Украінскае выдавецтва «Стилос» выпусціла кнігу Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі». Пра гэта паведаміў аўтар рамана на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Мой раман 2014 году «Дзеці Аліндаркі» цяпер існуе і па-украінску ў цудоўным перакладзе Лэсіка Панасюка і Дарыны Гладун, за што ім шчыра дзякую са свайго зімовага Бэрліну.
Кнігу выпусьціла украінскае выдавецтва «Стилос». Гэта мая першая кніга ва ўкраінскім перакладзе — раней меў толькі асобныя публікацыі вершаў і прозы.
А ўкраінская мова — чацьвертая (ці нават пятая), на якой існуе гэты раман», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.
Раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у 2014 г. у выдавецтве «Галіяфы» ў Мінску і атрымаў прэмію «Кніга году» і трэцюю прэмію Гедройця. У 2018 раман выйшаў па-французску ў выдавецтве Le ver a soi ў Парыжы ў перакладзе Алены Лапатнёвай пад рэдакцыяй Віржыні Шыманец. У 2020 — па-ангельску ў перакладзе Джыма Дынглі ў шатландскім Scotland Street Press. У 2022 ангельскі пераклад выдалі ў ЗША New Directions. У 2024 раман па-беларуску перавыдала выдавецтва «Янушкевіч».