З’явілася выданне, якое вучыць любові, але не шаблонна, не павучальна і не пафасна.
Зусім нядаўна ў серыі “Каляровы ровар” выдавецтва “Кнігазбор” выйшаў пераклад на беларускую мову кнігі шведскай дзіцячай пісьменніцы і ілюстратаркі Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)”. Пераклад здзейсніў Андрэй Хадановіч, падрадкоўны пераклад са шведскай — Надзя Кандрусевіч і Алеся Башарымава.
“Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)” — незвычайная для дзіцячай беларускай літаратуры: у вершаванай форме ў ёй апавядаецца пра сям’ю, у якой нарадзілася і расце дзіця з асаблівасцямі развіцця. Медыцынскі дыягназ не называецца, але па змесце нескладана здагадацца, што размова ідзе пра псіхічнае захворванне. Як спраўляюцца са страшнай навіной мама і тата, старэйшы брацік Бол, як жывецца маленькай незвычайнай Біле — Гуніла Бэргстрэм адкрыта і без крывадушнасці кажа пра балючыя і радасныя моманты.
Гуніла Бэргстрэм нарадзілася ў Гётэборгу ў 1942 годзе. Працавала журналісткай у Стакгольме. У Швецыі і па ўсім свеце аўтарка вядомая серыяй кніг пра Альфонса Оберга. Альфонс з’явіўся на свет у 1972 годзе, і гэта адна з першых кніг у шведскай дзіцячай літаратуры, у якой расказваецца пра няпоўную сям’ю, дзе выхаваннем дзіцяці займаецца тата. Увогуле, Гуніла шмат у чым першая ў Швецыі — менавіта яна пачала падымаць у сваіх кнігах пытанні разводу, “іншасці”, ужываць тэхніку калажу ў ілюстрацыях дзіцячых кніг.
Гуніла нездарма пачала размову пра асаблівых дзяцей — у яе малодшай дачкі аўтызм. Першая кніга “Прыгоды Біла і Болы: вершыкі ды прыколы” выйшла ў 1978 годзе, у 1979 годзе пабачыў свет працяг — “Пра Болу і ейнага брата: бязглузда і глуздавата”. А ў 2007 годзе з’явілася “Суперкніга пра Біла з Болаю: (Біл разумны, а Бола вясёлая)”, якая складалася з дзвюх папярэдніх кніг пра Біла і яго сястру. Менавіта пра пераклад апошняй кнігі на беларускую мову і вядзецца размова.
Будзем як Гуніла і не будзем хлусіць — у беларускім грамадстве не так часта падымаюць тэму іншасці як у дзіцячым асяродку, так і ў дарослым. Таму “Суперкніга пра Біла з Болаю: (Біл разумны, а Бола вясёлая)” — добрая нагода пачаць размову.
“Усе стадыі, праз якія праходзяць бацькі асаблівых дзяцей, — яны пазнавальныя ў кнізе”
Ініцыятыва выдання кнігі належыць Надзі Кандрусевіч, перакладчыцы са шведскай мовы:
“Я прачытала кнігу пра Біла і Болу чатыры гады таму, і яна вельмі мяне зачапіла — тады я ўжо ведала, што ў нас у сям’і расце асаблівае дзіця — малодшая дачка Марына, — распавядае Надзя. — Уразіла, як гэта ўсё напісанае — няма ніводнага лішняга слова. Усё было дакладна названае сваімі імёнамі, і я зразумела: так мог напісаць толькі той, хто сам прайшоў праз гэта. Я пачала шукаць інфармацыю пра Гунілу, пра яе іншыя кніжкі. У Швецыі яна пазнавальная дзякуючы серыі кніг пра Альфонса Оберга. Гэтыя кнігі таксама вельмі цікавыя, бо аўтарка — тонкі псіхолаг і трапна апісвае свае назіранні. Але кніга пра Біла і Болу, як кажа сама Гуніла, больш складаная, больш асабістая”.
