Рым, Мілан, Падуя, Балонья і іншыя гарады — фільм «Пад шэрым небам», натхнёны гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, сёлета не толькі працягвае свае шэсце па фестывалях, але таксама займеў пракат у Італіі. Героі стужкі размаўляюць на італьянскай (быў зроблены прафесійны дубляж кіно), а італьянскі глядач з вялікай цікавасцю і павагай сустракае стваральнікаў польска-беларускага кіно на паказах. Як стаўся магчымы пракат польскай стужкі, прысвечанай беларускай тэме, у паўднёвай краіне? Што ведаюць італьянцы пра сучасную Беларусь? І як публіка ўспрыняла фільм, якая расказвае на жаль, пра далёка не апошнюю дыктатуру ў Еўропе?
Фота: сацсеткі Мары Тамковіч
Reform.news не здолеў прапусціць цікавую старонку ў біяграфіі карціны «Пад шэрым небам» і распытаў аўтарку кінатвору Мару Тамковіч пра «складанасці перакладу» на італьянскую яе дэбютнага фільма.
«Зала на 500 месцаў была запоўнена літаральна цалкам»
— Мара, як так сталася магчымым, што «Пад шэрым небам» трапіў у італьянскі пракат?
— Італьянскія пракатчыкі — фірма Invisible Carpet — арганізавалі шэсць незалежных паказаў у розных гарадах Італіі пасля прэм’еры маёй карціны на Турынскім фестывалі, дзе, дарэчы, «Пад шэрым небам» атрымаў Спецыяльную згадку. Але, адзначу, што італьянская дыстрыб’ютарка пабачыла стужку ў партфолія агента продажу Loco Film падчас маркета ў Канах яшчэ ў траўні.
Мара Тамковіч на Турынскім кінафестывалі. Фота: сацсеткі фестываля
Тур нашай карціны па Італіі суправаджаўся сустрэчамі са стваральнікамі кіно, а таксама на частку сустрэчаў пасля паказаў арганізатары запрашалі і іншых гасцей — пераважна, італьянскіх журналістаў, якія пацярпелі з-за сваёй прафесіі альбо працуюць у гарачых кропках, прадстаўнікоў і прадстаўніц журналісцкіх арганізацый. Такім чынам арганізатары ўпісалі нашу беларускую павестку ў шырэйшы кантэкст — кантэкст важнасці ў прынцыпе незалежнай журналістыкі і пагрозы, якія перед журналістыкай стаяць. На двух паказах ды сустрэчах была таксама Даша Чульцова.
— Ок, давай тады «адматаем назад» і не абмінем увагай фестываль у Турыне. Ці сталася для цябе ўвогуле сюпрызам тое, што Турынскім фестываль звярнуў увагу на «Пад шэрым небам»? Усё такі гэта іншы рэгіён са сваімі праблемамі, выклікамі, парадкам, і яны выбіраюць твой фільм, у якім гаворка ідзе пра цалкам іншыя рэаліі?
— Арганізатары звярнулі ўвагу на нашу карціну яшчэ ў лютым 2024-га. Было прыемна пачуць, што ўся каманда не мела на конт яе аніякіх сумневаў і адразу разглядала як патэнцыяльнага кандыдата ў конкурсную праграму. Яны нават зрабілі для нашай стужкі выключэнне — і задаволіліся еўрапейскай прэм’ерай, хоць згодна іх правілам, гэта мусіць быць сусветная ці міжнародная прэм’ера. Прычым, гэта падтрымка праграмераў адчувалася падчас усяго фэсту — у тым, як прэзентавалася карціна ў анонсах, па тым, што «Пад шэрым небам» узгадваўся сярод, так скажам, «must see» кінафоруму. На нашым паказе ў Турыне зала на 500 месцаў была запоўнена літаральна цалкам — людзі сядзелі ў першым шэрагу. Я, канешне, была вельмі ўражана. Вышла шмат італьянскіх рэцэнзій у розных медыя, а таксама шэраг інтэрв’ю і іншых матэр’ялаў пра фільм.
