Фелікс Акерман правядзе прэзентацыі беларускага перакладу сваёй кнігі пра гісторыю Гародні

У Вільні, Беластоку і Варшаве пройдуць прэзентацыі беларускага перакладу кнігі «Гісторыя Гародні (1919–1991). Нацыяналізацыя, вынішчэнне i саветызацыя сярэднеэўрапейскага места» з удзелам яе аўтара Фелікса Акермана. У кнізе апублікаваныя дзясяткі дакументаў і фотаздымкаў, частка з іх — упершыню.

«Historyja Harodni (1919–1991). Nacyjanalizacyja, vyniščennie i savietyzacyja siarednieeŭrapiejskaha miesta»

Хто аўтар?

Фелікс Акерман – нямецкі гісторык і публіцыст, прафесар, загадчык кафедры публічнай гісторыі ўніверсітэта ў Хагене (Fernuniversität in Hagen).
Пра што гэтая кніга?

Гэтая кніга — спроба напісаць гісторыю Гародні ХХ ст. з гледзішча культурнай антрапалогіі. Яе базай паслужылі вусныя аповеды гарадзенцаў, архіўныя пошукі, а таксама ранейшая гістарыяграфія, да якой аўтар ставіцца падкрэслена крытычна. Адказ на пытанне, як узнікла беларуская Гародня, даецца з улікам мясцовай гісторыі фармавання трох нацыянальных праектаў — польскага, савецкага і ўласна беларускага — на сутыку трох краін — Беларусі, Польшчы і Літвы.

У кнізе апублікаваныя дзясяткі дакументаў і фатаздымкаў, частка з іх — упершыню.
Каб падрыхтаваць гэтую кнігу, аўтар правёў гутаркі з дзясяткамі месцовых ураджэнцаў. Сярод іх Анджэй Пачобут, прафесар Алесь Смалянчук, Аляксандр Мілінкевіч, краязнаўца Аляксандр Госцеў. Суразмоўцамі аўтара былі ксяндзы, ананімныя настаўніцы беларускамоўных і польскамоўных школ, выкладчыкі Гарадзенскага ўніверсітэта. Але ў кнізе прадстаўлены не толькі галасы тых, хто жыў у Гародні на момант напісання кнігі, але і тых, хто выехаў з яе ў рамках т.зв. рэпатрыяцыі. Для гэтага аўтар у Ізраілі сустракаўся з гарадзенскімі яўрэямі, а ў Польшчы — з гарадзенскімі палякамі, якія выехалі пасля вайны. Ён таксама працаваў з гарадзенскімі архівамі, у тым ліку тымі, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы, з рознамоўнай перыёдыкай, выкарыстоўваў малавядомыя крыніцы з нямецкіх архіваў аб Гародні падчас акупацыі.

З кнігі можна даведацца:

— пра беларускія мясціны і пра беларускіх дзеячоў у Гародні ў міжваенны перыяд.
— пра канфлікты паміж хрысціянамі і юдэямі ў тым самым часе.
— пра першыя саветы ў Гародні (верасень 1939 – чэрвень 1941), якія прынеслі, з аднаго боку, дэпартацыі мясцовага насельніцтва і іншыя рэпрэсіі, а, з другога, беларусізацыю сістэмы адукацыі.
— пра стратэгіі выжывання шматэтнічнага насельніцтва Гародні ва ўмовах нямецкай акуапацыі і масавае забойства гарадзенскіх яўрэяў.
— пра другія саветы, і прынесеныя імі хвалі русіфікацыі і саветызацыі.

Расклад прэзентацый:


Вільня: 7 чэрвеня (нядзеля), 16:00 — 17:30.
Адрас: Беларускі дом, Vilniaus gatvė 20, Vilnius.

Беласток: 8 чэрвеня (панядзелак), 19:00 — 20:30.
Адрас: Sienkiewicza 82, Fundacja ‘Okno na Wschód.

Варшава: 9 чэрвеня (аўторак), 20:00 — 21:30.
Адрас: Centrum Białoruskiej Solidarności, Oleandrów 6, Warszawa.