Сапраўды, Гуніла апісала сваю асабістую гісторыю: у сям’і ёсць старэйшы сын, а пасля нараджаецца дзяўчынка. Спачатку ніхто не ведае, што з ёй.
“Усе стадыі, праз якія праходзяць бацькі асаблівых дзяцей, — яны пазнавальныя ў кнізе, — працягвае Надзя. — Спачатку ідзе стадыя непрыняцця. Бацькі не вераць: няўжо гэта можа з намі здарыцца, гэтае гора? Вядома, гэта адмоўныя эмоцыі, мы пачынаем сябе шкадаваць, маўляў, у нас ужо няма будучыні. Але потым пачынаецца стадыя прыняцця хваробы, разуменне, што мы шкадуем сябе, але трэба думаць пра дзіця, пра тое, што наогул з ім адбываецца. Ну і, вядома, усе гэтыя стадыі ў адносінах паміж братам і сястрой, паміж сынам і мамай. Можна было распавесці зусім па-іншаму, але Гуніла напісала вельмі адкрыта: калі Біл кажа маці, што не хоча такую сястру, мама адказвае: “Я таксама не хачу”. То бок яна не хавае сапраўдных пачуццяў, што часам ёй не хочацца такой дачкі, але шмат што, на жаль, не залежыць ад нас”.
Ідэя, што кніга можа дапамагчы яшчэ камусьці, захапіла перакладчыцу, але яна цвяроза падыходзіла да сваіх магчымасцяў — кніга вершаваная, перакласці яе мог толькі паэт альбо паэтка. Надзя пачала шукаць нешта падобнае ў прозе, але не знайшла ніводнай кнігі ў шведскай дзіцячай літаратуры, якая б зрабіла на яе такое ўражанне, як кніга пра Біла і Болу.
“Па-першае, такіх кніг вельмі мала, іх можна пералічыць па пальцах. І потым, гэта больш канкрэтныя выпадкі, — працягвае Надзя. — У кнізе пра Біла і Болу хвароба не называецца. Мы можам проста зразумець з кантэксту, што дзяўчынка мае адхіленні накшталт аўтызму, ці, як нашая дачка, храмасомнае парушэнне. Але
на месца Болы мы вельмі лёгка можам паставіць дзіця з фізічнымі парушэннямі, як ДЦП, ці з сіндромам Даўна і г.д.”.
Перакладчыца таксама згадвае, што раней яна спрабавала размаўляць з некаторымі выдаўцамі пра кнігу. Ёй адмаўлялі, бо не верылі, што кніга кагосьці зацікавіць: творы Гунілы не перакладзеныя на рускую мову, таму яна невядомая ў Беларусі. Другім аргументам была тэма асаблівых дзяцей: маўляў, яна занадта балючая для дзіцячай літаратуры. Дзеці і бацькі, чытаючы, хочуць адпачыць, уцячы ад сваіх праблемаў, а не задумвацца пра праблемы іншых і тым больш абмяркоўваць іх.
Але дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і выдавецтву “Кнігазбор” з’явілася магчымасць выдаць кнігу. Надзя адразу ж звярнулася да паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча і не пашкадавала. “Я дагэтуль лічу, што ніхто лепш за яго гэта б не зрабіў”, — кажа яна.
Таксама Надзя адзначае, што для яе было вельмі важна, каб падрадкоўнікі яна падзяліла разам з перакладчыцай са шведскай мовы Алесяй Башарымавай, бо чым больш удзельнікаў у гэтым праекце з самага пачатку, тым лепш. Прыкладам, перакладчыкі такім чынам паказваюць сваю салідарнасць з людзьмі, якія патрапілі ў такую складаную сітуацыю, што тэма “іншасці” іх хвалюе.
