Беларусы ніколі не былі імперцамі і калоній не мелі. Бо не мелі сваёй дзяржавы. З аднаго боку, праўда, але ёсць нюанс. Гэта калі глядзець з максімалісцкіх пазіцый нацыяналістычных дзяржаў ХХ ст., абапертай на традыцыю, выгодную імперыям ХІХ ст. У гэтай карціне ёсць англічане і іх інтарэс, але няма шатландцаў і ірландцаў, ёсць рускія, але няма беларусаў і ўкраінцаў, не кажучы пра тыя народы, якія не ўваходзілі ў «трыадзіны» нацыянальны праект імперыі. Нас за гэта і любяць. За адсутнасць прэтэнзій на кіраванне ў нашым супольным з суседзямі мінулым. Але давайце разбірацца, кім і з чаго ляпіліся імперскія катлеты, і дзе мухі.
Крыніца: pixels.com
Сучаснае, негатыўнае значэнне тэрмінаў «каланіялізм» і «імперыялізм» сфармаваліся ў ХІХ — пачатку ХХ ст., калі з гандлёвых паселішчаў прыватных кампаній, дзякуючы назапашаным ведам і сувязям у грамадствах туземцаў, еўрапейцы імкліва пачалі дзяліць свет. На непрацяглы час яны здолелі забяспечваць кантроль і тэхнічна, і дэмаграфічна, бо дзякуючы медыцыне іх каланісты перасталі паміраць ад хваробаў, наразная зброя зносіла ворага з поля, тэлеграф перадаваў звесткі імгненна, параходы пачалі дастаўляць людзей праз мора хутчэй, чым праз пару месяцаў. Менавіта ў гэты час напісана большасць еўрапейскіх нацыянальных гісторый.
Цяпер захоп і кантроль ажыццяўляюцца праз ускосныя формы: эканоміку і культуру. Не трэба параноіць, але гэта не значыць, што вас не выкарыстоўваюць. Галоўнае, каб гэтае карыстанне было ўзаемавыгадным. Можна тысячагоддзямі мець газ недзе ў задуп’і вашай краіны, але пакуль не будзе людзей і ведаў, якія яго здабудуць і купяць, нічога не будзе. Як паказвае гістарычная практыка, галоўны рэсурс — людзі і міжнародныя сувязі. Сэнс у тым, каб яны належалі вам і вас прызнавалі бокам узаемадзеяння.
Калі глядзець вядучыя сучасныя азначэнні, імперыялізм — практыка простага кантролю моцнай краіны над слабейшай, стварэнне няроўных адносін дамінуючага цэнтра, які кіруе перыферыйнай тэрыторыяй. Сэнс імперыялізму заключаецца ў стварэнні імперыі, жорсткага кантролю над тэрыторыяй іншай дзяржавы шляхам заваявання або такога карумпавання яе эліт, калі яны проста непасрэдна кіруюцца з цэнтра імперыі — метраполіі.
Каланіялізм у такой сістэме часцей за ўсё з’яўляецца інструментам распаўсюджання ўлады праз стварэнне сваіх адміністрацый і паселішчаў лаяльнага насельніцтва на аддаленай тэрыторыі. Да апошняга часу немагчыма было ажыццяўляць кантроль на чужых тэрыторыях праз кантроль сістэмы культуры і пастаянна яго актуалізаваць праз сацыяльныя сеткі.
Каланіялізм — сістэма і практыка нераўнапраўных адносін, дзе замежная група падначальвае і эксплуатуе тубыльскі народ. Можна вылучыць чатыры тыпы гістарычнага каланіялізму: эксплуатацыйны, пасяленчы, сурагатны і ўнутраны. У ХХ ст. да іх дадаюцца яшчэ нацыянальны і гандлёвы.
Неэксплуатацыйны каланіялізм знешні і ўнутры краіны ў станоўчым сэнсе — азначае проста засяленне людзей на пустыя землі. Гэта добра. Але ўнутраны і знешні каланіялізм набываюць негатыўнае значэнне, становяцца эксплуатацыяй, калі мясцовыя рэсурсы — людскія і натуральныя — выцягваюцца з правінцыі ці рэгіёна ў цэнтр. У сталіцы і яе ваколіцы рэсурсы перапрацоўваюцца па выгодных кіруючай эліце схемах, і асноўная частка прыбытку застаецца ў цэнтры.
Пасяленчы каланіялізм азначае, што асноўны інструмент кантролю — прадстаўнікі тытульнага насельніцтва метраполіі — засяляюцца на чужую тэрыторыю. Яны яе або скараюць праз захоп, або атрымліваюць праз дамову ад тубыльскіх правадыроў.
Для беларусаў найбольш важна разуменне таго, што такое і як працуе сурагатны каланіялізм — засяленне чужога залежнага насельніцтва далёка ад іх радзімы пад кантроль імперскай адміністрацыі. Нашых продкаў Расія сяліла на захопленыя землі Усходу, як ірландцаў, шатланцаў, ці індусаў Англія рассяляла па сваёй імперыі.
