«Леніназрух» і вяртанне Койданава: навошта будучай Беларусі патрэбна дэкамунізацыя, і як яе правесці

Сотням вуліц і плошчаў Беларусі будуць вернуты гістарычныя найменні, а старадаўнія назвы гарадоў і вёсак пачэсна зоймуць свае месцы на мапах. На цэнтральных плошчах гарадоў і мястэчак будуць стаяць помнікі нацыянальным дзеячам або мясцовым выбітным асобам замест помнікаў Леніну — галоўнаму сімвалу савецкай эпохі. Пра дэкамунізацыю як важны працэс будучыні нашай краіны распавядае гісторык Алесь Крыжэвіч.

Працэс дэкамунізацыі для адраджэння Айчыны і далейшага развіцця Беларусі проста неабходны. Асабліва варта пра яго казаць на фоне рэакцыі з боку дзяржаўнага апарату і пэўных крокаў па фактычным знішчэнні часткі архітэктурнай спадчыны нашай Бацькаўшчыны. Таму ўжо цяпер важна акрэсліць працэс, які стане ключавым крокам да аздараўлення грамадства і дасць магчымасць вярнуць сапраўдную гісторыю маладым пакаленням беларусам.

Тапанімічная дэсаветызацыя

Багацце назваў вуліц, плошчаў, паркаў і раёнаў стварае ўнікальны ланшафт тапонімаў прасторы горада ці мястэчка. Сетка розных назваў з’яўляецца важнай для арыентацыі і фарміруе яскравыя маркеры ў прасторы гарадскога паселішча. Не сакрэт, што ў беларускіх гарадах з даўніх часоў існавалі ўнікальныя і аўтэнтычныя найменні частак гарадскога асяроддзя: кварталы, вуліцы, плошчы і іншыя грамадска важныя месцы. Аднак з прыходам савецкай улады многія вуліцы пачалі гучаць па-іншаму, а назвы сталі выконваць ідэалагічную функцыю.

Фактар «савецкасці» тапонімаў беларускіх гарадоў актуальны да сённяшняга дня, бо перайменаванні урбонімаў з’яўляюцца хутчэй выключэннем, чым нейкім правілам. Яшчэ адносна нядаўна пра абласных гарадах і сталіцы нашай рэспублікі дзейнічалі спецыяльныя тапанімічныя камісіі, але на фоне поўнага заціскання ініцыятывы ў грамадстве яны перасталі мець хоць які-небудзь уплыў. У большасці сярэдніх і малых гарадоў зменаў у плане тапанімікі наогул не адбывалася.

У выніку беларускія гарады ўяўляюць сабой запаведнік савецкага перыяду, які застыў у часе і застаецца нязменным дзесяцігоддзямі.

Найбольшую колькасць найменняў вуліц у беларускіх гарадах складаюць тыя, што наўпрост звязаны з савецкай ідэалогіяй: Камсамольская, Кастрычніцкая, Ленінская, Інтэрнацыянальная, Савецкая, Піянерская, Пралетарская, Першамайская, Кааператыўная.

Гэтыя назвы не проста неактуальныя, але засмечваюць гарадскую таманіміку, хаваючы сапраўдныя найменні вуліц нашых гарадоў. Такімі ж бессэнсоўнымі выглядаюць савецкія патранімічныя найменні беларускіх гарадоў, што звязаныя з імёнамі ідэолагаў і лідараў камунізму ды марксізму: Ленінская, Р. Пляханава, В. Куйбышава, С. Кірава, К. Маркса, К. Лібкнехта, Р. Люксембург і г. д.

Квінтэсэнцыяй савецкасці цяперашняй Беларусі, на мой погляд, з’яўляецца раённы цэнтр Краснаполле на Магілёўшчыне, дзе ў цэнтры мястэчка дагэтуль знаходзіцца помнік Леніну, а на мясцовым райвыканкаме спакойна сабе вісіць сімволіка Савецкай Беларусі, хоць СССР разваліўся ўжо больш за 30 гадоў таму.

Budynak Krasnapoĺskaha rajvykankama z hierbam BSSR
 Будынак Краснапольскага райвыканкама з гербам БССР. Фота аўтара

Адзін з істотных момантаў жыцця краіны ў бліжэйшай будучыні — гэта дэсаветызацыя гарадской тапанімікі. Шмат патранімічных назваў, якія звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны, падзеямі кастрычніцкага перавароту, перасталі быць актуальнымі або павінны быць перагледжаны. Што тычыцца назваў вуліц, якія звязаны з перыядам Другой сусветнай вайны, або Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі, то тут варта дзейнічаць асцярожна і далікатна, бо ваеннае ліхалецце дагэтуль пакідае адчувальны след у свядомасці жыхароў Беларусі. Перш чым перайменаваць, варта правесці адукацыйныя мерапрыемствы, даць тлумачэнні, чаму тая ці іншая вуліца мусіць называцца менавіта так, а не іначай.

Чэрпаць прыклады перайменаванняў савецкай тапанімікі можна з досведу суседзяў, найперш з украінскага ды літоўскага. Але прыклад вяртання здаровага аблічча горада ёсць і ў Беларусі. Такім прыкладам з’яўляецца Маладзечна з гістарычнымі найменнямі вуліц горада, а таксама вуліц з патранімічнымі назвамі, што ўслаўляюць беларускіх дзеячаў розных эпох.

