Валуны здаўна мелі сакральнае значэнне для шматлікіх пакаленняў нашых продкаў. Некаторыя з іх да сёння людзі надзяляюць надзвычайнымі якасцямі, лічаць лекавымі і распавядаюць пра цуды, здзейсненыя дзякуючы ўшанаванню камянёў. Так яно ці не, наўрад ці магчыма дакладна сцвярджаць, але пабачыць гэтыя помнікі на ўласныя вочы сапраўды варта. У сённяшняй віртуальнай вандроўцы раскажам пра 5 месцаў, дзе захаваліся найбольш шанаваныя валуны ды ўзгадаем некалькі звязаных з імі легендаў.
«Паклонныя камяні» ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці
Горка, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць
Прыродны помнік пад назвай «Паклонныя камяні» месціцца на ўзлеску ля могілак вёсцы Горкі на Гарадзеншчыне. Ён уяўляе з сябе тры вялізныя замшэлыя валуны, складзеныя такім чынам, што ўтвараюць своеасаблівую «браму». Побач, у двух метрах, ляжыць чацвёрты камень. Вышыня валуноў больш за два метры, шырыня каля трох.
Паклонныя камяні
Месцічы надзяляюць камяні лекавымі ўласцівасцямі. Паводле легенды, людзі адвеку хадзілі да валуноў прасіць лекавання ад усіх хваробаў. Каб акрыяць трэба было прайсці пад «каменнай брамай». Але калі да валуноў прыходзіў чалавек злы, з кепскімі намерамі, думкамі, камяні глыбей урасталі ў зямлю. Пагаворваюць, што першапачаткова, вядома, «каменная брама» была настолькі высокая, што пад ёй мог праехаць вершнік.
Яшчэ адна дзівосная ўласцівасць Паклонных камянёў — з-пад іх часам пачынае прасочвацца вада. Месцічы сцвярджаюць, што гэта камяні так «плачуць». І, вядома ж, сабраную з-пад камянёў ваду да сёння выкарыстоўваюць для лекавання ды ачышчэння арганізму.
Паклонныя камяні
Альберцін, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Валун пад назвай «Расколаты камень» знаходзіцца ў лесе паблізу колішняга маёнтка Пуслоўскіх Альберцін, сёння прыгарада Слоніма. Валун мае больш за тры метры вышыні ды тры з паловай метры шырыні ды даўжыні.
Адмыслоўцы сцвярджаюць, што Расколаты камень быў прынесены на Слонімшчыну ледавіком каля 150–220 тысяч гадоў таму са Скандынавіі і раскалоўся падчас таго, як лёд растаў.
Расколаты камень. Фота: planetabelarus.by
Адносна паходжання валуна сярод месцічаў шмат легендаў. Самая распаўсюджаная пра Янку-асілка, які сустрэў дзяўчыну надзвычайнай прыгажосці, і вядома, закахаўся. Ды нават узаемна. Але ж на прыгажуню прэтэндаваў яшчэ і двухгаловы цмок. Янка з цмокам учынілі бойку за дзяўчыну пасярод поля, а калі асілак амаль перамог, у яго нечакана прытупіўся меч. Пачаў наракаць Янка, што завастрыць зброю няма дзе, ды пачаў шукаць побач хаця б камень. Тады перад ім з’явіўся валун, які захінуў ад мяча саперніка. Не даў рады цмок мячом сваім забіць Янку, злосна секануў па камені з усёй моцы, той раскалоўся і выбіў меч з варожых рук. Так Янка дабіў цмока, а валун-абаронца ляжыць на сваім месцы да сёння.
Расколаты камень. Фота: fotobel.by
Горкі, Шумілінскі раён, Віцебская вобласць
Самы вялікі валун Беларусі, які знаходзіцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай воласці. Месціцца ён за 400 метраў на паўночны захад ад вёскі Горкі. Рэспубліканскім геалагічным помнікам прыроды гэты валун быў абвешчаны ў 1963 годзе. Прынесены на сваё сучаснае месца Вялікі ці Чортаў камень у час апошняга абледзянення 18 тысяч гадоў таму. Даўжыня помніка 11 метраў, шырыня 5,6 метра, бачная вышыня 2,8 метра. Паводле матэрыялаў Інстытута геалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакладная вага валуна 292 тоны.
