У Беластоку выйшаў першы нумар новага літаратурнага альманаху «Апостраф».
«Радыё Свабода» пагаварыла з крытыкам і галоўным рэдактарам сайту bellit.info Ціханам Чарнякевічам пра прычыны закрыцьця часопіса «Дзеяслоў» і стварэньне альманаху «Апостраф», беднасьць і багацьце сучаснай беларускай літаратуры і мову як галоўную яднальніцу беларускіх літаратараў незалежна ад месца, дзе ім давялося жыць.
Пра прычыны закрыцьця часопіса «Дзеяслоў» і стварэньне альманаху «Апостраф»
— Трымаем у руках першы нумар новага літаратурнага альманаху «Апостраф». Афармленьне ягонай вокладкі нагадвае папулярны часопіс «Дзеяслоў», які спыніў сваё існаваньне пры канцы мінулага году. Чаму ня стала аднаго, а зьявіўся іншы?
— «Дзеяслоў», як і многія іншыя мэдыя і арганізацыі, прайшоў праз судовую ліквідацыю і цяпер не існуе. Мы ў Міжнародным саюзе беларускіх пісьменьнікаў, безумоўна, былі засмучаныя з гэтай нагоды, але ў пэўным сэнсе й чакалі, што так здарыцца, бо цяжка было спадзявацца чагосьці іншага ў дадзены момант гісторыі. Тым ня менш творы пішуцца, людзі хочуць пабачыць іх на паперы, і чаму б ня выдаць хаця б альманах, а потым і другі? Гэтак зьявілася ідэя «Апострафа». І нядаўна, пры дапамозе Яраслава Іванюка з «Камунікату», яна была рэалізаваная.
Пра беднасьць і багацьце сучаснай беларускай літаратуры
— «Апостраф» заяўлены як альманах — гэта значыць, што, у адрозьненьне ад «Дзеяслова», ён будзе выходзіць не з рэгулярнай пэрыядычнасьцю і, хутчэй за ўсё, значна радзей за часопіс. Мо раз ці два на год. Ці азначае гэта, што заснавальнікі альманаху ня бачаць дастатковага напаўненьня свайго рэдакцыйнага куфэрка? Няўжо зьбяднела на таленты сучасная беларуская літаратура?
Ціхан Чарнякевіч, архіўнае фота
— Я б ня стаў занурацца ў зьбядненьне талентаў, бо гэтая тэма досыць шырокая для вольных інтэрпрэтацыяў. Альманах, найперш, не залежыць ад жорсткай пэрыядычнасьці. Па-другое, для яго не патрэбная рэгістрацыя, абавязковая цяпер для ўсіх мэдыя. Альманах — фактычна анталёгія літаратурных твораў, якія, вядома, лепей не прывязваць да пэўнай пэрыядычнасьці напісаньня — няхай лепш прыходзяць з натхненьнем і яркай эмоцыяй, чым са зьменай лісткоў календара. Як на мой погляд, выхад такіх анталёгій ня менш важны, асабліва калі выдавецтвы ня надта ахвотна хапаюцца за выданьне чыіхсьці апавяданьняў ці дзёньнікаў, крытыкі, дый раманаў з аповесьцямі. Выдаваць за свае грошы альбо шукаць фінансаваньне на краўдфандынгавых плятформах таксама не для кожнага ці кожнай прыемна і весела. Таму надрукаваць і распаўсюдзіць свае творы для публікі праз «Апостраф», лічу, вельмі някепскі варыянт. У тым ліку для маладых аўтараў і аўтарак. Балазе, не ўва ўсіх ёсьць размах на кнігу ці на вялікі жанр, а надрукаваць нават і адну навэлу ці некалькі вершаў — добрая падтрымка ў невясёлыя часы.
Пра мову як галоўную яднальніцу беларускіх літаратараў
— Аўтары першага нумару «Апострафа» цяпер жывуць па розныя бакі беларускай мяжы. Як на вашу думку, ці сьведчыць такі прынцып адбору твораў для публікацыі, што, нягледзячы на змушаную эміграцыю многіх вядомых пісьменьнікаў, беларускі літаратурны працэс па-ранейшаму непадзельны? І, дарэчы, які ён, сучасны беларускі літаратурны працэс, з вашага гледзішча?
— З асабістага крытычнага вопыту мне прасьцей не дзяліць літаратуру, а вывучаць канкрэтныя кнігі ці нават канкрэтныя старонкі ці абзацы кніг. Безумоўна, усіх аб’ядноўвае мова, і абсалютна ня важна, дзе ты на ёй гаворыш ці пішаш. Уражаньні, уплывы, думкі, ідэі могуць зьяўляцца розныя, у залежнасьці ад тэрыторыі пражываньня, але, калі мысьліш сябе «беларускім тэкставіком», то ты ўжо апрыёры ў тым кантэксьце, куды сам сябе накіраваў.
Цалкам лягічна было б гаварыць пра крызіс, бо нават па сьпісах выдадзенага відавочнае прасяданьне прозы, яе зусім няшмат. З другога боку, «працэс» усё болей гуртуецца вакол выдавецтваў, што абсалютна натуральна. І тут усё больш «нішавага» indie-прадукту — гэтаксама як і ў музыцы працуюць нішавыя лэйблы. Нельга чакаць іх трапляньня ў Billboard, але для знаўцаў іх рэлізы важныя і цікавыя. Вось гэтае разрастаньне «лэйблаў» мне дае нейкую ўпэўненасьць у будучыні, бо, як правіла, усё гэтае шчасьце мае традыцыю драбіцца і памнажацца, працягваць і супярэчыць адно аднаму. У пэўным сэнсе, выданьне «Апострафа» — гэта крок у такім жа кірунку. Цяпер мы працуем над адкрыцьцём новага выдавецтва ў Вільні, і наяўную палітру (і нават канкурэнцыю) ужо даводзіцца ўлічваць пры плянаваньні.
Пра кантакты творцаў з выдаўцамі і распаўсюд «Апострафа»
— Апрача электроннага адрасу выдаўца — беластоцкага kаmunikat.org — «Апостраф» не падае ніякіх кантактаў, па якіх з рэдакцыяй «Апострафа» могуць зьвязацца аўтары. Куды прыносіць ці дасылаць паэтам і празаікам свае літаратурныя навінкі?
— Вядома, можна зьвяртацца да Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў, на сайце bellit.info ёсьць і кантакты арганізацыі, і мой асабісты. Будзем рады надрукаваць добрыя літаратурныя творы, месца пражываньня тут вялікага значэньня ня мае, галоўнае — якасьць.
— А як альманах будзе распаўсюджвацца? Дзе і як яго могуць набыць чытачы ў Беларусі і за мяжой?
— Пакуль што альманах можна прыдбаць у інтэрнэт-кнігарні «Камунікату», але працуем з тым, каб ён трапіў у асноўныя кніжныя пункты продажу, дзе толькі гэта будзе магчыма і бясьпечна.