Антычная дэмакратыя можа ацэньвацца па-рознаму, прынамсі з двух пазіцый, а менавіта — па крытэрыях яе эпохі, а таксама паводле сучасных стандартаў. Апошняе робіцца, каб вывучыць значэнне яе вопыту (як тэорыі, так і практыкі) для нашых часоў. Як выглядала палітычнае жыццё грэцкіх гарадоў-полісаў у рэальнасці? Наколькі моцна яно адрознівалася ад палітычных ідэалаў? Пра праблемы і недахопы антычнай дэмакратыі піша Канстанцін Семяновіч.
Палітыка ў Афінах: жорсткая, брудная гульня
Не варта ідэалізаваць дэмакратыю Старажытнай Грэцыі. Рэальнае палітычнае жыццё дэмакратычных гарадоў-полісаў моцна саступала палітычным ідэалам. Праблемы вынікалі як з недахопаў чалавечай натуры, так і з самой канцэпцыі старажытнагрэцкай дэмакратыі.
Народны сход у Афінах. Фота: klike.net
Наўрад ці тагачасныя грэцкія грамадзяне ў большай ступені, чым жыхары сучасных дэмакратый, былі зацікаўленыя агульным дабром, а не прыватнымі інтарэсамі (можа, так і было, але сведчанняў пра тое няма). Палітыка ў Афінах, як і ў іншых полісах, была жорсткай, бруднай гульнёй, падпарадкаванай асабістым амбіцыям. Хоць не існавала партый у сённяшнім іх разуменні, але важную ролю адыгрывалі фракцыі, створаныя на падставе сямейных і сяброўскіх сувязяў. За гучнымі лозунгамі пра агульнае дабро хаваліся фактычныя інтарэсы сямейнага клана і яго прыхільнікаў.
Паводле сучаснага даследчыка: «Абавязак адносна горада можа пераважыць над іншымі ў цяжкія часы. Калі ж няма істотнай пагрозы інтарэсам горада, то нічога не стрымлівае добрага грамадзяніна перад спробай парушэння правоў горада дзеля інтарэсаў уласнай сям’і ці сяброў» (Dahl Robert, Demokracja i jej krytycy. Kraków, 1995).
Напрыклад, вядома, што ў 415 г. да н. э. галоўным персанальным канфліктам у Афінах было суперніцтва паміж Ніцыем і Архібіадэем; і ў пачатку таго года агульны сход грамадзянаў павінен быў асудзіць аднаго з іх на астракізм — дзесяцігадовае выгнанне з горада. Аднак за некалькі дзён да галасавання тыя спрытнюгі згаварыліся разам выступіць супраць трэцяга палітыка Гіпербалея, і ў выніку з горада прагналі апошняга.
Чарапкі для галасавання са Старажытнай Грэцыі. Фота з Вікіпедыі
Не ўсе грамадзяне прыходзілі на агульныя зборы (як і сёння на выбары), палітыкі мабілізоўвалі і збіралі найперш сваіх прыхільнікаў, і менавіта тыя найбольш рэгулярна ў сходах удзельнічалі.
Недахопы грэцкай дэмакратыі адносна сучасных стандартаў
Калі ацэньваць грэцкую дэмакратыю па нашых стандартах, то відаць некалькі важных недахопаў, менавіта канцэптуальных.
Па-першае, старажытнагрэцкая дэмакратыя больш выключала, чым прыцягвала людзей да ўдзелу ў кіраванні. Мяркуйце самі: да кіравання не дапускалася значная частка дарослых жыхароў, а менавіта кабеты, а таксама г. зв. метэкі — людзі, народжаныя ў іншых месцах, хоць здаўна аседлыя ў полісе. Не кажучы ўжо пра тое, што мовы нават не было пра нейкія правы рабоў. Па законе яны з’яўляліся толькі ўласнасцю сваіх гаспадароў. Гэта значыць, дэмакратычныя гарады-полісы былі ў пераважнасці рабаўладальніцкімі супольнасцямі.
Фота: perfumero.livejournal.com
Па-другое, грэкі трактавалі свабоду, роўнасць, палітычныя і чалавечыя правы як атрыбут горада-поліса, а не як універсальныя каштоўнасці. Нават вольныя людзі — грэкі, народжаныя ў суседнім, такім жа полісе (метэкі), пераехаўшы, не маглі разлічваць на атрыманне грамадзянства.
Па-трэцяе, дэмакратыя датычылася адно невялікіх супольнасцяў. Грэцкія гарады-дзяржавы толькі з вялікай цяжкасцю і ненадоўга маглі аб’яднацца дзеля адпору агульнаму ворагу. У выніку ў адзінай дзяржаве іх аб’ядналі захопнікі — македонцы, а пазней рымляне.
Крытыка дэмакратыі ў антычныя часы
Ужо ў антычныя часы сярод саміх грэкаў не бракавала крытыкаў дэмакратыі, у тым ліку сярод знакамітых філосафаў. Напрыклад, Арыстоцель пісаў, што дэмакратыя дае ўладу галоце. У сваёй вядомай працы «Палітыка» пісаў: «Тыранія — то адзінаўладства для карысці пануючай асобы, алігархія кіруе на карысць багацеяў, а дэмакратыя — на карысць убогіх. Аднак ніхто з іх не кіруецца агульным дабром».
Платон асуджаў дэмакратыю як уладу людзей, якія не прыдатныя да кіравання. На яго думку, кіраваць грамадствам павінны кваліфікаваныя людзі — прафесіяналы (тэхнакраты, па сённяшняй тэрміналогіі).
Платон. Фота з Вікіпедыі
Між іншым, Платон дасціпна выказаўся наконт пазбаўлення людзей палітычных правоў паводле крытэрыю палавой прыналежнасці. Пазбаўляць права голаса жанчын, казаў Платон, гэта як прызнаць палітычныя правы лысым і пазбавіць іх усіх валасатых.
Працяг будзе
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org