Чортаў камень. Фота: planetabelarus.by
Вядома, такі старажытны валун не застаўся без цікавых легендаў, карані якіх сягаюць у глыбіню стагоддзяў. Месцічы могуць распавесці, што чулі ад сваіх прабабуляў ды прадзядуляў, як Чортаў камень блытаў шляхі падарожнікаў, якія спрабавалі прайсці побач з ім кароткай сцежкай у вёску Данілава. Яшчэ пагаворваюць, што валун можа перамясціць чалавека ў іншыя вымярэнне ды часавую прастору ў далёкую мінуўшчыну. Так яно ці не, дакладна невядома, але кожны, хто збярэцца ў вандроўку да самага вялікага валуна Беларусі, мае шанец праверыць асабіста.
Чортаў камень. Фота: fotobel.by
Сцеберакі, Вілейскі раён, Мінская вобласць
Каб наведаць наступны геалагічны помнік варта скіравацца ва ўрочышча Сівіха, што побач з вёскай Сцебаракі Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Афіцыйная назва геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Каменныя валы» Сцеберакскія. Скопішча валуноў уяўляе з сябе пяць вертыкальна пастаўленых невялікіх камянёў, на якія нанесены старажытныя знакі. Адмыслоўцы высветлілі, што ўсе валуны былі прынесены ледавіком прыкладна 220-150 тысяч гадоў таму са Скандынавіі.
Каменныя валы
Паводле легенды мясцовыя «валы» разам з гаспадаром скамянелі, калі селянін араў поле на Вялікдзень. Аднак не ўсё так проста, бо на бакавых частках валуноў захаваліся старажытныя крыжападобныя знакі, што складаюцца са «стрыжняў» ды «паўсфераў» рознага кшталту, і знакі «рога». Даследчыкі мяркуюць, што яны былі нанесены на камяні прадстаўнікамі балцкіх плямёнаў яшчэ ў дахрысціянскія часы. Сцеберацкія камяні размешчаны адзін за адным па лініі поўдзень-поўнач, а калі спыніцца ля першага каменя ў кропцы, адкуль бачнае ўсё скопішча валуноў, можна заўважыць, што ён арыентаваны роўна на Палярную зорку. Некаторыя адмыслоўцы прытрымліваюцца высновы, што каменны комплекс мог быць прымеркаваны да пэўнага гадавога цыкла, калі зоркі на небе займалі адпаведнае становішча.
Каменныя валы. Фота: kraj.by
Бікульнічы, Полацкі раён, Віцебская вобласць
Яшчэ адна магчымая старажытная абсерваторыя знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Бікульнічы Полацкага раёна Віцебскай вобласці на беразе Янаўскага возера. Скопішча валуноў «Янава», меркавана, было прынесена сюды ледавіком 4-5 тыс. гадоў таму. Помнік уяўляе з сябе 3 групы гранітных і гнейсавых камянёў ружовага і чырвонага колераў, выкладзеных у форме літары «П», якая сваім адкрытым бокам скіраваная ў бок узгорка пад назвай Валатоўка. На ўзгорку, у баку ад асноўнага скопішча камянёў, за метраў дзвесце ад вады месціцца асобны камень, на якім можна разгледзець стрэлку ў кірунку той жа Валатоўкі.
Скопішча валуноў Янава. Фота: planetabelarus.by
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэтае скопішча валуноў некалі выконвала ролю капішча, іншыя прытрымліваюцца меркавання, што гэта старажытная абсерваторыя, створаная з мэтай вызначэння даты святкавання летняга сонцастаяння ці Купалля. Апошнія даследаванні сведчаць усё ж пра тое, што ў перыяд летняга сонцастаяння сонца не сядае за Валатоўкай. Эмпірычна было вызначана, што комплекс валуноў можа паказваць на ўзыход сонца над гарой Гарадзец у дні апошняй дэкады траўня, што можа быць звязана не проста з вызначэннем даты дня летняга сонцастаяння, але і з пачаткам больш шырокага летняга святочнага перыяду, які ў народным календары прадстаўлены Сёмухай і Купаллем.
Скопішча валуноў Янава. Фота: planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Убачыць Беларусь з вышыні: топ-5 цікавых аглядных пляцовак
Падарожжа ў беларускае Эльдарада, або 5 прычынаў наведаць Клімавічы
Топ-5 гістарычных месцаў на Гродзеншчыне, куды варта паехаць на выходныя