А давайце сёньня паспрабуем адказаць на, магчыма, нечаканае, але насамрэч вельмі простае пытаньне: якая асабіста мне справа да дэлегата УНС альбо гарвыканкамаўскай цёткі з умоўнай Рэчыцы? Чаму я маю зрабіць хоць нешта дзеля таго, каб ім жылося лепей? А пакуль вы думаеце над адказам, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» тлумачыць, адкуль гэтае пытаньне наагул зьявілася. І прапаноўвае ўласны адказ.
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву аўтара
Адна з найчасьцейшых маіх эмоцыяў на ўвесь трэш беларускай рэчаіснасьці, на ўсе гэтыя зьдзекі зь людзей, са здаровага сэнсу, зь беларушчыны — гэта немае пытаньне да тых, хто ўсе гэтыя вар’яцтвы чыніць.
Як жа ж вы гэтак можаце?! Ну вы ж беларусы...
Калі абражаюць родную мову, перасьледуюць за словы «Жыве Беларусь!», прыніжаюць нацыянальных герояў і ўсхваляюць катаў беларускага народу, судзяць даўно памерлых клясыкаў нацыянальнае літаратуры й называюць экстрэмісцкімі іх творы дзьвюхсотгадовае даўніны — ну вось навошта вы гэта робіце? Вы ж беларусы...
Усё беларускае, што ёсьць у беларускай міліцыі — гэта... літара «ы». Каляж аўтара
Вельмі ўразіла падборка фатаграфіяў, якую надоечы выставіў у сябе ў Фэйсбуку былы дыплямат Павал Сьлюнькін.
«Дзьве Беларусі. Абедзьве едуць на аўтобусах МАЗ. Адзін народ — такі розны лёс», — напісаў ён пад здымкамі выкінутых з краіны палітвязьняў і дэлегатаў гэтак званага Ўсебеларускага народнага сходу.
І што гэта дарэчы за «ўсебеларускі» сход такі, калі ўдзельнічаць у ім могуць ня ўсе беларусы, а толькі вось гэтыя паслухмяныя ківалы-шрубкі дыктатарскага рэжыму? Сход, з трыбуны якога галоўны прадстаўнік «тых, правільных» беларусаў выхваляецца забойствам іншага беларуса — няіхнага, «бэчэбэшніка»?
Якую зь Беларусяў прадстаўляе той беларусазабойца? І дзе ж яна, сапраўдная Беларусь — у каторым з аўтобусаў?
А што, калі гэтыя аўтобусы едуць у розныя — супрацьлеглыя — бакі? І што, калі з кожным новым кілямэтрам шанец на тое, што яны некалі перасякуцца, усе меншае й меншае? Ці сустрэнуцца гэтыя аўтобусы калі-небудзь наагул? І што тады скажуць іх пасажыры адзін адному?
«Дзьве Беларусі. Абедзьве едуць на аўтобусах МАЗ. Адзін народ — такі розны лёс». Фота facebook.com/pavel.slunkin
Варочаючы на сэрцы гэтыя цяжэзныя валуны-пытаньні, зь нейкай вырачанасьцю назіраю за тым, як з-пад іх прабіваецца і з кожным днём мацнее яшчэ адно.
А з чаго раптам мы маем хаця б пальцам паварушыць дзеля пасажыраў супрацьлеглага аўтобуса?
Ну бо ж гэта толькі ў нас ёсьць мары пра цудоўную Беларусь як Дом для ўсіх беларусаў — шчасьлівую, заможную, справядлівую, незалежную, беларускую. Дзе будзе добра ўсім. У тойсама час як яны падзяляюць беларусаў на «чэсных» і «нячэсных» і, адпаведна, адмаўляюць нам, «нячэсным» наагул у праве на Беларусь. У праве жыць у сваёй дзяржаве, пачувацца годна і свабодна. Гэта ж ня мы ў іх, а яны ў нас забіраюць пашпарты й выкідваюць з краіны. Гэта ж ня мы іх, а яны забіваюць нас.
Дык з чаго раптам мы павінны рупіцца пра ўсіх, то бок і пра іх таксама? Ці не пара заняцца ўрэшце сабою? Скіраваць усе свае абмежаваныя рэсурсы на тое, каб Беларусь у нашым аўтобусе працягвала жыць. Пашыраць нашую жыцьцёвую прастору. Мацаваць нашыя падмуркі, на якіх мы стаім. Разьвіваць нашыя магчымасьці і пэрспэктывы. Бараніць сваіх і сваё ад тых, хто імкнецца нас зьнішчыць.
Вось жа ж паўднёвыя карэйцы, радзіму якіх калісьці разьдзерлі надвая, неяк будуюць сваё жыцьцё. Сталіся адным з найбольш пасьпяховых народаў сьвету. Разьвіваюць у тым ліку сваю самасьць. У тойсама час як пасажыры паўночнакарэйскага аўтобуса рухаюцца ў супрацьлеглым кірунку.
Дык можа й нам варта паспрабаваць?
Вядома ж, у нас няма нейкай часткі цяперашняй Беларусі, дзе можна было б збудаваць сваю «паўднёвакарэйскую Вейшнорыю». Зрэшты, гаворка й не пра тое, каб усім «нашым» сесьці ў нейкі гіганцкі МАЗ і зьехаць зь Беларусі — на Беласточчыну, Віленшчыну ці нейкую ціхаакіянскую выспу. Зусім не.
Урэшце, геаграфічнае знаходжаньне ўжо даўно не зьяўляецца адзіным вызначальным варункам быцьця беларусамі. Мы ёсьць і на радзіме, і ў замежжы. Нашая культура, нашая мова, нашая нацыянальная самасьведамасьць — вось паліва, якое рухае наш аўтобус наперад. Задзіночвае нас. Робіць нас беларусамі.
І дае надзею, што, перафразоўваючы клясыка, аднойчы ўсё ж мы даедзем, даедзем да Беларусі!
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org