Дэленінізацыя

Не менш важна прыбраць у нашых гарадах усе помнікі бальшавіцкаму кату Леніну. Помнік Леніну з’яўляецца неад’емнай часткай цэнтральных вуліц і плошчаў многіх беларускіх гарадоў. Звычайна «правадыр пралетарыяту» стаіць каля райвыканкамаў/аблвыканкамаў, але часам месца размяшчэння помнікаў даволі арыгінальнае. Напрыклад, насупраць царквы або касцёла. Кампазіцыя «Ленін ідзе ў царкву» ў шэрагу беларускіх гарадоў — звычайная з’ява, што паказвае на сур’ёзную ментальную «кашу» ў галовах людзей.

Зразумела, што скульптура камуністычнага дзеяча на цэнтральных вуліцах гарадоў Беларусі — гэта атавізм, які з цягам часу знікне і будзе прыбраны назаўсёды. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі не было палітыкі дэкамунізацыі, гэта не перашкаджае прыбіраць савецкія помнікі па ўсёй краіне нават падчас кіравання краінай Лукашэнкам. Праўда, робіцца гэта вельмі павольна і часцей за ўсё па вострай неабходнасці, выпадковасці або праз непрыдатнасць помніка. Можна сказаць, што ідуць «паўзучая дэленінізацыя» і «леніназрух».

За апошнія 30 гадоў у больш чым 20 гарадах і мястэчках з цэнтральных плошчаў зніклі помнікі Леніну.

Прычыны былі розныя. У Глуску ў Леніна адвалілася рука, таму яго дэмантавалі, у Ашмянах мясцовыя ўлады да «Дажынак» рэканструявалі цэнтральную плошчу, і месца Леніну на ёй больш не знайшлося, а вось у Нясвіжы Ленін псаваў выгляд на адрэстаўраваную ратушу.

Дарэчы, ажно 16 беларускіх гарадоў і мястэчак наогул не маюць помніка Леніна, а замест яго ў некаторых паселішчах стаяць помнікі славутым дзеячам нашай зямлі: у Косаве — Тадэвушу Касцюшку, у Мсціслаўлі — друкару Пятру Мсціслаўцу, легендарнаму заснавальніку горада Шацілу ў Светлагорску (раней называўся Шацілкі).

Znikniennie Lienina
Знікненне Леніна з цэнтральнай плошчы ў Крычаве

Адсутнасць помнікаў Леніну будзе толькі спрыяць канчатковаму адыходу ад савецкасці ў розных кутках нашай краіны, а таксама ўмацаванню лакальнага патрыятызму. Магчыма, некаторыя помнікі Леніна можна захаваць як музейны экспанат (напрыклад, Ільіча ў Пінску рабіў знакаміты скульптар Заір Азгур), альбо зрабіць з іх музей пад адкрытым небам кшталту літоўскага Grūto parkas ці наогул не захоўваць. 

Ліквідацыя з цэнтральных плошчаў і паркаў Леніна — гэта заканамерны і аб’ектыўны працэс, які павінен прайсці па ўсёй Беларусі. Нават калі б помнікі рэвалюцыянеру Ульянаву-Леніну ў Беларусі зніклі проста цяпер, то большая частка людзей аднеслася б да гэтага факту без шкадавання і суму, а многія адназначна падтрымалі б такія захады ў галіне гістарычнай памяці. Аднак рабіць згодна з патрэбамі часу і зменамі ментальнасці сучасных беларусаў улада не жадае.

Перайменаванне савецкіх назваў паселішчаў

Не меншую ўвагу трэба будзе засяродзіць і на перайменаванні гарадоў ды мястэчак. Напрыклад, ужо даўно наспелі перайменаванні Дзяржынска ў Койданава, Акцябрска ў Рудабелку. Тут жа можна прыгадаць цэлы шэраг гарадоў, якія за савецкім часам страцілі сваю гістарычную назву: Прапойск перайменавалі ў Слаўгарад, Шацілкі — у Светлагорск, Качэрычы — у Кіраўск, Янава стала Іванавым, Дрыса — Верхнядзвінскам. Вёскі і пасёлкі таксама актыўна пераймяноўвалі. Таму аднаўленне сапраўдных назваў паселішчаў краіны — гэта важная дзяржаўная палітыка ў сферы нацыянальнай памяці.

Zahad ab pierajmienavanni Šacilak u Svietlahorsk
 Загад аб перайменаванні Шацілак у Светлагорск. Фота: novychas.online

Апроч тапанімічных назваў паселішчаў, трэба будзе яшчэ змяняць назвы розным дзяржаўным прадпрыемствам (заводам і фабрыкам, калгасам і саўгасам), што вельмі часта маюць савецкія назвы. Больш за тое, нават раённыя інфармацыйныя выданні (у народзе «раёнкі») у шмат якіх гарадах маюць найменні, што адлюстроўваюць савецкую эпоху. Напрыклад, на Магілёўшчыне шэраг раённых газетаў маюць абсалютна савецкія назвы: у Краснаполлі — «Чырвоны сцяг», у Хоцімску — «Шлях Кастрычніка» ды нават у старажытным Мсціславе — «Святло Кастрычніка».

Наступны этап — паступовая беларусізацыя

Наступным этапам павінна быць паступовая беларусізацыя, якая мусіць пачацца са з’яўленнем афіцыйных шыльдаў на дзвюх мовах, аднак з прыярытэтам беларускай, а разам з тым ухваленне выкарыстання найменняў розных установаў, крамаў, гандлёвых цэнтраў, павільёнаў па-беларуску. Важным момантам будзе замена назваў прыпынкаў на беларускамоўныя версіі, каб людзі пакрысе ўключаліся ў прастору «матчынай» мовы.
Усё гэта справы будучыні, аднак ужо цяпер можна абмаляваць пакрокавыя дзеянні, што прывядуць да з’яўлення па-сапраўднаму беларускіх гарадоў і вёсак.

Алесь Крыжэвіч, Budzma.org