Пукувер. Сапраўдны і забыты пачынальнік дынастыі Гедыміна

17.01.2024 Гісторыя

Ніхто не ведае, як і калі ў ВКЛ усталявалася дынастыя Гедыміна, але пра яе паходжанне і ўзыход на ліцвінскі трон напрыдумлялі шмат, пачаўшы ўжо ад Сярэднявечча. Асабліва стараліся ворагі крыжакі і маскавіты ў XV–XVI стст. — адмыслова пускалі ў свет «негатыўныя» легенды пра нізкае паходжанне і ўзурпацыю ўлады Віценем і Гедымінам. Кшталту Віцень быў слугой-фаварытам Трайдэна, а пасля яго смерці захапіў трон. Гедымін пачынаў як конюх Віценя ці быў дробным баярынам маскоўскага князя і г. д. Праўда, у той жа Маскоўскай дзяржаве паводле да дробязяў рэгламентаванай баярскай іерархіі Гедымінавічы стаялі вышэй за Рурыкавічаў.

Што насамрэч вядома пра паходжанне дынастыі Гедымінавічаў і чаму яна атрымала такую назву, распавядае Канстанцін Семяновіч.


1_vicien.jpg
Вялікі князь Віцень

У найноўшыя часы навукоўцы таксама шмат папрыдумвалі, ці, кажучы па-навуковаму, прапанавалі версіі без пераканаўчай аргументацыі. У навуковай гістарыяграфіі таксама можна сустрэць меркаванне, што род Гедыміна мог цягнуцца ад вялікага князя Трайдэна, аднак доказаў на тое няма.

Чаму дынастыя атрымала назву Гедымінавічы

Дарэчы, назву дынастыя атрымала чамусьці не ад першага вядомага з крыніц яе прадстаўніка на троне — Пукувера, але трэцяга па чарзе — Гедыміна. Сталася так з некалькіх прычын.

2_gedymin.png
Гедымін. Мастак Ігар Гардзіёнак

Па-першае, Гедымін быў вялікім чалавекам і пакінуў выразны след у сярэднявечных пісьмовых крыніцах.

Па-другое, дзякуючы тым жа крыніцам добра прасочаная далейшая лінія ягонага роду. У польскай гістарыяграфіі род Гедыміна/Пукувера больш вядомы пад назвай «дынастыя Ягелонаў» (яе часам ужываюць і беларускія аўтары-дылетанты), бо менавіта Ягайла — гедымінаў унук, першым з Гедымінавічаў узышоў на польскі трон.

З якіх мясцін выйшла дынастыя

Невядома таксама, з якіх мясцінаў выйшла дынастыя Гедыміна. Выказваліся розныя меркаванні, у тым ліку пра славянскае (беларускае) яе паходжанне. Але вельмі ж адрозна гучаць імёны вялікіх князёў літоўскіх — Міндаўг, Войшалк, Віцень, ад прывычных на Русі Данілаў, Васількаў, Ізяславаў, Уладзіміраў, Усяславаў, Усеваладаў і г. д. Акрамя таго, шырока вядомыя і пацверджаныя факты запрашэння балцкіх кунігасаў на ўсходнеславянскія княствы (як, напрыклад, добра апісаны ў крыніцах нальшанскі князь Даўмонт у Пскове).

madel-pomnika-Daumontu.png
Мадэль помніка князю Даўмонту ў Пскове. 2023 г. Фота А.Сцяпанава

Так што Гедымінавічы, найверагодней, мелі балцкія этнічныя карані, і цалкам верагодна, былі ў сваяцкіх адносінах з родам Міндаўга.

Падставай для версіі пра жамойцкія карані дынастыі стала ўпамінанне ў крыніцах граду (замку) Гедыміна (castrum Gedemini) у Жамойці. Як контраргумент высоўваецца меркаванне, што гэта не родавае ўладанне, а месца ў Жамойці, куды бацька выслаў Гедыміна арганізоўваць абарону ад крыжакоў.

Урэшце, для навукоўца найбольш адпаведным будзе сцверджанне, што паходжанне дынастыі Гедыміна дакладна не высветленае.

Першая згадка пра Пукувера

Першая і адзіная згадка імя таямнічага Пукувера — бацькі Віценя і Гедыміна знойдзеная ў ордэнскай хроніцы Пятра Дусбурга пад 1392 г.: «Pucuwerus rex Lethowie...filium suum Vithenum cum magno exercitu misit versus Poloniam ad terram Bristensem...» (літоўскі кароль Пукувер паслаў свайго сына Віценя з вельмі вялікім войскам у Польшчу ў Брэсцкую (Брэст у Куявах — заўвага аўтара) зямлю).

Занепакоеныя мясцовыя князі звярнуліся па дапамогу да Ордэна. Калі войскі сышліся і шыхтаваліся да бітвы, палякі ўцяклі з поля бою. Крыжакі таксама пачалі адступаць, але толькі коштам дужых стратаў здолелі адарвацца ад ліцвінскага войска.

Вайсковыя поспехі Віценя

У 1294 г. Віцень як сын «ліцвінскага караля» (адсюль вынікае, што ў тым годзе гаспадарыў яшчэ Пукувер) арганізаваў новы паход на Польшчу, а менавіта на Ленчыцкую зямлю. Дусбург прыводзіць некаторыя дэталі з той выправы, з якіх відаць выдатныя вайсковыя здольнасці яе кіраўніка.

Атрад Віценя прайшоў больш за 400 км і захапіў Ленчыцы знянацку ў часе царкоўнага свята, калі ўсе жыхары былі ў касцёле.

4_Замак у Ленчыцы. Малюнак 19 ст..jpg
Замак у Ленчыцы. Малюнак 19 ст.

Разрабаваўшы і спаліўшы горад (на кожнага ліцвіна, паводле храніста, прыходзілася па дваццаць палонных), атрад павярнуў дадому. Адыход войска быў арганізаваны не горш за сам напад. Калі ленчыцкі князь Казімір сабраў войска (1800 чалавек супраць 800 ліцвінаў) і кінуўся ў пагоню, то патрапіў у адмысловую засаду. У роспачнай бойцы Казімір загінуў разам са сваёй дружынай, уратаваўся толькі адзін ягоны рыцар.

На падставе запісу ў хроніцы Дусбурга пад 1296 г. пра «караля Віценя» даследчыкі выводзяць, што каля 1295 г. на чале дзяржавы стаў ужо новы вялікі князь — сын Пукувера Віцень — той самы, які зрабіў дзяржаўным гербам «Пагоню».


Канстанцін Семяновіч, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Прусія: краіна без народа.

Трагічная гісторыя зямлі, якая страціла народ і назву.