Відавочна, што Кітай не першы дзясятак гадоў прасоўвае свае інтарэсы па ўсім свеце. А ў некаторых краінах ажыццяўляе сапраўдную экспансію.
Але не толькі палітэканамічную (дзякуючы звязаным крэдытам, стварэнню прадпрыемстваў, удзелу ў здабычы карысных выкапняў, тэхналагічнай мадэрнізацыі, выкарыстанню палітыкаў).
Асаблівую ролю адыгрывае паступовае накіданне своеасаблівага кітайскага бачання што да функцыянавання грамадскага ладу, у пэўнай ступені змена светапогляднай і каштоўнаснай сістэмы каардынат.
Як заўжды, кітайцы праводзяць экспансію паступова, па ўсіх кірунках, нікуды не спяшаючыся, здзяйсняючы свой план, разлічаны на сотні, калі не на тысячы, гадоў. Адна з такіх праграм на экспарт — сістэма сацыяльнага крэдыту, якая цяпер праходзіць абкатку ўжо ў некалькі дзясятках кітайскіх правінцый.
Сістэма сацыяльнага крэдыту
У сістэме спалучаюцца метады татальнага відэаманіторынгу, распазнавання твару, кантролю за перасоўваннем праз мабільныя тэлефоны і інтэрнэт-трафікам. Кожная асоба ў сістэме атрымлівае рэйтынгавы рахункак адпаведна з наяўнасцю ці адсутнасцю правапарушэнняў, учынкаў, якія можна трактаваць, як асацыяльныя.
Пакуль што далучэнне да сістэмы добраахвотнымае. Напрыклад, у Сучжоў жыхары могуць атрымаць ад 100 да 200 пунктаў да свайго рэйтынгу. Дадаць пункты можна здаючы кроў (5 балаў), своечасова аплаціўшы падаткі і інш.
Адмоўна на рэйтынг уплывае, напрыклад, парушэнне правілаў дарожнага руху.
Акрамя аплаты грашовага пакарання ад вашага «сацыяльнага рэйтынгу» будуць адмінусаваныя пункты. За парушэнне хуткаснага рэжыму — 1 пункт, за пераход дарогі на чырвонае святло — 1 пункт.
Хаця ўлады Сучжоў дэкларуюць, што адмовіліся ад аўтаматычнай сістэмы паніжэння рэйтынгу, але вядома, што інфармацыя аб колькасці камераў з функцыяй распазнавання твару засакрэчаная.
Дадзеных наконт мераў уздзеяння ў дачыненні да ўдзельнікаў сістэмы пакуль няшмат. Вядома, што сістэма стварае так званыя «чорныя спісы».
Асабліва гэта тычыцца падсудных, чый адмоўны рэйтынг ужо ўлічваюць суды пры вынясенні пакаранняў. Якія для асобаў з вялікай колькасцю дробных парушэнняў, зарэгістраваных у сістэме, больш строгія. Таксама вядомыя факты, калі ў некаторых рэгіёнах дзяцей выключалі са школаў за нізкі сацыяльны рэйтынг бацькоў.
Пакуль што пра факты пазбаўлення права на вольнае перасоўванне па краіне, якімі палохалі праваабаронцы, вядома няшмат. Але дэ-юрэ такія захады цалкам магчымыя, напрыклад, у выпадку нізкага рэйтынгу з-за нявыплачаных банкаўскіх пазыкаў. Што цяпер з’яўляецца адной з асноўных прычынаў нізкага рэйтынгу для ўдзельнікаў сістэмы.
Эксперты адзначаюць, што на практыцы чыноўнікі больш палохаюць уключэннем у чорныя спісы, чым сістэма рэальна функцыянуе. Калі збіраць інфармацыю ў кітайцаў атрымліваецца добра, то апрацоўваць — нашмат горш. І гэта пры колькасці ўдзельнікаў да 10% ад насельніцтва гарадоў, дзе праводзіцца эксперымент.