Ці ўдзельнічалі беларусы ў каланіяльных і імперскіх праектах? Так.
У пошуках лепшай долі і прыгод пры Саветах беларусы ехалі ўглыб СССР. Лічыцца, што па стане на 1989 г. па-за межами Беларусі ў СССР жыло да 2 мільёнаў беларусаў. Фармальна ў СССР было раўнапраўе народаў, але раскажыце пра гэта казахам ці чукчам.
Як было ў гісторыі, калі інтарэс быў больш відавочны? Калі, не маючы альтэрнатывы, беларусы зжыліся з расіянамі і цар «апекаваўся» імі, нацкоўваючы іх на «польскіх паноў», даваенныя і пасляваенныя міграцыі ХХ ст. унутры імперыі былі мірнымі — добраахвотнымі.
Беларускія перасяленцы ў Сібіры. Канец XIX - пачатак XX стагоддзяў. Крыніца: посткомсг.рф
Значна большыя лічбы перамешчаных беларусаў дадуць прымусовыя «эвакуацыі» падчас Першай і Другой сусветных войнаў.
Прымусовае бежанства з Заходняй Беларусі, арганізаванае казацкімі камандамі ў 1915 г., зрушыла з рэгіёна кожны раз прыблізна ад 1 да 2 млн. Ужо без уліку постпаўстанцкіх катаргаў і неарганізаванай міграцыі на Урал і ў Сібір, з 1898 па 1912 гг., як толькі ў Расіі з’явілася статыстыка, з 5 млн тагачаснага насельніцтва з Беларусі ў Сібір і Амурскі край выехала 716 000. Яшчэ каля 100 000 у ЗША, Еўропу і Аргенціну. Іншая справа, што на эміграцыі, як, дарэчы, у імперыі, большасць з іх асімілявалася, або праз месцы сустрэчы і дапамогі пры цэрквах, далучылася да больш развітых нацыянальных праектаў — сіянісцкага, польскага, расійскага і нават украінскага. Такім чынам, у пачатку ХХ ст. маем як мінімум 20% міграцыі насельніцтва за 20 год. У рэчаіснасці было больш, але адымаем натуральны прырост без вайны і вяртанне пасля яе.
Калі параўноўваць з найбольш эмігравалым тады народам — ірландцамі —атрымаем цікавостку. З іх у выніку «бульбянога голаду» і міграцыі сярэдзіны ХІХ ст. з’ехала 30%. То-бок беларусы зусім не дамаседы. Ад ХІХ ст. і да ХХІ ст. для іх Амерыка была на ўсходзе, як і ў большасці ўкраінцаў.
Для расійскіх цароў яны былі выдатнымі сурагатнымі каланіялістамі. Спачатку ўзятых у палон, а потым і шляхту, якая прыйшла добраахвотна, запісвалі ў «Літоўскі спісак» ад часоў «Патопу» 1648-1667 гадоў. У Сібіры ён даваў беднай шляхце лепшыя магчымасці для кар’еры і багацця, чым дома. Прыгадаем, што нашыя мяшчане прынеслі «беларускую разьбу» і друк на Маскву. Сяляне, уцекачы ад прыгону ці ссыльныя, асеўшы, за пару пакаленняў як правіла раствараліся ў рускім імперскім народзе на дзікім Усходзе, рыхтык як у амерыканскай нацыі еўрапейцы ўсіх народаў — пасяленцы на Дзікім Захадзе.
Нашыя продкі — сяляне спрадвеку — засялялі пусткі, свае ці суседскія. Натуральныя ці пасля вайны. Паколькі войнаў было шмат, выязджаць далёка не было патрэбы. Калі толькі пан ці арандатар не пачынаў драць рамяні з сялянскай спіны. Тады ўжо або чакалі вайны, каб звесці рахунак, або ўцякалі ва Украіну ці Маскоўшчыну. Звычайны для нас сёння тэрмін «калоніі» ў значэнні пасялення ўжываўся тады ў Замойсці ці Кракаве толькі для студэнтаў, ці рымскіх сялян — калонаў. Тэрмін жа «асаднік», непрымальны для беларусаў пасля практыкі міжваеннай Польшчы аддаваць іх зямлю палякам, з’яўляецца абсалютна гістарычным, бо сяляне і ветэраны — «каланісты» ВКЛ асядалі ў асады — сядзібы, або слабоды — месцы, свабодныя ад падаткаў. Магнаты асабліва ўсходніх беларускіх і ўкраінскіх земляў былі зацікаўленыя ў аднаўленні і пашырэнні маёнткаў, а таму заваблівалі, каб да іх ішлі жыць працоўныя рукі. Асабліва ўдаўся праект Збаражскіх і Вішнявецкіх вакол Запарожскай Сячы, куды на магнацкія слабоды масава ўцякалі ад прыгону сяляне не толькі з самой Украіны, але, відавочна, з Беларусі.
