“Два Арфеі” ў музеі Броўкі

10 сакавіка ў музеі П.Броўкі адбылася другая сустрэча з цыклу “Таварыства мёртвых паэтаў. Пяць вечароў з Андрэем Хадановічам”.

Адкрытая лекцыя называлася “Два Арфеі: параўнальнае абагаўленне (ГіёмАпалінэр і Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі”. Лектар пажартаваў, што, у адрозненне ад Плутарха з яго параўнаннямі старажытных грэкаў і рымлян, гэтая сустрэча  будзе не толькі “паралельным”, але шмат у чым і “перпендыкулярным” жыццяпісам двух вялікіх паэтаў. Аднак паралелі ўсё-ткі праводзіліся – у біяграфіях, у паэтычных матывах, у творчай манеры французскага і польскага аўтараў. Літаратуразнаўчыя і проста чытацкія развагі чаргаваліся з чытаннем паэтычных перакладаў.

Андрэй Хадановіч чытаў як старыя, раней апублікаваныя пераклады, так і творы, перакладзеныя нядаўна. Напрыклад, апалінэраўскую паэму “Зона”.

Дзякуючы мультымедыям, слухачы маглі слухаць арыгіналы ў выкананні саміх Апалінэра і Галчыньскага, глядзець фатаздымкі і партрэты паэтаў, а таксама карыкатуры на іх.

Апроч лектара, свае беларускія пераклады прачыталі і двое спецыяльна запрошаных гасцей – перакладчык некаторых апалінэраўскіх “каліграмаў” Уладзь Лянкевіч і перакладчыца тэатра Галчыньскага “Зялёная гусь” Марыя Пушкіна.

Напрыканцы лекцыі адбылася ўжо традыцыйная віктарына: Андрэй Хадановіч задаў прысутным шэраг пытанняў, разыграўшы некалькі прызоў ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Цяжка сказаць, ці адбылося анансаванае ў загалоўку “абагаўленне” паэтаў, але саму паэзію “двух Арфеяў” публіка пачула.

Наступная лекцыя “Рэканструкцыя паэта: Мілаш, Шымборска, Герберт” адбудзецца 17 сакавіка.