Мара Тамковіч на сесіі пытанняў і адказаў пасля паказу стужкі на Турынскім кінафестывалі. Фота: сацсеткі рэжысёркі
Варта тут адзначыць таксама працу нашай дыстрыб’ютаркі Стэфаніі Рэф’ёрды з Invisible carpet, якая садзейнічала ўвазе да фільма, і потым зладзіла ўжо незалежны пракат для стужкі.
«Пакаленне маіх аднагодак абсалютна не мае такога досведу»
— Наколькі блізкай аказалася гісторыя беларускіх журналістаў, расказаная ў фільме, італьянскай публіцы?
— Пасля фільма было шмат пытанняў ад гледачоў — прычым тых, якія таксама паказвалі, што ўсё ж такі ступень разумення кантэксту ў Італіі не такая, як, скажам, у Польшчы. Пры гэтым адчувалася, што людзям гэты кантэкст цікавы, яны хочуць яго разумець, іх кранала гісторыя герояў.
Калі казаць у цэлым, то ў залежнасці ад горада цікаўнасць была рознай.
— На што звяртала ўвагу італьянская публіка? Журналісты?
— Ведаеш, мне складана даць такую агульную адзнаку рэакцыі італьянскіх гледачоў.
Рэцэнзіі, з большага, былі станоўчыя — фільму давалі тры з паловай-чатыры балы з пяці. Гэта найбольш папулярная адзнака. Некаторыя рэцэнзенты адзначалі акторскую працу, хтосьці больш засяроджваўся на тэме і пісаў, што гэта стужка звяртае ўвагу на Беларусь — краіну ў далейшай Еўропе, дзе да гэтай пары пануе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, але інфармацыя пра яе сышла з першых старонак газет.
Хтосьці, памятую, з публікі пытаўся: «Як вам удалося зняць гэту карціну ў Польшчы? Там жа складаная сітуацыя з правамі чалавека». То-бок па гэтым пытанні было бачна, што людзі проста не ўяўляюць што адбываецца ў Беларусі. Яны ведаюць толькі пра экстрымальныя выпадкі — скажам, пра пасадку самалёта з Раманам Пратасевічам — але ягоны далейшы лёс і цяперашняя функцыя ўжо нікому не вядомыя. Можна сказаць, што наша рэчаіснасць для італьянцаў — гэта космас.
Постар дя фільма «Пад шэрым небам» на Турынскім фэсце
Трэба разумець, што гэта людзі, якія даўно не перажывалі аўтарытарных, дыктатарскіх рэжымаў. Пакаленне маіх аднагодак абсалютна не мае такога досведу. Таму і надзвычай важна, каб такія рэчы даходзілі, прамаўляліся на агульначалавечай мове эмоцыяў, перажыванняў, што можа стаць потым падмуркам, каб зразумець больш нашу частку свету.
Дарэчы, шмат хто пытаўся пра песню, якая гучыць у кіно — «Я нарадзіўся тут» Лявона Вольскага. Яна многім прыйшлася даспадобы.
«Прынамсі, я адчула вялікую павагу да майго аўтарскага стылю»
— Мара, хачу заўважыць, што твой фільм быў перакладзены на італьянскую мову. Я бачыла трэйлер на італьянскай — гэта было адначасова вельмі кранальна, і ў той час вельмі незвычайна. Якім для цябе стаўся гэты досвед?
— Так, наша стужка, прынамсі, у частцы паказаў у межах італьяскага туру дэманстравалася з італьянскай агучкай. Шчыра скажу, што для мяне як для аўтаркі, якая любіць кантраляваць увесь працэс ад «А» да «Я», гэта, канешне, вялікае выпрабаванне. Ясна, што ў італьянскай агучцы фільм гучыць крыху інакш, але гэта трэнінг прыняцця (усміхаецца). Так глядзяць кіно італьянцы, і трэба разумець, што такія рэчы будуць адбывацца. Хоць для мяне першы прагляд быў вельмі няпростым досведам.
