На пытанне, народная ці аўтарская песня «Купалінка», правільны адказ — і такая, і такая. А дакладней — народная ў аўтарскай апрацоўцы. Твор скампанаваны па прынцыпе народнай песні і перагукаецца з тэкстамі, занатаванымі ў фальклорных зборніках. З якіх рэгіёнаў Беларусі паходзяць народныя адпаведнікі знакамітай «Купалінкі»? Увогуле гісторыя паходжання песні нагадвае сапраўдны дэтэктыў з мноствам таямніц і загадак. Разабрацца з імі спрабуе фалькларыстка Алена Ляшкевіч.
Нядаўна мы пісалі пра гісторыю стварэння песні «Купалінка». Калі каротка, то лічыцца, што яе словы ў 1921 г. напісаў паэт Міхась Чарот, а музыку — Уладзімір Тэраўскі. Песня, якую сёння ведаюць ці не ўсе беларусы, была часткай п’есы «На Купалле», якую ў 1920-х — пачатку 1930-х гадоў больш за 400 разоў паказалі на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра-1 (колішняя назва Купалаўскага). З усяго мюзікла толькі адна песня да нас і дайшла. Калі аўтараў расстралялі і іх прозвішчы стала нельга пісаць у песенніках, «Купалінку» пазначалі як «народную». І гэта не да канца няпраўда. Падобныя словы сустракаюцца ў тэкстах традыцыйных песень, занатаваных у фальклорных зборніках.
Структура песні, дыялог з тагасветнай істотай (у гэтым выпадку Купалінка, але можа быць і Вясна, Вяснянка, Вясняначка) — даволі тыповая для... вясновых песень. Так-так, купалкі некаторыя фалькларысты адносяць да вясновага каляндарнага цыклу, а ў некаторых беларускіх лакальных традыцыях менавіта да Купалля спяваюць вяснянкі. Класіфікацыю вяснянак прапанавала маскоўская этналінгвістка Таццяна Агапкіна ў кнізе «Этнографические связи календарных песен. Встреча весны в обрядах и фольклоре восточных славян» і пра гэта мы таксама пісалі.
Калі каротка, то дыялогі ў песнях могуць пачынацца пытаннямі:
Вясна, што ты нам прынесла?
Вясна-красна, на чым прыйшла?
Вясна, дзе ты зімавала?
Вясна, дзе твая дачка?
Менавіта апошні варыянт нас і цікавіць.
Дачка Вясны можа мець імя Мар’яначка, Ульяначка, Таццяначка ці звацца проста панначка / паняначка альбо вясняначка. «Вясняначкай» могуць ласкава зваць і саму Вясну. Яе вобраз у песнях часта блытаецца з вобразам дачкі. Гэты матыў распаўсюджаны ўздоўж Дняпра і яго прытокаў.
У залежнасці ад адказу Вясны выдзяляюцца падсюжэты:
• Вясняначка пасвіць жывёлу;
• Вясняначка шые сарочку;
• Вясняначка поле гарод.
Адпаведнікам песні з апошнім варыянтам адказу і ёсць «Купалінка», створаная па народных матывах.
Падобныя тэксты сустракаюцца ў этнаграфічных зборніках XIX — пачатку ХХ стст., то-бок надрукаваных яшчэ да стварэння п’есы «На Купалле». Самая ранняя публікацыя — у зборніку Пятра Бяссонава «Беларускія песні» 1871 г.:
 
 
А вось варыянты са зборнікаў Паўла Шэйна 1874 і 1887 гг.:
 
 
Далей — тэкст, апублікаваны ў 1903 г. у «Смаленскім этнаграфічным зборніку» Уладзіміра Дабравольскага:
 
Некалькі варыянтаў з восьмага выпуска «Беларускага зборніка» Еўдакіма Раманава:
 
 
 
Гэтыя песні запісаны на Віцебшчыне (Суражскі, Вяліжскі, Гарадоцкі, Віцебскі паветы) і на Смаленшчыне (Парэцкі павет), а таксама ў Барысаўскім павеце — як і вяснянкі з падобным матывам, уздоўж Дняпра і яго прытокаў.
Больш познія запісы можна знайсці ў зборніку «Купальскія і пятроўскія песні» серыі «Беларуская народная творчасць». Тэксты, падобныя да знакамітай «Купалінкі», занатаваны, акрамя Віцебшчыны, у Крупскім, Бярэзінскім, Барысаўскім, Іўеўскім раёнах.
Ці можа быць так, што згаданыя ніжэй песні — гэта ўсё варыянты твора Чарота і Тэраўскага, якія пайшлі ў народ? Наўрад ці, бо тэксты вельмі разнастайныя, са шматлікімі варыянтамі:
— Купала, дзе твая дочка?
Купала на Йвана! (паўтараецца пасля кожнага радка)
 — А ў гародэе чабор поле, 
 Чабор поле, ручкі коле, 
 Чабор рве, за плот кідае. 
 Няхай чабор свінні з’ядзяць, 
 Свінні з’ядзяць, валы згудзяць, 
 Валы згудзяць, коні стопчуць. 
 Коні стопчуць капытамі, 
 Малойчыкі — чабатамі (Сялібскі с/с Бярэзінскага р.).
— Купалачка, дзе твая дачка?
Каліна! (паўтараецца пасля кожнага радка)
 — На сенажаці кветкі рвець, 
 Кветкі рвець, вянкі ўець. 
 Адзін звіла з чырвонай ружы, 
 Другі звіла з зялёнай руты, 
 Трэці звіла з жоўтай крапівы. 
 3 чырвонай ружы — любіліся, 
 3 зялёнай руты — жаніліся, 
 3 жоўтай крапівы — разышліся (в. Замошша Барысаўскага р) і г. д.
Знайшоўся ўсё ж адзін тэкст, ідэнтычны «Купалінцы» Чарота і Тэраўскага.
 — Купалінка, Купалінка,  
 
	Цёмная ночка,  
 
	Цёмная ночка,  
 
	Дзе ж твая дочка?  
 
	— Мая дочка у садочку  
 
	Ружу, ружу поліць,  
 
	Ружу, ружу поліць,  
 
	Белы ручкі коліць,  
 
	Кветачкі рвець,  
 
	Кветачкі рвець,  
 
	Вяночкі звівае,  
 
	Вяночкі звівае,  
 
	Слёзкі пралівае.
Кампазітар Ісаак Любан — аўтар таксама музыкі да песні «Бывайце здаровы», спектакля «Несцерка», фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» і інш.
Незразумела, ці гэта народная песня, ці ўсё ж аўтарская, што значыць «навейшае паходжанне» ў гэтым кантэксце, чаму не пададзены ноты апрацоўкі самога Тэраўскага, няма ніякіх пазнак пра Чарота...
У прадмове Цітовіч піша, што акрамя народных песень улучыў у зборнік творы прафесійных кампазітараў (але ў пераліку няма спасылкі на «Купалінку») «і некалькі твораў самадзейных кампазітараў, якія набылі шырокую папулярнасць у Беларусі і трывала замацаваліся ў быту нашага народа». Ці можна назваць Любана «самадзейным кампазітарам»? Наўрад ці. «Купалінка» хавае яшчэ шмат загадак.
Такім чынам, «Купалінку» з поўным правам можна назваць народнай песняй у аўтарскай апрацоўцы. Магчыма, Міхась Чарот проста ўставіў народную песню ў п’есу «На Купалле», а, магчыма, пазнака Цітовіча аб «навейшым паходжанні» значыць усё ж аўтарскую апрацоўку слоў.
Алена Ляшкевіч, budzma. org