Пандэмія як новая нагода для экспансіі
У 2020 годзе пандэмія і яе наступствы далі нагоду па-новаму зірнуць на сістэму сацыяльнага крэдытавання і яе асобныя элементы. Праграма кантролю за перасоўваннем жыхароў прадэманстравала сваю эфектыўнасць амаль ва ўсіх рэгіёнах КНР. Дата-цэнтры працавалі на ўсю моц пры апрацоўцы інфармацыі з мабільных тэлефонаў, на якіх адмысловыя праграмныя прылады сачылі за знаходжаннем уласніка.
Сістэма настолькі добра сябе зарэкамендавала, што была выкарыстаная нават у шэрагу краінаў «заходняга свету». Кітайскія распрацоўкі, якія сачылі за грамадзянамі падчас ізаляцыі, вызначалі грашовыя транзакцыі дзякуючы аб’яднанню з банкаўскімі сістэмамі, кантралявалі перасоўванне дзякуючы камерам і дронам, прымяняліся ў Польшчы і Аўстраліі. Як адзначаюць праваабаронцы, пандэмічныя абмежаванні пашырылі гарызонт успрыняцця грамадзянамі абмежаванняў асабістых свабодаў з боку ўладаў. Грамадства стала менш крытычна ўспрымаць прымяненне тэхналогіяў для збору асабістай інфармацыі.
На думку экспертаў, існуе небяспека, што, фактычна прыняўшы «кітайскую мадэль» стаўлення да свабодаў, дзяржавы будуць мець спакусу пашырыць прымяненне лічбавага кантролю ў палітычных мэтах, незалежна ад існавання пандэмічных пагрозаў.
Лічбавы шоўкавы шлях
Можна ўпэўнена сказаць, што падзеі, звязаныя з пандэміяй, істотна паспрыяюць рэалізацыі экспарту праграмы па забяспечанні бяспекі з прымяненнем штучнага інтэлекту. Ён мае сімвалічную назву — Лічбавы шоўкавы шлях.
У праект ужо ўклалі мільярдаў даляраў ЗША крэдытаў і інвестыцый у 80 краінах: у сеткі тэлекамунікацый, мабільныя плацежныя сістэмы і такія падпраекты, як разумныя гарады, электронны ўрад, разумная адукацыя, лічбавае здароўе і іншыя ініцыятывы ў галіне вялікіх дадзеных.
І хаця кітайскі флагман у вытворчасці тэхналагічнай прадукцыі двайнога прызначэння Huawei мае не зусім станоўчы досвед дачыненняў з заходнімі краінамі, экспансійныя памкненні кітайцаў развіваюцца і ў гэтым кірунку.
Адзін з істотных праектаў, з відавочным эканамічна-стратэгічным падмуркам — аўстралійскі Дарвін.
Яшчэ ў 2019 годзе кіраўніцтва горада падпісала з кітайскімі кампаніямі пагадненні аб рэалізацыі праграмы «Бяспечны горад» на поўначы Аўстраліі.
Варта адзначыць, што штат Паўночная тэрыторыя з’яўляецца адным з самых крымінальных, калі ідзе гаворка пра злачынствы, звязаныя з гвалтам. Гэта мясцовасць з аднымі з самых суровых умоваў на планеце: высокія тэмпературы з экстрэмальнай вільготнасцю дазваляюць тут займацца толькі здабычай карысных выкапняў. Вялікую колькасць насельніцтва тэрыторый складаюць эмігранты і абарыгены, што ёсць вельмі небяспечным этнічным кактэйлем.
Перспектывы таго, што дадзеныя аб грамадзянах Аўстраліі і інфармацыя аб функцыянаванні дзяржаўных установаў, у тым ліку паліцыі і судоў, можа трапіць да кітайскіх дата-цэнтраў, у пачатку абмеркавання перспектываў рэалізацыі праграмы вельмі напужала праваабаронцаў і грамадства. Але аўстралійскія чыноўнікі нездарма навучаліся ў Кітаі ў межах падрыхтоўкі да ўсталявання сістэмы.