Дарэчы, падчас сустрэч у Рыме, і ў Мілане, на якіх была Даша Чульцова, таксама глядзелі італьянскую версію. Для яе гэта таксама быў цікавы досвед.
— Цябе засмуціў італьянскі тэмперамент?
— Прынамсі, я адчула вялікую павагу да майго аўтарскага стылю — да стылю вельмі стрыманага акторства, які я намагалася ў фільме захаваць. Італьянская акторка, якая агучвала голас галоўнай гераіні, Лены, намагалася максімальна захаваць маю акторскую інтэнцыю. У прынцыпе як і актор, які агучваў Ілью. Дыялогі гучаць адметна, але нельга сказаць, што акторы дубляжу абсалютна змянілі рэжысёрскі пасыл. Там, дзе я намагалася застацца стрыманай, я бачыла, што акторы ў меры магчымасцяў мовы і тэмпераменту, спрабавалі адлюстраваць таксама маё рэжысёрскае бачанне. Парадаксальна, але ў мяне было больш пытанняў на конт тэхнічных рэчаў — у некаторых сітуацыях мне падавалася, што за кошт рэбалансу гукау некаторыя эфекты пагубляліся. Але зноў-такі гэта пытанне прыняцця таго, што пэўныя рэчы выходзяць па-за прастору майго камфорта і кантроля.
Улічваючы, што «Пад шэрым небам» можна далучыць да катэгорыі арт-хауснага кіно, я ўвогуле вельмі радая, што знайшлі сродкі на агучку. Усё ж такі наяўнасць такой версіі — істотная. Дарэчы, у межах італьянскага тура адзін кінатэатр выбраў паказаць кіно з тытрамі, бо гэта іх палітыка. Але наяўнасць агучанай версіі карціны, канешне, адкрывае значна больш шырокія магчымасці ў перспектыве.
«Я ўнутрана не была гатова да таго, што яго затрымаюць»
— Мара, яшчэ адзін момант. Хачу заўважыць, што з часу, скажам, перамогі тваёй стужкі на Гдыньскім фестывалі польскіх фільмаў у катэгорыі «Найлепшы дэбют» і бягучымі паказамі, у тым ліку, італьянскімі, здарылася такая рэч, як затрыманне Ігара Ільяша, які кансультаваў цябе падчас стварэння стужкі. Уласна, яго гісторыя, як і гісторыя Каці Андрэевай інспіравала цябе на стварэнне кіно. Як ты асабіста ўспрыняла гэта затрыманне?
— Кожны раз, пачынаючы з першага прэм’ернага паказу кароткага метра «У жывым эфіры», мая сустрэча з гледачамі пачыналася з навін — я мусіла даць абноўленую інфармацыю наконт Кацярыны. Гэта быў апдэйт у сумны бок — я дадавала, што Каце Андрэевай павялічылі тэрмін зняволення да 8 гадоў і 3 месяцаў. І цяпер, што вельмі балюча, падобная сітуацыя паўтараецца і з «Пад шэрым небам»: пасля кожнага паказу я абавязкова згадваю і падкрэсліваю, што цяпер і Ігар таксама за кратамі, яго чакае суд па крымінальным арыкуле.
Канешне, я цяжка гэту навіну ўспрыняла. Цяжка, сумна.
Сутрэча падчас італьянскага пракату пасля паказу ў Польскім інстытуце ў Рыме. Злева направа: журналіст Паола Бараметы, дырэктар італьянскага журналісцкага агенцтва AGI, які жыве пад аховай за неаднаразовыя і сур’ёзныя пагрозы і напады з боку мафіёзных груповак; аператарка, журналістка Дар’я Чульцова; кінарэжысёрка Мара Тамковіч; журналіст Стэфанія Батысціні, карэспандэнт TG1, якая жыла пад аховай з таго часу, як на яе быў перададзены запыт расійскіх уладаў аб арышце і экстрадыцыі. Фота: інстаграм Ciakpolska
— У цябе не было адчування, што Ігар быў гатовы да таго, што яго затрымаюць? Бо гэты момант асабістага выбрау таксама адбіваецца і ў цябе ў фільме.
