Ягайла і Вітаўт, сябры дзяцінства, пераўтварыліся ў ворагаў, калі падраслі, атрымалі ад бацькоў у кіраванне ўдзелы-княствы ды паспрабавалі на смак уладу. Яна аказалася кшталту наркотыка, да якога лёгка трапіць у залежнасць і вельмі цяжка пазбавіцца (асабліва калі чалавек не ставіць такой мэты).
Змаганне-саперніцтва паміж буйнымі дзяржаўнымі мужамі, стрыечнымі братамі і былымі сябрамі Ягайлам Альгердавічам і Вітаўтам Кейстутавічам працягвалася дзесяцігоддзямі. Хто ўрэшце перамог і ці была тая перамога? Спрабуем разабрацца ў артыкуле.
Пра хаду і вынікі змагання шмат напісана і нагаворана, Ягайлу і Вітаўту прысвечаныя дзясяткі манаграфій, сотні артыкулаў і твораў мастацкай літаратуры, жывапісу, кіно і інш. Ставіліся пытанні і знаходзіліся адказы пра розныя аспекты таго эпічнага змагання: прычыны варожасці, як развіваўся канфлікт, хто першы пачаў і калі, хто больш вінаваты... і г.д.
Магіла Ягайлы у вавельскай катэдры. Фота: polska-org.pl
З цяперашняй гістарычнай перспектывы яго вынікі ацэньваюцца па-рознаму, а менавіта, не зусім ясна, хто ўрэшце перамог і ці ўвогуле была яна, тая перамога. Нехта скажа: а што тут няяснага — канешне, перамог Ягайла! Зрабіў каралеўскую кар’еру, а Вітаўт — не змог, не дайшоў адзін крок, памёр перад каранацыяй.
Ягайла хоць і ў вельмі сталым узросце здолеў спладзіць дзяцей з маладзіцай і працягнуць дынастыю.
Вітаўт са сваёй маладой жонкай дзяцей не меў. Нашчадкі Ягайлы былі не толькі польскімі каралямі і вялікімі князямі літоўскімі ажно да 1572 г., але займалі каралеўскія троны Чэхіі (1471–1526 гг.), Венгрыі і Харватыі (1440–1444 i 1490–1526 гг.). А на Вітаўце ягоная дынастыя закончылася, толькі малодшы брат Жыгімонт Кейстутавіч быў ліцвінскім гаспадаром між 1432 — 1440 гг., а адзіная дачка Соф’я працягнула род маскоўскіх князёў Рурыкавічаў як маці Васіля ІІ Цёмнага.
Урэшце, Ягайла мае сваё месца памяці — магілу з прыгожым разным саркафагам у вавельскай катэдры. Магілы Вітаўта няма, адно пішуць, што пахаваны ў Вільні ў касцёле св. Станіслава.
Помнік Вітаўту ў Коўне. Фота з Вікіпедыі
Але не ўсё так адназначна. Саперніцтва Ягайлы і Вітаўта працягнулася пасля іх смерці і не сканчаецца да сёння. Ягайла нязмерна праслаўляецца ў Польшчы, ягоным імем у 1817 г. названы Ягелонскі універсітэт у Кракаве, які ён аднавіў у 1400 г. як Кракаўскую акадэмію. Партрэт Ягайлы змешчаны на банкноце буйнога наміналу ў сто польскіх злотых, ды на шэрагу памятных манет. Помнікаў яму пастаўлена не менш дзясятка.
Партрэт Ягайлы на банкноце ў сто польскіх злотых
Вітаўту ставяцца помнікі найбольш у Літве, у 1922 г. у Коўне быў адкрыты Універсітэт імя Вітаўта Вялікага. Выявы Вітаўта таксама маюцца на літоўскіх памятных манетах.
Беларусы да помніка Вітаўту яшчэ не «даспелі», але затое выпусцілі тралейбус «Вітаўт», а таксама гарэлку і савецкае шампанскае пад назвай «князь Вітаўт» (па-расейску).
Тралейбус Вітаўт у Туле. Фота: transphoto.org
Драматург Аляксей Дудараў напісаў пра яго п’есу, а ў оперным тэатры паставілі балет.
Няма ў Беларусі і помніка Ягайлу, які ў 2009 г. хацелі паставіць у Берасці — горадзе, які атрымаў ад Ягайлы магдэбургскае права (першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі), але ўлады не дапусцілі — палітыка.
Аднак у працяглым змаганні Вітаўта з Ягайлам ёсць нюансы, якія прымушаюць трохі інакш ацаніць ягоныя вынікі. Найперш, варта зазначыць, што сапернікі ў кар’ернай гонцы стартавалі з моцна няроўных пазіцый, Ягайла — з пасады вялікага князя, Вітаўт як бяспраўны уцякач-выгнанец (невядома, як Ягайла даў бы сабе рады ў падобнай сітуацыі). Таксама яны заплацілі розную цану за свой поспех. Як падаецца, цана Ягайлы была вышэйшай, бо ў адрозненне ад Вітаўта, ён прайшоў не толькі праз палітычныя прыніжэнні, але і неаднакроць праз прыніжэнні асабістыя мужчынскія.
Мусіў заплюшчыць вочы і закрыць вушы ад абвінавачванняў першай жонкі ў «кансумацыі шлюбу» (шлюбнай ночы ўжо пасля Крэўскай дамовы) з яе папярэднім жаніхом Вільгельмам Габзбургам.
Пазней Ягайла не раз пагаджаўся на судовыя працэсы дзеля зняцця з яго жонак абвінавачванняў у адзюльтэры. Каб даказаць сваё бацькоўства сыноў — будучых каралёў Ягелонаў, ён прайшоў праз следства і суд дзеля «ачышчэння» каралевы Соф’і ад падазрэння, што сем рыцараў дапамагалі каралю ў справе працягу роду (у Польшчы выдаецца-перавыдаецца кніга Івоны Кензлер пад назвай «Верны муж няверных жонак. Уладыслаў Ягайла».
Кніга Івоны Кензлер «Верны муж няверных жонак. Уладыслаў Ягайла»
Але неяк ўсё перажыў, перацярпеў, дамогся свайго: памёр каралём, працягнуў дынастыю і тым апярэдзіў, перамог Вітаўта. Толькі перамога тая неяк на смак не надта...
Сцяпан Сарока, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Вітаўт супраць Ягайлы. Асабісты канфлікт з гістарычнымі наступствамі