У прэсе неаднаразова падкрэслівалася, што хаця кітайскія камеры і праграмнае абсталяванне маюць функцыі распазнавання твараў, гэтая функцыя прымяняцца ў Дарвіне не будзе.
Але грамадства ўжо было пратэставанае на ўспрыманне новай парадыгмы суіснавання з дзяржавай, якае ўвесь час пашырае свой уплыў. Цяпер — і на прыватную ананімнасць.
І праз некалькі месяцаў былі пачатыя адразу некалькі праектаў у больш буйных гарадах. І гэтым разам з прымяненнем распазнавання твараў. Нягледзячы на крытыку з боку праваабаронцаў і часткі навукоўцаў. Напрыклад, адзін з чыноўнікаў з амерыканскага Сан-Францыска пасля прыпынення падобнай праграмы падкрэсліваў:
«Калі людзі ведаюць, што за імі сочаць ва ўсіх аспектах грамадскай сферы, на вуліцах, у парках, — узнікае псіхалагічна нездаровая сітуацыя».
Акрамя маральнага аспекту прымянення тэхналогій, падобных на кітайскія і наўпрост кітайскіх, новы аўстралійскі кабінет міністраў задумаўся наконт нацыянальнай бяспекі. Палітыкі вырашылі зноў абмеркаваць пакупку порта кампаніяй з дзяржаўным кітайскім капіталам. Зусім не выпадкова аказалася, што гэта порт Дарвіна.
Відавочна, што за каштоўнаснай і тэхналагічнай экспансіяй КНР крочыць эканамічная, а далей, магчыма, — і ваенна-палітычная. Бо Дарвін — стратэгічна істотны пункт на мапе рэгіёна, які за апошняе дзесяцігоддзе ператварыўся ў сапраўдную зону сутыкнення першых геапалітычных у свеце гульцоў.
Лічбавая дыктатура ўжо побач
Праваабаронцы сцвярджаюць, што некантраляваныя тэхналогіі па зборы інфармацыі аб грамадзянах, а тым больш стварэнне адмысловых рэйтынгаў для ацэнкі іх лаяльнасці, пазбаўленне правоў на іх падставе маюць не толькі небяспеку з боку маралі і правоў асобы, але і пагражаюць дыфузіі светапогляду сучаснай чалавечай супольнасці ў бок лічбавай дыктатуры.
Асабліва пагрозліва выглядае некантраляванасць гэтых працэсаў праз засакрэчанасць тэхналагічных распрацовак, няпэўнасці мэтаў і невядомых магчымасцяў штучнага інтэлекту.
Спецыялісты прыводзяць прыклад не самага таталітарнага грамадства — амерыканскага, дзе збор інфармацыі аб грамадзянах у камерцыйных мэтах маркетынгавымі агенцыямі, а цяпер і сацыяльнымі сеткамі, дасюль не рэгулюецца ў дастатковай ступені, каб пазбегнуць парушэння правоў людзей на ананімнасць прыватнага жыцця. У выніку базы аб спажывецкіх перавагах пакупнікоў, інфармацыя з сацсетак сталі добрым таварам для рэкламных кампаній і рэтэйлераў. Абмежавальныя меры падчас пандэміі і рэакцыя на іх грамадства прадэманстравалі, што нават у краінах заходняга свету людзі не заўжды гатовыя супрацьстаяць відавочнаму парушэнню правоў, а дзяржаўныя службы гатовыя да такіх сцэнараў. Што можа быць сігналам для канчатковага ўсталявання лічбавай дыктатуры ў выпадку з’яўлення іншых істотных выклікаў для грамадстваў, паўтарэння сцэнараў, падобных да пандэмічнага.
Як дэманструе кітайскі досвед, тэхналогіі ўжо ёсць, пакуль застаюцца пытанні з апрацоўкай вялікай колькасці інфармацыі, але, здаецца, і гэтая праблема хутка можа быць вырашаная.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by