Калі гарадская шэрасць паглынае і няма на што звярнуць увагу, выратоўваюць хіба што афішы. На слупах, калонах, рэкламных дошках можна ўбачыць праменьчыкі добрага настрою, якіх у пахмурны дзень так патрабуе душа.
Што праўда, афішы здзіўляюць нячаста – часцей на іх пафасны недагламур Стаса Міхайлава спалучаецца з вогненным настроем дэз-металістаў і сціплым крэатывам альтэрнатыўшчыкаў. Але калі гэта адбываецца, заўжды хочацца сцягнуць трапны асобнік і павесіць сабе на сцяну, нібы твор мастацтва.
У межах Чацвёртага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! сёлета стартуе новая намінацыя з простаю назваю – АФІША. Калі вы крэатар постараў і афішаў разнастайных мерапрыемстваў (канцэрты, выставы, культурніцкія, спартовыя, музычныя, літаратурныя вечарыны, тэатральныя пастаноўкі і г.д.), што ўжо адбыліся, вы – патэнцыйны пераможца гэтай намінацыі!
Удзел у намінацыі і ў самім Фестывалі – добрая магчымасць для дызайнераў-пачаткоўцаў быць заўважанымі вядомымі прафесіяналамі ў галіне рэкламы і камунікацыі. Для дасведчаных крэатараў Фестываль AD.NAK! – дадатковая нагода паспаборнічаць з калегамі, пабачыць іх працы і проста быць у трэндзе.
Выбірайце найлепшыя афішы са створаных вамі і дасылайце ў аргкамітэт Фестывалю AD.NAK! Файлы ў фармаце TIFF разрозненнем не меней за 300 dpi можна дасылаць праз раздзел “Падаць работу” на сайце adnak.by альбо праз звычайную пошту на CD/DVD дысках на адрас аргкамітэта: 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Няміга, 5, 3 паверх, частка офіснага памяшкання № 21б, з паметкай «У Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK!».
Больш падрабязнае апісанне патрабаванняў да работы можна знайсці ў раздзеле E. АФІША.
Работы прымаюцца да 3 чэрвеня 2013 года.Удзелу Фестывалі БЯСПЛАТНЫ.
Пры ацэнцы работаў сябры журы Фестывалю AD.NAK! перадусім звернуць увагу на прафесійны ўзровень работы, а таксама на яе арыгінальнасць.
Стваральнікі найлепшых афішаў атрымаюць каштоўныя прызы падчас фестывальнага дня 27 чэрвеня.