Дзе гукаць вясну, каб яна пачула

Акрамя песень, гуканне вясны мае іншыя істотныя аспекты. Напрыклад, месца правядзення абраду і пэўныя абрадавыя дзеянні. Фалькларыстка Алена Ляшкевіч распавядае пра асаблівасці правядзення абраду «Гуканне вясны» ў розных рэгіёнах Беларусі і дзеліцца парадамі пра тое, як гукаць вясну ў сучасных умовах.


Hukannie viasny ŭ v. Toniež Lieĺčyckaha rajona, 2023 h.
Гуканне вясны ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна, 2023 г.

Дзе і калі гукалі вясну

Мы ўжо пісалі пра песні, якімі гукаюць вясну. Нагадаем, што пачатак выканання вяснянак вызначаецца ў розных рэгіёнах Беларусі:

пэўнымі святамі або прысвяткамі (найчасцей гэта Грамніцы, Масленіца, Саракі, Дабравешчанне, а таксама — Аўдакея, Аляксей, сярэдзіна Вялікага посту, Вялікдзень, Ушэсце, прысвяткі, істотныя ў лакальнай традыцыі);
• а таксама прыроднымі з’явамі («снег растаў», «як пойдзе лёд», «як трава на лугах зацвіце, лотаць на вадзе», «як жаваранак прылятае»). У залежнасці ад мясцовасці маглі гукаць да Дабравешчання, Вялікадня, Ушэсця, Купалля.

Найбольш звестак пра гуканне вясны прыпадае на святы Саракі (22 сакавіка) і Дабравешчанне (25 сакавіка ў католікаў і 7 красавіка ў праваслаўных).

У апісаннях свята сустракаюцца згадкі гукання на ўзвышшы (пагорак, хлеў, стог сена), ля вады (каб голас ляцеў далей), на праталінах, на полі, ля вогнішча, на вясковай вуліцы ў карагодзе альбо здзяйсняючы абыход двароў.

Абрад «Гу-вясна» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна

Масленічнае гуканне вясны ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна адбываецца на ўзвышшах. Тут абрад завуць «Гу-вясна», але ён ужо не адбываецца штогод.

 Абрад «Гу-вясна» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ў 2017 г.

На Масленічным тыдні для дзяцей рыхтавалі масленічную ежу (тварожны сыр, піражкі, масла, яйкі), якой яны частаваліся, седзячы на стагу альбо на страсе хлява. Жанчыны ўнізе спявалі масленічныя песні.

На Саракі ў Пагосце яшчэ раз гукалі вясну, падкідваючы печыва ў выглядзе птушак на посцілцы. Гэта магло адбывацца на беразе ракі, але месца ўжо не было так строга рэгламентавана.

Sviatočnaja ježa, padrychtavanaja dlia abradu «Hu-viasna»
Святочная ежа, падрыхтаваная для абраду «Гу-вясна» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ў 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч

Апісанне гукання вясны ў Еўдакіма Раманава

Вось як апісвае гуканне вясны этнограф Еўдакім Раманаў у сваім «Беларускім зборніку», выдадзеным у 1912 г.:

Девушки в этот день <на Благовещение> после обеда начинаютъ «гукать весну». Въ однихъ местахъ это делается торжественно, в другихъ проще. Девушки выходятъ къ гумнамъ, взбираются на крыши и сидя на нихъ поютъ циклъ веснянокъ, оканчивая каждый стихъ призывнымъ междометіемъ «гу!». Или выходятъ на улицу и съ теми же песнями водятъ «танки». Въ Ельне Чериковскаго уезда девушки собираются въ бане, собираютъ мяльля т. е. кострику отъ льна и пеньки, устраиваютъ костеръ и зажигаютъ его. У костра и поютъ веснянки. «Такъ палють мяльля усякую вичарину ажъ да васкрэсныхъ дьнёў». Въ некоторыхъ местахъ совсемъ выходятъ из селенія и идутъ на ближайшую горку, где и гукаютъ весну. Наконецъ, тамъ, где этотъ обряд падаетъ, девушки поютъ веснянки просто у себя на завалинкахъ. В последнее время въ гуканіи весны большое участіе принимаютъ и девочки летъ 12-14.

У апісанні Раманава варта звярнуць увагу на тое, што спяванне вяснянак ля хат ён лічыць прыкметай заняпаду абраду гукання вясны. Між тым, магчыма, гэта папросту спяванне, якое доўжылася ўвесь сезон, а ўрачыстае агульнавясковае гуканне прыпадала на пэўнае свята.

