Я ўжо згадвала, што ёсць такі жанр у фантастыцы — «альтэрнатыўная гісторыя». Кшталту, што было б, калі б падзеі, якія вызначылі будучыню краіны ці свету, пайшлі не так, як яны пайшлі, а ў іншым рэчышчы. Цяпер мы бачым новы цікавы эксперымент. Беларускія ўлады пайшлі далей за фантастыку, і імкнуцца стварыць не толькі альтэрнатыўную гісторыю, але і альтэрнатыўную рэальнасць.
Нічым іншым нельга растлумачыць стварэнне такога свята, як «Дзень народнага адзінства». Адна гістарычная — і вельмі супярэчлівая — падзея стала прычынай для стварэння свята, закліканага, па задумцы прапагандыстаў і стваральнікаў гэтага свята, «аб’яднаць беларусаў».
Свята відавочна правалілася. Большасць увогуле не зразумела, што гэта было. А меншасць, каб стварыць бачнасць «усенароднага адзінства», паступіла звыклым чынам: як у мінулагоднім анекдоце: «Каб паказаць, што за цябе прагаласавала 80%, трэба звозіць сваіх прыхільнікаў на мітынг у сваю падтрымку аўтобусамі з усёй краіны у прымусовым парадку». Так, на святкаванне «Дня народнага адзінства» ў «Мінск-Арэну» народ таксама прывезлі з рэгіёнаў, — каб аднаму чалавеку, які лічыць сябе кіраўніком краіны, было перад кім выступаць.
Беларускія ідэолагі дзейнічаюць у рэжыме Джорджа Оруэла, спрабуючы пераканаць усіх, што «свабода — гэта рабства», а чорнае — гэта белае. Вылучаючы адзін гістарычны факт, яны накручваюць вакол яго мноства вярбальнай мішуры, замоўчваючы нявыгадныя ім падзеі. Так, у 1939-м Заходняя і Усходняя часткі Беларусі ўз’ядналіся. Але ўсе памятаюць, як і ў выніку чаго гэта адбылося. Пакт Молатава-Рыбентропа з сакрэтнымі пратаколамі, сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў у Брэсцкай крэпасці, саюзніцтва СССР і гітлераўскай Германіі з 1939 па 1941 гады. Вядома, кожны з «саюзных» бакоў трымаў употайкі кінжал, чакаючы моманту, каб усадзіць яго ў спіну хаўрусніку. Але тым не менш: вагоны з рудой для фашысцкіх заводаў ішлі з СССР рэгулярна, а лётчыкі Люфтвафэ — тыя, якія потым бамбілі беларускія гарады — навучаліся на савецкіх палігонах.
І не будзем ужо казаць пра тое, што жыхары Заходняй Беларусі памятаюць гэтае «вызваленне» зусім не так, як цяпер спрабуюць прадставіць прапагандысты.
Зразумела, у рэжыме, калі «хлусня — гэта праўда», немагчыма не сесці ў лужыну. «Не мы фашысты, а вы фашысты», — істэрычна крычалі амапаўцы і іншыя «лабавікі» людзям восенню 2020-га. І цяпер, узводзячы ў ранг свята «ўз’яднанне народаў», беларуская прапаганда спрабуе зацерці факт змовы СССР і фашысцкага рэжыму. Між тым, «заціранне фактаў», насамрэч, толькі шкодзіць, даючы падставы для непрыемных пытанняў. Напрыклад, «калі ў вас такое свята, дык хто ўсё ж такі фашыст?»
Зрэшты, «альтэрнатыўная рэальнасць», якая ствараецца беларускай прапагандай, ужо не закліканая штосьці камусьці даказаць ці каго-небудзь ў чым-небудзь пераканаць. Беларускія прапагандысты працуюць як раз па Гітлеру (гэтая цытата памылкова прыпісваецца Гебельсу, але на самой справе гэта напісаў Гітлер у «Майн Кампф»): «Чым жахлівейшая хлусня, тым ахвотней у яе павераць». Праўда, яны не ўлічваюць, што з таго моманту, калі з друку выйшла кніга Адольфа Шыкльгрубера, прайшло без малога 100 гадоў. Змяніліся часы, змяніліся мас-медыя, змянілася ўспрыманне чалавека, змяніліся крыніцы інфармацыі, і цяпер «хлусня, паўтораная сто разоў», праўдай ужо не будзе.