Калі ў перыяд Смуты ў Маскве шляхецкае войска ВКЛ і Польшчы збірала 6000, запарожскія казакі лёгка прыводзілі 20 000, а прасілі, бо мелі рэзерв, дазвол узяць з сабой 40 000. Адкуль столькі людзей на землях, якія татары рабавалі рэгулярна? Казацтва і міграцыя на поўдзень давала свабоду, і хаця яшчэ ніхто з навукоўцаў не ацэньваў колькасць беларускіх сялян, якія пайшлі на поўдзень, ведаем дакладна, што частка запарожскай старшыны была нашага роду — М. Крычэўскі, І. Нячай, П. Орлік.
У часы Расійскай імперыі і СССР на будоўлі і засваенне Украінскага поўдня і Каўказа будзем мець яшчэ некалькі плыняў міграцыі нашых суайчыннікаў.
У заходнім кірунку нашы продкі прасоўваліся менш актыўна, бо войны пастаянна змяншалі іх колькасць, ды і мясцовыя народы, калі і не былі больш тэхнічна развітымі, дык аб’ектыўна вольнага месца ім пакідалі меней, чым імперыя на сваіх ускраінах. Тым не менш протабеларускія сяляне і мяшчане, як вядома, актыўна засялялі і славянізавалі Віленшчыну і Падляшша. Але найбольш сістэмнай была спроба каланізацыі Інфлянтаў (Латвіі).
У Інфлянтах мы маем рэалізацыю інтарэсаў менавіта той часткі шляхты Рэчы Паспалітай, якая геаграфічна з’яўляецца нашымі продкамі. Па-першае, таму што праз Рыгу гандлявалі ўсход і поўнач ВКЛ, а па-другое, паколькі да Польшчы далёка, уладу тут хутка перанялі прадстаўнікі магнацкіх дамоў ВКЛ ці іх стаўленікі.
Як і ў іншых каланіяльных праектах, былі створаныя дыскрымінацыйныя рамкі для мясцовых і палёгкі для каланістаў. За 1582-1629 гг. улады Рэчы Паспалітай амаль на 20 год адсунулі мясцовых інфлянцкіх нямецкіх баронаў ад улады і прыбыткаў у іх краі і авалодалі чвэрцю зямлі правінцыі.
Наступная, ужо нізавая хваля міграцыі палачан сюды адбудзецца ў час Патопу, калі на запрашэнне курляндскага герцага Якаба фон Кетлера яны паедуць ратавацца ў Слабаду — Якубава — Якабштат.
Якабштат, XVIII ст. Мастак: Іаган Крыстоф Бротцэ. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Паняцця сурагатнага каланіялізму тады не існавала, але з’ява была. Дробная польская шляхта мігравала і станавілася сурагатнымі каланістамі для княжацкіх дамоў ва Украіне і літоўскіх магнатаў у Інфлянтах.
Паколькі сяляне-ўцекачы добраахвотна не пайшлі ў былую Лівонію, бо на Украіне было цяплей і прыгону меней, у дадатак да народаў Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы запрашаў на пасяленне ў Інфлянты каланістаў з Германіі, Галандыі, Францыі, Італіі, Шатландыі і Англіі.
ВКЛ у XVI-XVII cтст. мела каля 130 000 — 2 700 000 насельніцтва. Яно жыло менш шчыльна, чым у Англіі ці Галандыі, а таму не мела адчування цеснаты. Войны змяншалі і без таго невялікі каланізацыйны патэнцыял мяшчан і сялян, а ўнутранае засваенне земляў заставалася пастаянна актуальнай задачай аж да часу дэмаграфічнага выбуху за першае на нашай зямлі амаль мірнае стагоддзе ў нашай гісторыі, якое наступіла пасля 1812 г.
Зыходзячы з вышэйсказанага, можам сцвярджаць, што продкі беларусаў ведалі і ўжывалі каланіяльныя практыкі. Яны актыўна рассяляліся не толькі прымусова, але і добраахвотна не горш за ірландцаў (20% беларусаў у мірны час і 30% ірландцаў у выніку вялікага голаду) і шукалі шчасця на чужыне. Скарыну, Семяновіча, Касцюшку, Кіта вам у прыклад.
Прымаўку «дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся» або прыгадваюць, як раней, да людзей тыпу «пусці — павалюся», або тыя, каму сапраўды ёсць што і як рабіць дома, дзеля чаго вяртацца. Як большасць перадваеннай і міжваеннай эміграцыі з Заходняй Беларусі ў Еўропу.
Бо за нас дзеля нас ніхто Беларусь не засвоіць і не дэкаланізуе.
І, Budzma.org