— Ведаеш, я зноў-такі не хачу казаць ад імя Ігара, але з нашых папярэдніх размоваў з ім вынікала, што прымаючы рашэнне пра тое, каб застацца ў Беларусі, ён абсалютна ўсведамляў сабе верагоднасць, што яго таксама затрымаюць. Ігар занадта разумны чалавек, каб такіх рэчаў не прымаць да ўвагі і спадзявацца на цуд. Ён разумеў, што так можа быць, і думаю, што быў да гэтага падрыхтаваны. Спадзяюся, што яго ўнутраная падрыхтоўка таксама дазваляе яму трымацца ў гэтых акалічнасцях, і пераносіць іх настолькі нармальна, наколькі гэта магчыма. Я ўнутрана не была гатова да таго, што яго затрымаюць — зразумела гэта ў той момант, калі яго затрыманне пацвердзілася. Аказалася, што быць падрыхтаванай — гэта не пра мае перажыванні. Але я лічу, што наш фільм зараз — гэта спосаб не губляць увагі з гэтай справы. Спосаб надалей распавядаць свету пра краіну ў далейшай Еўропе, дзе працягваюцца рэпрэсіі.
***
Вытрымкі з рэцэнзіяў італьянскай прэсы:
Sentieriselvaggi.it:
«Фільм Мары Тамковіч, з яго цяжарам грамадзянскіх абавязкаў, прыносіць з сабой задушлівы боль, які, здаецца, перагукаецца з фільмам Агнешкі Холанд. Кіно, якое прыйшло да нас з межаў Еўропы, з гісторыямі, якія мы не хацелі б бачыць, але якія не можам ігнараваць».
Filmpost.it:
«Фільм Мары Тамковіч расказвае гісторыю, дзеянне якой адбываецца ў пэўным месцы і ў пэўны момант, але пасланне кіно — універсальнае і размяркоўваецца на ўсе шыроты і эпохі як тэрміновы напамін пра важнасць той журналістыкі, якая дакументуе, нягледзячы на яшчэ больш сур’ёзныя рызыкі. А той факт, што гісторыя Лены натхнёная рэальнай гісторыяй беларускай журналісткі, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў турме за тое, што мела смеласць агучыць усё, што рэжым хацеў задушыць, надае стужцы яшчэ большую каштоўнасць. Форма, у якой Тамковіч інсцэнуе гэтую аповесць, максімальна істотная».
Taxidrivers.it:
«Кіно, у якім мы адчуваем патрэбу, простае і прамое, у заблытаную, непрадказальную эпоху, з патэнцыйна канчатковымі наступствамі. Кен Лоўч напэўна ўхваліць».
Corriere.it:
«Выдатны ў першай частцы, «Пад шэрым небам» у другой палове становіцца псіхадрамай, аднак пацвярджае мяжу паміж грамадзянскімі абавязкамі і палітычным выкрыццём, што робіць твор годным асаблівай увагі».
Repubblica.it:
«Жывое і трывожнае сведчанне, больш актуальнае, чым некалі, аб тым, як палітычныя сістэмы, заснаваныя на сацыяльным кантролі, душаць цэнзурай і прымусам любыя спробы расказаць і задакументаваць рэальнасць. Магчымасць глыбока задумацца аб тым, што можа зрабіць кожны грамадзянін, аб тым, што можа зрабіць мастацтва, і аб тым, як кіно ўсё яшчэ можа перадаваць адчуванні і атмасферу, займаючы пэўную пазіцыю».