На самой справе, беларуская прапаганда са свараемай ёю альтэрнатыўнай рэальнасцю заклікана забяспечваць не прапагандысцкі, а псіхатэрапеўтычны эфект — для тых самых «трохпрацэнтных». Калі нармальным беларусам складана жыць у пастаянным страху перад гвалтам дзяржаўнай машыны, то тым, хто забяспечвае гэты гвалт (фізічна або маральна) — у разы складаней. Яны не толькі жывуць у пастаянным страху (бо нельга жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго). Яны ў рэальнасці бачаць тое, што зусім не падтрымлівае іх карціну свету. Яны, за выключэннем некалькіх соцень чалавек «верхавіны ўладнай піраміды», ходзяць у тыя ж крамы, што і астатнія, у тыя ж паліклінікі, іх дзеці наведваюць тыя ж дзіцячыя садкі і школы. Іх карціна свету пастаянна падвяргаецца самым розным выпрабаванням. Адной фразай — выпрабаваннем рэальнасцю.
У краіне з «самай лепшай медыцынай» чэргі ў паліклінікі настолькі вялікія, што выходзяць на вуліцы, а «хуткая дапамога» не можа аддаць пацыента ў стацыянар, бо там няма месцаў. У краіне, дзе «замарожаны рост коштаў», мяса падаражэла на 30%. Удзельнікі «самага лепшага адукацыйнага працэсу» павінны збіраць грошы ў школе на любую патрэбу. «Дзяржава забяспечвае харчаванне ў дзіцячым садку», але плацяць за гэтае харчаванне чамусьці яны.
А той, хто ў 2020-м з кожнага праса крычаў, што «любімую не аддаюць», у 2021-м узгадняе інтэграцыйныя праграмы з кіраўніком суседняй дзяржавы.
Прапагандысцкая машына закліканая цяпер згладжваць супярэчнасці ў розумах «трохпрацэнтных», пераконваць іх у тым, што менавіта яны маюць рацыю, а ўсе астатнія — проста «абдураныя дэструктыўнымі тэлеграм-каналамі». Бо стварэнне вобразу ворага — гэта стары прыём адцягнення ўвагі, таму мы цяпер і ваюем з усім светам. Бо, канешне ж, падступнаму Захаду цалкам неабходна захапіць кантроль над захраслым у даўгах БМЗ, глыбока стратным «Гомсельмашам» і практычна разваленым «Гарызонтам».
Я чытала шмат меркаванняў псіхолагаў, якія гаварылі пра тое, што беларусы будуць вельмі доўга выбірацца з атмасферы страху і гвалту, у які іх пагрузіла дзяржава — ледзь не дзесяцігоддзямі.
Аднак пры ўсім гэтым мала хто разважае пра тое, што будзе з тымі людзьмі, у якіх раптам абрынецца створаная прапагандай і ідэолагамі «альтэрнатыўная рэальнасць». Па-мойму, прыводзіць іх у пачуццё будзе значна цяжэй (калі наогул магчыма), чым справіцца з той жа «бусафобіяй».
У мінулым стагоддзі нават для ідэйна аб’яднанага савецкага грамадства глыбокім шокам стала тое, што «бацька народаў» Іосіф Вісарыёнавіч на самай справе загубіў мільёны жыццяў у ГУЛАГу — прычым, «культ асобы» развенчваўся не ў перабудовачныя 1990-я, а пры Хрушчове, пры досыць моцным СССР. А памятаеце, якім шокам у часы галоснасці сталі кнігі Салжаніцына і Шаламава, праўда пра Курапаты, праўда пра Чарнобыль?
Стваральнікаў і адэптаў «Дня народнага адзінства» у будучыні чакае нешта падобнае.
Альтэрнатыўная рэальнасць дрэнная тым, што ў ёй нельга жыць. У ёй можна існаваць. Але чым даўжэй ў яе існуеш, тым мацней будзе шок ад сутыкнення з рэчаіснасцю.
Аліна Бялова, budzma.by