Дзеці штата Мічыган спяваюць беларускія «Песні для Лады»

Беларуская кампазітарка Ала Барзова жыве ў ЗША ўжо 19 гадоў. Нядаўна буйны лэйбл класічнай музыкі Naxos выпусціў дыск з яе творамі. У рэліз апроч аркестравага сачынення «Да Новага Свету» ўвайшла 36-хвілінная кантата «Песні для Лады», словы для якой напісаныя паводле беларускага фальклору. Яна выконваецца Дэтройцкім сімфанічным аркестрам і дзіцячым хорам Мічыганскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

«Прыляцелі птушкі, селі на вароты, у чырвоных ботах», — спяваюць маленькія амерыканцы па-беларуску, дарэчы, зусім без акцэнту.

Cпадарыня Ала, які беларускі фальклор быў выкарыстаны ў кантаце?

Гэта частка дзіцячага фальклору — лічылкі, гульні, калыханкі. Два месяцы ў бібліятэцы Акадэміі навук у Мінску я іх вывучала. У сярэдзіне першай часткі кантаты дзеці спяваюць пра птушак і пра тое, як чакаюць іх вяртання з цёплых краёў. У фінале твора я выкарыстала запіс птушыных спеваў у вясеннім лесе. Атрымалася своеасаблівая арка, якая аб’яднала твор.

— У амерыканскіх дзяцей атрымліваецца спяваць па-беларуску? І ці ведаюць яны, пра што гэтыя песні?

— Дзеці (а падчас канцэрту на сцэне каля 70 харыстаў) выконваюць 36-хвілінную кантату на памяць і практычна без акцэнту. Калі я прыехала ў горад Лансінг на рэпетыцыю, то адразу зразумела, што з імі хтосьці вельмі сур’ёзна працаваў, інакш гэта было б проста немагчыма. Высветлілася, што дзяцей вучыла беларускаму вымаўленню Алена Дзербіна, маладая і вельмі таленавітая скрыпачка з Мінска, якая ў Ласінгу атрымлівала доктарскую ступень. Сэнс песняў дзеці ведаюць, бо маюць ангельскі пераклад. Яны вучылі і спявалі кантату з вялікім энтузіязмам, гэта было проста цудоўна.

Праца над кантатай пачалася ў 1986 годзе, калі вы яшчэ жылі ў Беларусі, і доўжылася пяць гадоў. А як вы атрымалі прапанову выпусціць гэты дыск цяпер?

— Ужо праз год пасля напісання ў 1992-м кантата была запісаная дзіцячым хорам і аркестрам беларускага радыё. Гэты запіс быў маёй візітоўкай, калі я прыехала ў ЗША. Я паказала яго шэрагу вядомых амерыканскіх кампазітараў. Праз год пасля эміграцыі дзве часткі кантаты былі выкананыя з велізарным поспехам дзіцячым хорам Кантара і Пенсільванскім сімфанічным аркестрам у горадзе Алентаўн, дзе мая сям’я тады жыла. Аднак прайшло 18 гадоў пасля напісання кантаты, перш чым яе параіў сусветна вядомаму дырыжору Леанарду Слаткіну вядомы амерыканскі кампазітар Джон Карыльяна. Маэстра Слаткін, чыя сям’я таксама калісьці прыехала з Беларусі, шукаў значнае славянскае сачыненне для свайго першага сезона ў якасці галоўнага дырыжора Дэтройцкага сімфанічнага аркестра. Я радая, што гэтым сачыненнем стала мая беларуская кантата.

Вашая дачка Лада, якой прысвечаны твор, вырасла на беларускіх песнях, але з дзяцінства жыве ў Амерыцы. Ці ўсведамляе яна сябе сёння хоць трошкі беларускай?

— Мы эмігравалі ў ЗША, калі Ладзе было восем, але некалькі гадоў таму яна здзівіла нас, напісаўшы песню-ўспамін пра дзень нашага ад’езду, які, як выявілася, запомніла вельмі добра. Ладзе 27, яна жыве ў Портлэндзе, штат Арэгон, вывучае ангельскую літаратуру, піша песні і выконвае іх, акампануючы сабе на гітары, завяршае працу над сваёй кнігай апавяданняў. Яна таксама працуе з падлеткамі, дапамагаючы ім знайсці свой шлях. Безумоўна, яна марыць калі-небудзь наведаць Беларусь, дзе ў нас шмат сваякоў.

Калыханку з кантаты (а гэта не проста калыханка, а цэлая сцэна), Лада вельмі любіла ў дзяцінстве. Яшчэ адна яе ўлюбёная беларуская калыханка — «Спі, сыночак міленькі», да якой я напісала іншыя словы, выкарыстаная ў маім сачыненні «Казачныя карцінкі» для фартэпіяна.

— Як успрымаюцца беларускія матывы амерыканскай публікай?

— Амерыка — шматнацыянальная краіна, і беларyскія (ды і наогул нацыянальныя) матывы ўспрымаюцца з вялікай цікавасцю. Усе чатыры выкананні кантаты ў Дэтройце былі сустрэтыя авацыяй стоячы. Кожны вечар у зале было 2000 слухачоў. Кантата — сапраўды вельмі беларускае сачыненне і не адзінае ў маёй творчасці. У мяне ёсць харавы цыкл «Калі вецер вее» на вершы Максіма Танка (мы жылі з ім у адным доме), ужо згаданы фартэпіянны цыкл «Казачныя малюнкі», «Пінск і блюз» для акардэона або скрыпкі і фартэпіяна, а таксама песні.

— Ці плануеце калі-небудзь прэзентаваць «Песні для Лады» на радзіме?

— Я прыязджала на радзіму двойчы: у 2003 годзе з вядомым амерыканскім ансамблем Da Capo Chamber Players, які выконваў у тым ліку і маю музыку, і ў 2007 годзе на выкананне майго сачынення «Да Новага Свету» сімфанічным аркестрам Беларускай філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. «Песні для Лады» ніколі не выконваліся ў Беларусі ў канцэрце. Я б вельмі хацела, каб такое выкананне адбылося.

Аляксандра Дорская