Рух хіпі ў 1960-х гадах ахапіў шмат краін. Не стаў выключэннем і Савецкі саюз. У Гродне хіпі збіраліся каля помніка Элізы Ажэшкі, называючы гэта месца «у мамачкі». Аператыўныя атрады міліцыі часта прыціналі іх сходы. Каб выказаць сваю нязгоду, 11 жніўня 1971 года хіпі правялі ў Гродне дэманстрацыю, піша Радыё «Harodnia».
Дэманстрацыя хіпі
Ілюстрацыйны малюнак створаны нейрасеткай Midjourney
«Пратэстныя настроі назапашваліся. У самым канцы 1960-х — пачатку 1970-х рабяты часта збіраліся ў лесапарку Пышкі на спеўнай эстрадзе, дзе можна было падключыць апаратуру, пайграць і паспяваць. Але аднойчы туды наляцелі «аператрадаўцы» і ўсіх пастрыглі [літаральна прымусова састрыгалі даўгія валасы — Радыё «Harodnia»]. Пасля гэтага ўсе сказалі - колькі можна маўчаць! Вырашылі ў Гродне правесці акцыю пратэсту», — пісаў у кнізе «Гродно и Гродненцы» краязнаўца Віктар Саяпін.
Да гродзенцаў далучыліся хіпі з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Вільні, Рыгі, Таліна.
Плакаты і лозунгі пісалі на кватэры і складалі ў дрывотні
«Рыхтаваліся загадзя. Плакаты і лозунгі пісалі на кватэры ў Міхаіла Гуленіна. Ён жыў на вуліцы Сацыялістычнай [скрыжыванне з вуліцай Маркса — Радыё «Harodnia»]. Там была дрывотня, там усё складалі».
Удзельнікі дэманстрацыі хіпі Міхаіл Гуленін (справа) і Уладзімір Меджэеўскі (злева). Пачатак 1970-х гг. Фота з архіва Віктара Саяпіна
На плакатах з якімі моладзь планавала выйсці на вуліцу, пісалі: «Рукі прэч ад даўгіх валасоў», «The Beatles forever!», «All you need is love».
Прайшлі па Сацыялістычнай і Савецкай, а на плошчы ўжо чакала міліцыя
Моладзь прайшла шэсцем па вуліцах Сацыялістычнай і Савецкай. Калі яны выйшлі на Савецкую плошчу, там іх ужо чакалі міліцэйскія машыны і аўтобусы. Плошчу перакрылі, а дэманстрацыю разагналі, некаторых нефармалаў затрымалі альбо вывезлі за горад. Некаторыя нават патрапілі ў псіхіятрычную лякарню.
«Па дарозе да нас далучыліся і блатныя, і п’яніцы. Народу сабралося не менш за 300 чалавек, там і бойкі пачаліся, і іншыя эксцэсы», — пісаў Віктар Саяпін.
Удзельнікі дэманстрацыі хіпі Вячаслаў Цэпеногаў і Уладзімір Мельнік. Пачатак 1970-х гг. Фота з архіва Віктара Саяпіна
«Калі мы выйшлі на плошчу, я зразумеў, што запахла палёным. Поўна міліцыі і камітэтчыкаў у грамадзянскім. „Варанкі“. Хтосці аддае загады ў рупар. У рукавах дубінкі гумовыя, але ўжо пару месяцаў як дубінкі былі забаронены», — узгадваў Міхаіл Гуленін у 2003 годзе.
Перад тым, як Гуленіна схапілі і пацягнулі ў машыну, ён паспеў крыкнуць жыхарам балтыйскіх краін, каб збягалі. І ўбачыў, як бацька аднага сябра па прозвішчу Леўто выратаваў хлопцаў і ўпусіў іх у касцёл. Пазней ён выпусціў іх праз іншыя дзверы, якія выходзілі на будоўлю.
Талінец Віру прывёз з сабой баявога пеўня
Адзін з удзельнікаў дэманстрацыі - талінец Віру. Ён прывёз з сабой баявога пеўня, якога вадзіў на ланцужку. У выпадку небяспекі певень хаваўся пад клёшы гаспадара, шырыня якіх дасягала 40 см. На Савецкай плошчы эстонца Віру і яго пеўня затрымалі таксама, але пазней адпусцілі.
Талінец Віру які прывёз баявога пеўня. Пачатак 1970-х гг. Фота з архіва Віктара Саяпіна
«Так званае „сарафаннае радыё“ перадало інфармацыю пра гродзенскую дэманстрацыюі імгненна і яна распаўсюдзілася калі не па ўсім Савецкім саюзе, то па значнай частцы саюза. Бо такіх прэцэдэнтаў не было да тых часоў», — распавядаў Віктар Саяпін у 2016 годзе.
Дарэчы, адзін з удзельнікаў шэсця хіпі, які прыехаў з краін Балтыі, пазней стаў міністрам культуры сваёй краіны.
Дэманстрацыя хіпі
Ілюстрацыйны малюнак створаны нейрасеткай Midjourney
Пры напісанні артыкула выкарыстана інфармацыя з кнігі краязнаўца Віктара Саяпіна «Гродно и Гродненцы», 2017 г.