Цікавае таксама яго назіранне пра тое, што дзяўчаты-падлеткі бяруць удзел у гуканні вясны толькі «ў апошні час», а традыцыйна абрад лічыўся справай старэйшых дзяўчат, нявест. Так было амаль паўсюдна.

Гуканне вясны «Чырачка» ў Тонежы Лельчыцкага раёна

Жыхары вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна ў Масленічную нядзелю збіраюцца на пагорку за вёскай на абрад гукання вясны, які завуць «Чырачка» (ад адпаведнага наймення птушак і галоўнай песні свята «Ой, чырочко-пташэчко»).

Žycharki ToniežaЖыхаркі Тонежа з сімвалам гукання вясны — печывам «чырачкай». 2017 г. Фота Алены Ляшкевіч

На агульнабеларускім фоне цікавыя звесткі пра ўзроставы склад удзельнікаў гукання вясны ў Тонежы. Цяпер на свята прыходзяць вяскоўцы ўсіх пакаленняў. Яны ўтвараюць тры карагоды: ва ўнутраным ідуць дзеці, у сярэднім — моладзь, у вонкавым — старэйшыя жанчыны. Па запісах этнамузыколага Зінаіды Мажэйка, дзеці і падлеткі і ў 1960-я гг. «чыркавалі» (здзяйснялі абрад «Чырачка») разам з дарослымі. А вось у рэпертуары моладзі перадшлюбнага ўзросту каляндарныя песні адыходзілі на другі план. Вось што пісала пра гэта Зінаіда Мажэйка:

У Тонежы ...дзяўчаты крыўдзяцца, калі іх просяць праспяваць веснавую песню «Ой, чырачка-пташачка». «Мы ўжо не чыркуем», — пярэчаць яны, што раўназначна сказанаму «Мы ўжо дарослыя».

Hukannie viasny ŭ v. Toniež Lieĺčyckaha rajona
Гуканне вясны ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна. Упрыгожванне ялінкі — абавязковы атрыбут абраду. 2023 г.

Вясновы абыход у вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна

Абыходы двароў прымяркоўваліся ў беларускім традыцыйным календары пераважна да Каляд і Вялікадня. Лакальна запісаныя звесткі пра масленічныя абыходы, падобныя да калядных, пра ваджэнне Куста на Троіцу, пра ваджэнне Купалкі альбо збор пачастункаў да святочнага стала на Купалле. Але ёсць і апісанні абыходаў з гуканнем вясны. Вось звесткі з архіва Лабараторыі беларускага фальклору БДУ, запісаныя ў вёсцы Турэц Чэрвеньскага раёна:

У першы дзень посту пасля мясаеду дзяўчаткі бегаюць па дварох, пытаюць у гаспадыні:

— Ці трэба вам вясна-красна?

— Трэба! — адказвае гаспадыня.

Дзяўчаткі пяюць:

Падай, матка, ключык зямлю адмыкаці, расу выпускаці
На цёплае лета, на буйное жыта:
У полі — сярпамі, у гумне — стагамі,
На таку — ўмалотна, у дзяжы — падыходна.
Падай, матка, сыра, каб радзіла сына, дачку Кацярыну.
Сын будзе араці, дачка вышываці.

Дзе гукаць вясну сучаснаму чалавеку

Viesnavy fest u Viazyncy, 2024 hod
Веснавы фэст у Вязынцы, 2024 год

Дзе ж гукаць вясну сучаснаму чалавеку? Арыентуючыся на этнаграфічныя апісанні, можна выбраць кшталт лакацыі, якая адпавядае вашым магчымасцям і патрэбам: калі недалёка ёсць рака, то ля ракі, калі ўзгорак — то на ім. Калі можна распаліць вогнішча — то распальвайце, а калі нельга, то не перажывайце з гэтай нагоды, бо разнастайных варыянтаў шмат...

Галоўнае, каб быў святочны настрой. Гуканне вясны не абавязкова мусіць быць калектыўным святам, якое патрабуе адпаведнай пляцоўкі. Калі арыентавацца на спяванне вяснянак на працягу адпаведнага сезона, то гэта можна зрабіць дома ў любы момант, надаючы дзеянню ўласныя сэнсы, напрыклад, медытацыі ці спробы далучыцца да прыродных рытмаў.

Алена Ляшкевіч, budzma.org