Сёлета ўлады Беларусі ўключылі тэлеграм-канал грамадскай арганізацыі Беларускі інстытут публічнай гісторыі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Акадэмічны дырэктар Інстытута Аляксей Ластоўскі расказаў Budzma.org, як яны адрэагавалі на гэта, чым займаецца арганізацыя і якіх рэсурсаў не хапае для працы.
Аляксей Ластоўскі
«Адразу адпісалася некалькі соцень чалавек, але ж і столькі ж падпісалася»
Беларускі інстытут публічнай гісторыі быў зарэгістраваны ў Варшаве як грамадская арганізацыя 4 ліпеня 2024 года. Галоўная мэта Інстытута — стварэнне погляду на мінулае без аўтарытарных і ідэалагічных установак, захаванне памяці пра трагічныя перыяды гісторыі Беларусі, фармуляванне бачання на складаныя і неадназначныя тэмы гісторыі Беларусі.
28 лістапада 2024 года суд Партызанскага раёна ўключыў тэлеграм-канал арганізацыі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Адрэагавалі на гэта спакойна, таму што было чакана, — кажа Аляксей Ластоўскі. — Калі мы засноўвалі Інстытут, то адразу была абрана стратэгія, што нам вельмі важна і прынцыпова адстойваць гістарычную аб’ектыўнасць. Відавочна, што зараз для беларускай дзяржавы гісторыя з’яўляецца адным з важных прыярытэтаў для прапагандысцкай апрацоўкі насельніцтва. І любая ініцыятыва, якая б узялася супрацьдзейнічаць такім маніпуляцыям, адразу выкліча негатыўную рэакцыю з боку беларускай дзяржавы. Гэта намі прадугледжвалася, таму мы спакойна да гэтага паставіліся, прынялі пэўныя меры бяспекі, каб гэта не ўдарыла персанальна па людзях».
У тым ліку каманда Інстытута папрасіла падпісантаў з Беларусі адпісацца ад тэлеграм-канала.
«Але я думаю, што ўсе, хто чытаў яго, разумелі, што рабіць гэта ў Беларусі небяспечна. Адразу ад нас адпісалася пару соцень чалавек, але паколькі ў навінах пра гэта напісалі, то яшчэ столькі ж, нават крыху больш, падпісалася на наш тэлеграм. Таму па сутнасці гэта мала на што паўплывала», — кажа ён.
Аляксей лічыць, што ў беларусаў унутры краіны каналы доступу да інфармацыі Інстытута ёсць, бо яго складана абмежаваць у эпоху інтэрнэту.
«Можна надаваць «экстрэмісцкія статусы», але заблакаваць вялікія сегменты інтэрнэту немагчыма, — упэўнены ён. — Таму цяпер вялікі росквіт ютуб-каналаў па гісторыі. Я думаю, што ў досыць цікавым кірунку ідзе развіццё гістарычнага кантэнту ў Вікіпедыі, дзе можна працаваць па стандартах гістарычнай навукі. Канечне, істотна змянілася ў гэтым сэнсе праца незалежных СМІ, якія шмат сталі працаваць з гістарычным матэрыялам. Сябры нашага Інстытута шмат даюць інтэрв’ю медыя, да іх звяртаюцца. Але ж і сам гістарычны кантэнт у медыя стаў дастаткова сур’ёзным, гучаць важкія і грунтоўныя контраргументы беларускай прапагандзе. Пры жаданні заўсёды можна знайсці іншы погляд на гісторыю Беларусі. Дзяржаўнай прапагандзе куды складаней, гэта не тыя часы, калі не было інтэрнэту».
«Займелі падтрымку на даследаванне па вывучэнні беларускіх падручнікаў па гісторыі»
Аляксей Ластоўскі расказвае, што існуе шмат праектаў, якія плануюць рэалізаваць у Інстытуце, але паўстае пытанне, дзе знайсці фінансавую падтрымку на рэалізацыю.
«Цяпер працуем над падрыхтоўкай заявак і фінансавым забяспячэннем на будучыню, каб мы, прынамсі, маглі разгортваць працу. Развіваецца ў нас «гістарычная дыпламатыя»: удзел розных экспертаў у мерапрыемствах, якія прысвечаны гістарычнаму дыялогу паміж краінамі. Мы падрыхтавалі некалькі панэляў на буйных навуковых і экспертных мерапрыемствах у Варшаве, таксама рыхтавалі гістарычную дыскусію на беларуска-ўкраінскім форуме імя Астрожскіх у Кіеве. І яшчэ адбылася сустрэча беларускіх, украінскіх і польскіх гісторыкаў у Аўгустове, дзе абмяркоўвалі магчымасці супрацы. Стараемся актыўна менавіта ўдзельнічаць у наладжванні дыялогу паміж гісторыкамі розных краін.
Мы займелі падтрымку на даследчы праект па вывучэнні беларускіх падручнікаў па гісторыі. Бліжэйшым часам правядзем публічную прэзентацыю вынікаў гэтага даследавання», — расказвае ён.
Ці складана было зарэгістраваць Інстытут у Польшчы?
«Мы не мелі ў гэтым досведу, давялося павазіцца, — кажа Аляксей. — З першай спробы атрымаць дакументы не змаглі, было некалькі фармальных заўваг, дапрацоўвалі. Сам працэс з моманту падачы дакументаў заняў 3-4 месяцы. Дапамагалі з афармленнем некалькі ініцыятыў, бо трэба было ўсё зрабіць па польскім заканадаўстве. Калі ёсць такая дапамога, то праз рэгістрацыю рэальна прайсці».
«Ёсць пэўны дэфіцыт гісторыкаў, напрыклад, тых, хто займаецца тэмай Другой сусветнай вайны»
У Інстытуце ёсць актыў, які працуе рэгулярна, — гэта сам Аляксей і Ігар Станкевіч (старшыня праўлення, журналіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій), а таксама яшчэ два чалавекі, якія займаюцца падрыхтоўкай праектаў.
«Ёсць Рада, якая прымае стратэгічныя рашэнні, туды ўваходзіць 20 чалавек, — расказвае Аляксей. — Магло быць і куды больш, але прынялі абмежаванне па колькасці чальцоў, бо час ад часу Раду трэба збіраць, і было б складаней вырашаць пытанні з кворумам. Ёсць шмат гісторыкаў у эміграцыі, якія хочуць далучыцца да нашай працы. Пакуль мы абмеркавалі, як гэта зрабіць тэхнічна, сапраўды ёсць магчымасць афіцыйна стаць сябрам Інстытута, але пакуль разлічваем на тое, што калі будуць фінансава падтрыманыя праекты, то тады паступова зможам уцягваць іншых людзей у нашы актыўнасці. Пакуль што гэта праца пераважна ідзе на будучыню, на развіццё Інстытута, каб зрабіць з яго ўстойлівую структуру».
Акрамя фінансавых рэсурсаў, арганізацыі не хапае спецыялістаў.
«Ёсць у нас вялікая праблема з гісторыкамі, якія займаліся б тэмай Другой сусветнай вайны. Але магу сказаць, што і ў самой Беларусі ёсць дэфіцыт на навуковыя даследаванні, таму што пры ўсіх тых намаганнях, якія былі ўкладзеныя ў раскрутку памяці пра вайну, падкрэсліванне яе значнасці, прафесійнага вывучэння гістарычных тэмаў вельмі мала.
Няма даследчых манаграфій нават па самых прынцыповых пытаннях. Пераважна перадрукоўваюцца ранейшыя, яўна састарэлыя працы, да якіх ёсць шмат заўваг», — падсумоўвае Аляксей.
Агата Мурашка, Budzma.org