Гісторыі сядзібы ў Кавалёўшчыне могуць пазайздросціць дзясяткі іншых: імёны некаторых уладальнікаў маёнтка ведае кожны беларускі школьнік. Але сёння мы ізноў вернемся на Стаўбцоўшчыну, бо ёсць нагода, піша Зміцер Юркевіч у «Культура і мастацтва».
Для пачатку зарыентуем чытачоў на мясцовасці. Настройка рамантычная: Стаўбцоўшчына — родны край слынных беларускіх літаратараў ХІХ стагоддзя Уладзіслава Сыракомлі і Адама Плуга, а таксама малая радзіма Якуба Коласа. Мясціны, звязаныя са славутымі імёнамі, удала звязваюцца ў вялікі турыстычны шлях. Адным з яго пунктаў, пакуль транзітным, нераскручаным, з’яўляецца Кавалёўшчына.
Настройка геаграфічная: ад цэнтра Стоўбцаў у бок сядзібы, якая месціцца на ўсход ад горада, вядзе прамы шлях. Спярша вуліцай Ленінскай, далей праз вёсачку Задвор’е па вуліцы Лясной. А там праз масток над рачулкай Альхоўкай на вуліцу Школьную. Галоўны арыенцір — будынак старой школы, акурат за якім на пагорку і стаіць дом. Што важна, да былога маёнтка можна пад’ехаць па асфальце. Цяпер кінем позірк у мінуўшчыну...
Некалькі гадоў таму беларускі гісторык Андрэй Латушкін па просьбе Стаўбцоўскага райвыканкама заняўся даследаваннем гісторыі горада. У выніку была прапанаваная новая дата заснавання населенага пункта — 20 чэрвеня 1593 года, якая вынікала з каралеўскага прывілея, што надаваў мястэчку магдэбургскае права. Яна стала афіцыйнай.
Кавалёўшчына ж узнікла значна раней за мястэчка. Першым уласнікам зямлі, дзе сёння стаіць сядзіба, быў Жыгімонт І Стары. Ад яго Свержна (назва «Кавалёўшчына» прый- дзе крыху пазней) перайшлі вялікаму літоўскаму падскарбію Яну Літавору Храптовічу. Ад Храптовічаў праз шлюбныя сувязі маёнтак дастаўся гаспадарскаму маршалку Юрыю Рыгоравічу Осціку. У 1568-м удава Мікалая Юр’евіча Осціка прадала маёнтак літоўскаму падканцлеру Астафію Валовічу. Гэты вялікі патрыёт вядомы нам аграрнай рэформай «Валочная памера» (1557) і другой рэдакцыяй Статута ВКЛ (1566). Праўда, пагаспадарыў Валовіч нядоўга і ў 1578-м прадаў «маёнтак Свержна і дварэц Кавалёўшчына» надворнаму маршалку ВКЛ Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы.
Радзівіл пазбавіўся ад Кавалёўшчыны ў 1582-м, абмяняўшы яе на нёманскія левабярэжныя землі Гальшкі з роду Кмітаў, жонкі Мікалая Слушкі. І ад таго часу амаль на сто год Кавалёўшчына пераўтварылася ў цэнтральную стаўку роду Слушкаў. Тут вырашаліся справы дзяржаўнай значнасці, гасцявалі знакамітасці, прыкладам князь Багуслаў Радзівіл, з якім былі вельмі шчыльна звязаны продкі Адама Міцкевіча (гл. «К» № 19, 2017). Далей праз шлюб маёнтак перайшоў Уладзіславу Дэнгафу, які склаў галаву ў Венскім паходзе супраць туркаў у 1683-м, і яго сыну. Удава апошняга прынесла Кавалёўшчыну ў якасці пасагу буйному дзеячу Рэчы Паспалітай Аўгусту Аляксандру Чартарыскаму, сыну літоўскага падканцлера і віленскага кашталяна. Чартарыскія страцілі Кавалёўшчыну ў 1830-х. Апошнім яе гаспадаром з гэтага роду стаў Адам Чартарыскі, куратар Віленскай навучальнай акругі, якая ахоплівала землі сучаснай Беларусі.
Далейшы лёс казённага фальварка быў цалкам празаічным. У 1868-м яго набыў тытулярны саветнік Уладзімір Сцяпанаў, але крыху пазней прадаў частку зямлі пад будаўніцтва чыгункі. За ім атабарыўся ў Кавалёўшчыне Пётр Чалоўскі, нашчадкі якога ў пачатку ХХ стагоддзя прадалі фальварак Арцюхам з вёскі Арцюхі (з іх пачынаецца турыстычны маршрут «Шляхам Якуба Коласа»).
Пасля вайны сядзібку паднавілі і стварылі ў ёй дзіцячы дом. Потым блізу пабудавалі школу. Пасля яе закрыцця ў 2001-м Кавалёўшчына прыйшла ў заняпад. Два корпусы школы даўно закінуты. Але што тычыцца сядзібы, тут сітуацыя лепшая. Моцныя муры далі ёй магчымасць перастаяць некалькі войнаў. Паспрыяла і тое, што невялічкі акуратны будыначак да апошняга часу служыў мясцовым жыхарам. Нарэшце, знойдзены важны дакумент, які дае сядзібе шанец на другое жыццё.
У яе пашпарце годам ўзвядзення пазначаны 1949-ы. Але знаўцы сцвярджаюць: будынак у стылі класіцызму па самых сціплых ацэнках мае за плячамі не менш за 200 гадоў. Некаторыя даследчыкі кажуць, што аб’ект можа быць датаваны нават канцом XVIII стагоддзя, а падмуркі — XVII.
Летась у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў выяўлены важны дакумент, які пацвердзіў здагадкі даследчыкаў наконт часу ўзвядзення будынка. На пачатку ХІХ стагоддзя ён ўжо існаваў. Прычым у дакуменце прыводзіцца дэтальнае апісанне не толькі сядзібы, але і ўсяго сядзібнага комплексу, які складаўся з вялікай колькасці розных гаспадарчых пабудоў. Ну а тое, што ён існаваў ужо ў 1930-х і яшчэ тады патрабаваў паднаўлення, мне ўдалося выявіць дзякуючы знойдзенаму фота тых часоў.
Адзін з драўляных будынкаў (магчыма, яшчэ тадышні) мне пашчасціла ўбачыць у 2020-м. Сёння ж на яго месцы — парослая хмызняком пустка, як і там, дзе стаялі два цагляныя будынкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
У некалі вялікі парк увайсці можна па дзвюх асфальтавых дарогах паабапал сядзібы. Тут багата велічных старых ліп, бяроз, ялін і іншых дрэваў, высаджаных некалі гаспадарскай рукой. Шмат кустоўя, але прыбраць яго і аднавіць сцяжынкі, якія дзе-нідзе прабіваюцца праз зялёны дыван разнатраўя, будзе нескладана. Чым не прастора для шпацыру? А калі тут з’явіцца яшчэ і музей, гэта будзе месца моцы для жыхароў усяго наваколля. Далёка не ў кожным горадзе ўяўляюць, дзе дакладна з зярнятка прабіўся корань селішча. Нават сталіца пакуль не вызначылася, на Свіслачы ці на Менцы яе калыска. А Стоўбцы ведаюць: іх вытокі — у Кавалёўшчыне.