Вы калі-небудзь чулі пра Джынсавы дзень? Магчыма, не. Але калі вы даведаецеся, што гэта, вы зразумееце, чаму гэта важна.
У красавіку кожнага года ў свеце праходзіць Denim Day — дзень, калі людзі ва ўсім свеце надзяваюць джынсы, каб выказаць сваё супрацьдзеянне гвалту, асабліва сэксуалізаванаму.
Чаму джынсы?
Таму што гісторыя гэтай акцыі пачалася ў Італіі пасля рашэння Вярхоўнага Суда, які адмяніў прысуд за згвалтаванне, бо пацярпелая была ў вузкіх джынсах, якія праблематычна было зняць без яе згоды, а значыць, акту гвалту не было. Гэты інцыдэнт натхніў жанчын у італьянскім парламенце прыйсці на працу ў джынсах у знак салідарнасці з пацярпелай. У адказ на гэтую падзею арганізацыя «Мір вышэй за гвалт» пачала кампанію «Denim Day», якая ператварылася ў рух, накіраваны на прыцягванне ўвагі да абвінавачанняў ахвяраў і дэструктыўных міфаў, што атачаюць сэксуалізаваны гвалт.
Для Беларусі тэма гвалту вельмі актуальная, таму сацыяльная служба «Адно Акно» прапануе далучыцца да гэтай міжнароднай кампаніі і беларусам.
Для чаго далучацца да акцыі?
Гэтая акцыя прыцягвае ўвагу да праблемы сэксуалізаванага гвалту ў нашай краіне і за яе межамі. Мы кажам: «Няма апраўдання і ніколі не можа быць прычыны для гвалту». Мы заклікаем: «Не абвінавачвайце, а падтрымлівайце!»
У рамках гэтай кампаніі сацыяльная служба «Адно Акно» правядзе серыю мерапрыемстваў, накіраваных на дапамогу пацярпелым ад гвалту, пад хэштэгамі #джынсавыдзень і #denimdaybelarus.
Жывыя эфіры пра жаночую самаабарону, асэртыўнасць, абвінавачанні пацярпелых ад гвалту
24 красавіка ў 9:00 (па Мінску) ў жывым эфіры гаворым пра міфы і факты пра гвалт у сучасным беларускім грамадстве і абвінавачванні пацярпелых ад сэксуалізаванага гвалту. Як супрацьстаяць? Пра гэта і не толькі раскажа трэнерка WenDo Аня Ланец.
У 16:00 (па Мінску) з феміністкай, сертыфікаванай трэнеркай па самаабароне і асертыўнасці па метадзе WenDo Оляй Ланеўскай знаёмім усіх жадаючых з гэтым комплексным падыходам, мэтай якога з’яўляецца наданне ўпэўненасці ў сабе, каб супрацьстаяць непасрэднаму і скрытаму сэксуалізаванаму гвалту.
Стрымы можна будзе паглядзець у любым пункце свету і задаць свае пытанні эксперткам.
Эфір пройдзе ў Instagram-акаўнце службы «Адно Акно»:
Гарачая лінія для пацярпелых ад гвалту і іх блізкіх
Таксама 24 красавіка на гарачай лініі сацыяльнай службы «Адно Акно» будзе дзяжурыць высокакваліфікаваная псіхалагіня са значным досведам работы з пацярпелымі ад сэксуалізаванага насілля. Час кансультацый з 15.00 да 17.00 (па Мінску). Бяспечна і ананімна патэлефанаваць на гарачую лінію.
Флэшмоб #джынсавыдзень
У дзень акцыі, 24 красавіка, мы прапануем беларусам са ўсяго свету далучыцца да флэшмобу: надзець джынсы і размясціць фатаграфію ў іх на сваіх старонках у сацыяльных сетках з хэштэгамі кампаніі #джынсавыдзень / #denimdaybelarus і словамі падтрымкі, якія, як вы лічыце, павінны ў першую чаргу пачуць пацярпелыя ад гвалту.
Парады па бяспецы
Кожны дзень з 23 па 25 красавіка ў сацсетках сацыяльнай службы «Адно Акно» — парады па бяспецы для беларусак(аў): што дапаможа абараніцца ад сэксуалізаванага гвалту і як засцерагчы ад яго сваіх дзяцей.