Дзевяць «Я» дракона містара Кайндлі. Незвычайная кніга літоўскага аўтара выйшла па-беларуску

Гісторыя пра рыцара і дракона — што можа быць банальней? Базавы міф нашай цывілізацыі. Подзвіг, адвага, рамантыка... Але не ўсё так проста. Гінтарас Граяўскас прапануе паглядзець на адносіны рыцара з драконам зусім па-іншаму.

hintaras-hrajauskas-rytsar-i-drakon.jpg

«Добры дзень, шаноўны рыцар, дзякую вам за візіт, — прамовіў дракон. — Будзьце так дабры, вазьміце коўдру, падыдзіце бліжэй да каміна і прысядзьце. Сёння зімна...» — так пачынаецца знаёмства рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі.

Рыцар, вядома, ехаў забіваць страшную пачвару, бо ў яго праблемы з самаацэнкай. Патрэбны подзвіг. А забіванне драконаў — нармальная рыцарская праца. Але ўсё ідзе не па плане, бо дракон... аказваецца мілым суразмоўцам ды забалботвае Тэнксалота. Дакладней, усе дзевяць галоваў (дзевяць «Я») бяруцца за гэтую працу. А той слухае, слухае, слухае...

Кніга, якая пачынаецца як гісторыя для дзяцей, з кожнай старонкай пераўтвараецца ў гісторыю для дарослых. І — пра дарослых.

«Historyi pra advažnaha rycara Tenksalota i drakona mistara Kajndli»

«...Як сказаў адзін драконаў мысляр, усё гэта дым»

Аўтар, Гінтарас Граяўскас, выбірае імёны не выпадкова. Містар Кайндлі/Kindly з ангельскай — «Ласкава». Ну, а Тэнксалот — Thanks a lot — «Вялікі дзякуй». Бо рыцар сам па сабе надта ветлівы. Толькі што ягоная галантнасць і манеры ні да чаго. Гэта скопішча фобіяў і комплексаў, схаваных пад рыцарскай бранёй. З гэтым грузам ён і прыходзіць да дракона. І ўжо не каб забіць, а каб паслухаць. І — выгаварыцца самому.

«...Мы, драконы, лічым, што ніякай ісціны наогул не існуе, а ўсё, што адбываецца ў свеце, толькі засціць нам вочы. Альбо, як сказаў адзін драконаў мысляр, усё гэта дым», — першая галава дракона зацягваецца дымам з люлькі, а іншая — выпускае. Аказваецца, драконава доля — не такая простая. Людзі абавязаныя драконам «вынаходніцтвам» паравога рухавіка, а таксама — дуды. Кітайцы дагэтуль пішуць драконавай мовай, а будысты — дасюль на ёй моляцца, самі пра тое не ведаючы. Але людзі няўдзячныя. Таму «гарадскі дракон» вывеўся як від. Засталіся адно горныя ды рачныя.

«Які ў краіне народ, такія ў ёй і драконы»

Кніга напісаная ў манеры дыялогу, а гэта адзін з найстаражытнейшых жанраў. Амаль такі ж старажытны, як самі драконы. Дарэчы, містар Кайндлі лоўка абвяргае лжывую прапаганду, быццам драконы ядуць нявінніц і паляць гарады, зусім не. Бо гледзячы на дракона, кожны бачыць сябе.

І калі асоба назіральніка — гэта сквапны персанаж садыстычнага складу з сексуальнымі дэвіяцыямі, пакрыты луской, то які ж перад ім мае паўстаць дракон? Толькі такі. «Які ў краіне народ, такія ў ёй і драконы», — паціскае плячыма містар Кайндлі. А рыцар Тэнксалот яшчэ глыбей захутваецца ў клятчастую коўдру.

Вялікая пустэча, поўная блукаючай сілы

У кнізе шмат філасофіі, псіхалагізму, цяжка акрэсліць яе жанр. Бо дыялог — усяго толькі форма. Казка для дарослых? Філасофскае эсэ? Некаторыя фразы хочацца выпісаць адразу, таму і назву міжволі перарабляеш у галаве на «Так казаў дракон містар Кайндлі». Выйшаў бы неблагі цытатнік.

Як і ў Ніцшэ, у аўтара мы бачым лапікавую коўдру з урыўкаў розных філасофіяў. Пра Дабро і Зло. Пра вялікае Нішто. Пра Драконавы вены і пячору Дракона. Усё гэта — даўнія метафары, якія з часам пераўтварыліся ў казачку для дзяцей. На добры сон. Містар Кайндлі, у пэўным сэнсе, будзіць рыцара, каб той урэшце прачнуўся.

«Вы чулі пра Канфуцыя? Ну, яго можам забыць, ён быў толькі напалову драконам, а вось Лао-Цзы — гэта самы сапраўдны, стоадсоткавы. Няўжо ніколі не задумваліся, чаму так адбываецца: на адным баку свету дракон — сапраўднае ўвасабленне зла, пачвара, што жарэ людзей, а на другім — сімвал мудрасці і дабра? (...) Можа таму, што на Усходзе драконы і людзі па-ранейшаму цудоўна жывуць у сяброўстве, і больш за тое... Дзяржава, якая не паважае сваіх драконаў, асуджаная на пагібель».

Урэшце, рыцар пачынае шукаць сваё адлюстраванне ў рудых драконавых вачах. А яго ўласная ініцыяцыя, якая мела выглядаць як крывавая бойка, стае знаёмствам з самім сабой. Бо ніякага Дабра і Зла паасобку не існуе. Увесь свет — гэта вялікая пустэча, поўная блукаючай сілы.

Але містар Кайндлі ўрэшце выганяе рыцара са свайго прыстанку. Бо засядзецца ў гасцях у дракона — куды горш, чым яго забіць. Чаму? І што чакае на рыцара далей? Даведаецеся, прачытаўшы кнігу.

Brylo-Grajauskas.jpg
Аўтарка перакладу на беларускую Сабіна Брыло ў Клайпедзе з Гінтарасам Граяўскасам і яго сям’ёй, ліпень 2021. Фота: «Радыё Свабода»

Гінтарас Граяўскас. Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі.
Вільня — Беласток. 2025. Выдавецтва SURMA.
Пераклад з літоўскай — Сабіна Брыло.

Набыць кнігу можна па спасылцы.

Алесь Кіркевіч, Budzma. org