Дзень правоў чалавека адзначаецца у свеце 10 снежня кожнага года. У 1948 годзе, у гэты дзень, Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека.
Адзначаць гэты дзень у свеце пачалі толькі ў 1950 годзе пасля таго, як Генеральная Асамблея прыняла Рэзалюцыя № 423 (V). Згодна пастанове было ўсталявана, што ўсе дзяржавы і зацікаўленыя арганізацыі адзначаюць 10 снежня кожнага года Дзень правоў чалавека. Пасля прыняцця Дэкларацыі Генеральнай Асамблеяй ААН, палажэнні пастановы былі абвешчаныя важнай задачай, да выканання якой мусяць імкнуцца ўсе народы і дзяржавы, а таксама кожны чалавек.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека замацавала шырокі пералік асноўных правоў і свабодаў, якімі валодае кожны чалавек. Пастанова гарантуе выкананне асноўных правоў кожнага чалавека ў свеце, любой расы, нацыянальнасці, веравызнання, полу, мовы і або іншага становішча.
Дэкларацыя не з’яўляецца абавязковым да выканання дакументам, яна спрыяла ўвядзенню больш за 60 інструментаў у галіне правоў чалавека, сфармавала адзіны міжнародны стандарт у галіне правоў чалавека. На сённяшні дзень усеагульнае прызнанне ўсімі дзяржавамі са складу ААН базавых правоў чалавека, замацаваных дэкларацыяй, спрыяе павышэнню яе ўплыву і падкрэслівае значнасць правоў чалавека ў сучасным свеце.
Галоўнай службовай асобай у ААН па правах чалавека з’яўляецца Вярхоўны камісар. Ён і яго адміністрацыя адыгрываюць важнейшую ролю ў каардынацыі намаганняў для штогадовага святкавання Дня правоў чалавека. У краінах ААН павінен быць амбудсмен па правах чалавека.
Ёсць класіфікацыя правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя, экалагічныя.
Да асабістых правоў адносяць права на жыццё, годнасць, асабістую недатыкальнасць, свабоду ад рабства, свабоду ад катаванняў і іншага гвалту і прымусу, права на імя, гонар, прыватнае жыццё, недатыкальнасць жылля, свабоду сумлення і веравызнання, свабоду ўступлення ў шлюб і стварэння сям’і і інш.
Палітычныя правы ўключаюць у сябе свабоду слова і перакананняў, свабоду інфармацыі, свабоду сходаў, асацыяцый, права на аб’яднанне і правядзенне публічных акцый, права на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы і рэферэндумах, выбарчыя правы, права на крытыку дзяржаўнай улады, права на роўны доступ да дзяржаўнай службы і інш.
Сацыяльна-эканамічныя правы звязаныя з сацыяльнымі адносінамі чалавека з дзяржавай і грамадствам і накіраваныя на забеспячэнне годнага жыццёвага ўзроўню людзей. Сацыяльна-эканамічныя правы накіраваныя ў асноўным на падтрымку сацыяльна-неабароненых і слаба абароненых слаёў насельніцтва, а таксама на абарону чалавека ў яго эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці. Да гэтых правоў адносяцца правы ў сферы працы, занятасці, сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, адукацыі і інш.
Культурныя правы забяспечваюць духоўнае развіццё асобы. Да іх адносяцца: свабода навук, мастацтва і творчасці.
Да экалагічных правоў адносяцца: права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, на дакладную інфармацыю аб стане навакольнага асяроддзя, на пакрыццё шкоды, прычыненай здароўю або маёмасці экалагічным правапарушэннем.
Абарона правоў чалавека прадугледжваецца Канстытуцыяй краіны. Аднак, на думку мясцовых і міжнародных праваабарончых арганізацый, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. Імі адзначаюцца адвольныя затрыманні і арышты ўдзельнікаў мірных сходаў і праваабаронцаў, перашкоды ў працы журналістаў, палітычна матываваны крымінальны пераслед і выключэнне студэнтаў з універсітэтаў па палітычных матывах. Акрамя таго, у Беларусі захоўваецца смяротнае пакаранне. У краіне нават няма пасады амбудсмена.
На дадзены момант, згодна праваабаронцам, у Беларусі 909 палітвязняў, сярод іх 31 прадстаўнік СМІ.
10 снежня адзначаецца Міжнародны день правоў чалавека. Далучацца ў гэты дзень да акцый можа кожны жадаючы. Імпрэзы адбудуцца ў розных гарадах свету. Удзельнікі акцый павіншуюць праваабаронцаў з іх святам, а таксама напішуць цёплыя словы падтрымкі для палітзняволеных беларусаў.
Дзе будуць праходзіць акцыі?
Вільня, 15.30 на Лукішскай плошчы;
Вільня, 17.00, падпісанне паштовак у салідарнай прасторы Imaguru, вул. Віцянё, 18, 5 паверх;
Варшава, 17.00, Кракаўскае Прадмесце, каля помніка Мікалаю Каперніку;
Тбілісі, 16.00 на плошчы «Я ЛЮБЛЮ ТБИЛИСИ» (Стары Тбілісі);
Кіеў, 19.30, падпісанне паштовак у арт-пабе «Торвальд», вул. Фраметоўская, 2;
Батумі, 11 снежня, 16:00 каля фантана універсітэта.
Нашы дзеці – вельмі ўразлівыя і цікаўныя. Пакуль яны несамастойныя фінансава, залежаць ад нас – сваіх бацькоў, настаўнікаў, то часам пакутуюць ад сваіх аднакласнікаў ды іншых дзяцей. І вельмі важна, каб яны з дзяцінства ведалі свае правы, вучыліся іх адстойваць і абараняць. Ад гэтага залежыць будучыня – і нашая, і іхняя.
Тэма правоў дзяцей вельмі складаная. Каб дапамагчы дзеткам з ёй разабрацца грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» ў межах праекта «Маё права» выдала размалёўку «Ян, Яніна, Васіліна: правы чалавека і дзіцяці ў малюнках». Размалёўка пазнаёміць дзяцей з няпростай тэмай у прывабнай і цікавай ім форме.
Спампаваць размалёўку «Ян, Яніна, Васіліна: правы чалавека і дзіцяці ў малюнках» можна тут.
АМ, budzma.org