Тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука» прааналізаваў статыстыку абарон дысертацый у Беларусі за мінулы год і выявіў даволі нечаканыя факты.
За мінулы год у Беларусі было абаронена 193 дысертацыі па сацыяльна-гуманітарных навуках. Здавалася б, вяртанне да нармальных тэмпаў пасля крызісных 2020 і 2021 года, калі абаранялася каля 150 дысертацый.
Але некалькі цікавых назіранняў: 34 дысертацыі (кожная шостая) — абаронены кітайцамі!
У некаторых дысцыплінах засілле кітайцаў проста крытычнае: з 18 дысертацый па мастацтвазнаўству — 12 абаронены кітайцамі, з 4 дысертацый па культуралогіі — 3 кітайскія.
Пры гэтым некаторыя дысцыпліны знаходзяцца ў крытычным стане, па псіхалогіі за 2022 год абароненая толькі адна дысертацыя.
Рэзка ўпала колькасць абарон па гісторыі, за 2022 год — толькі 12 дысертацый, раней стабільна абаранялася штогод больш за 30 дысертацый.
У той жа час назіраецца вялікая колькасць абароны дысертацый на атрыманне ступеняў кандыдатаў педагагічных навук і дактароў ды кандыдатаў эканамічных навук.
Але самае балючае пытанне — моўнае, — звяртае ўвагу аўтар тэлеграм-канала.
Толькі 20 дысертацый было абаронена на беларускай мове, і гэта ў сацыяльна-гуманітарнай сферы, што ўжо казаць пра тэхнічныя навукі...