобых інтэлектуалаў.
Фрэнсіс Фукуяма і «Канец гісторыі»
Амерыканскі філосаф Фрэнсіс Фукуяма ў 1989 г. напісаў эсэ «Канец гісторыі?» (яшчэ пад знакам пытання), якое пасля развалу СССР перарасло ў кнігу «Канец гісторыі і апошні чалавек», якая імгненна стала бестселлерам і была перакладзеная больш чым на 20 моваў. Паводле Фукуямы гісторыя развівалася як сутыкненне розных светапоглядаў і палітычных устрояў. А цяпер яна закончылася, бо знікла канкурэнцыя для дэмакратыі. Быў перакананы, што дэмакратыя апануе ўвесь свет.
Фрэнсіс Фукуяма. Ілюстрацыя: imghub.ru
Мінула тры дзесяцігоддзі, ужо ведаем, што Фукуяма памыляўся. Паводле сённяшняй статыстыкі, цалкам дэмакратычнымі сістэмамі кіруецца толькі выразная меншасць з усіх краінаў на свеце, а менавіта — толькі 30 сярод блізка двухсот.
Дэмакратыя ў свеце
Доўгая дарога дэмакратыі
Многім здаецца, што дэмакратыя — рэч надзвычай простая: усеагульнае галасаванне, усеагульныя выбары рознага рангу дэпутатаў. На самой справе, гэта з’ява надзвычай складаная і нават сёння яшчэ не выпрацаваная дакладная яе тэорыя і да канца не вывучаныя механізмы дзеяння.
Многія звыклыя працэдуры, з якіх складаецца народаўладдзе (як, напрыклад, выбар грамадзянамі сваіх прадстаўнікоў — дэпутатаў, усеагульнае выбарчае права), маюць доўгую і складаную гісторыю. Павінна было прайсці некалькі стагоддзяў ці нават больш тысячагоддзя, пакуль людзі дадумаліся да такіх простых рэчаў, як выбар сваіх прадстаўнікоў, дзеля кіравання краінай. Потым прайшлі яшчэ стагоддзі, пакуль тыя працэдуры ўвасобіліся ў рэальнае жыццё. Ці шмат хто ведае, напрыклад, што ў класічна дэмакратычнай Вялікабрытаніі поўнае зраўнанне жанчын ў правах з мужчынамі адбылося толькі ў 1918 г., а ў не менш класічнай швайцарскай дэмакратыі ўвогуле — ажно ў 1972 г.? Таксама мала каму вядома, што ЗША — сённяшняя дэмакратычная краіна, суперджяржава № 1 у свеце, пачыналі сваю незалежную гісторыю зусім не з дэмакратыі.
Перш чым прыйсці да сучасных стандартаў, дэмакратыя прайшла доўгую і няпростую гісторыю, на працягу якой мусіла пастаянна даказваць сваю жыццяздольнасць. Рабіла гэта непарыўна на працягу больш двух тысяч гадоў, пачаўшы ад канца VI стагоддзя на нараджэння Хрыста.
Афіны 5 ст. да н.э. Фота: gremlincom.ru
(працяг будзе)
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Да рэальнай дэмакратычнасці беларусам яшчэ далёка». Палітолаг – пра тое, калі Беларусь «збочыла не туды» і чаму так прыемна ўспамінаць 2019 год