Аналаг дзіцячага рэпчыка
Перакладчык Андрэй Хадановіч таксама адзначае, што праект быў для яго не шараговым, а, наадварот, стаў важным выклікам, складаным і цікавым адначасова:
“Матэрыял тэматычна вельмі сур’ёзны і праблемны. У шчаслівую сям’ю раптам уваходзіць няшчасце: неназваная хвароба, з якой жыве маленькая сястрычка. Тут магчымы песімістычны сцэнар, калі ўсе склалі б лапкі ды адштурхнулі ад сябе дзіця, але героі кнігі вырашылі жыць і дарыць любоў нягледзячы ні на што. Таму гэта для мяне хутчэй не песімістычны, але аптымістычны твор”.
Андрэй распавёў, што пры такой адказнай тэме, яму як перакладчыку было няпроста, але тут яму дапамог другі полюс твора — гульнявы.
“Гэта нестандартна зробленая паэма — з гульнямі, лірычнымі віражамі і адхіленнямі. Шмат трапных, абсурдных, часам гумарыстычных, нягледзячы на агульны трагізм, вельмі смешных дэталяў. І вось гэты дыяпазон — ад высокага да прыземленага, ад трагічнага да камічнага — трэба было неяк утрымаць і свабодна пераходзіць ад аднаго да другога. Ну вось, відаць, гэта я і ставіў сваёй задачай. Да ўсяго твор наскрозь рыфмаваны, але не школьнымі ямбам і харэеем.
Я б рызыкнуў яго назваць аналагам дзіцячага рэпчыка
— радок падаўжаецца, скарачаецца, з’яўляюцца нейкія ўнутраныя рыфмы і перагукванні, — дзеліцца Андрэй уражаннем ад працы і дзякуе Надзі і Алесі, якія рабілі падрадкоўнікі і кансультавалі яго па пытаннях шведскай мовы і культуры.
Для лепшага разумення твора перакладчык згадвае ў тэксце і вышымайкі — яны з’яўляюцца ў пералічэнні тавараў крамы, дзе Бола ўчыняе разгром
“Я думаю, сама Гуніла Бэргстрэм укладала ў твор тое, што было ў дадзены момант актуальным у Швецыі, магло ўзварушыць і пераключыць эмоцыі з сур’ёзнага хлюпання носам, бо немагчыма 60 старонак ці болей чытаць на адным трагічным настроі, — зазначае Андрэй. — Я лічу, гэта адхіленне ад дакладнасці ў сэнсе гугл-транслэйта, але гэта не супярэчыць, а, наадварот, можа, больш падкрэслівае саму ідэю кніжкі”.
У тэму размовы Андрэй таксама распавёў пра свой вопыт выступу ў дзіцячым інтэрнаце з яшчэ не надрукаванымі “Нататкамі таткі”. Думаў, што будзе весела, усе будуць танчыць і весяліцца. Але потым, гледзячы ў вочы дзецям, зразумеў, што ў яго з кожнай старонкі выпраменьвае шчасце быць у цудоўнай сям’і, дзе ёсць адносіны “дзіця-мама”, “дзіця-тата”, і яму стала сорамна чытаць. Ён пачаў перабіраць старонкі, хапацца за нейкія нейтральныя тэмы кшталту жоўтага паветранага шарыка ці цукеркі.
“Бо цукерку атрымаць прасцей, чым тату, ці маму, ці здаровае шчаслівае дзіця, — адзначае перакладчык і працягвае: — Хвароба Болы — гэта гора, але гора, якога не трэба баяцца. Увогуле, кніга — такі сабе падручнік трагічнага аптымізму, як для бацькоў, так і для дзяцей. Яна вучыць таму, што бываюць у жыцці аж такія непапраўныя трагедыі. Але сама сітуацыя — папраўная, яна залежыць ад любові, узаемаразумення, далікатнасці, шчырага сэрца, цеплыні. Бо калі не будзе цеплыні ў тваёй сям’і — невядома, дзе яе ўвогуле на свеце шукаць. Таму як бы ўсё можа быць кепска, але нічога не страчана, нічога не скончана”.
Таксама перакладчык адзначае важнае значэнне кнігі для беларускага грамадства агулам: “Мы на дзесяцігоддзі адстаём ад узроўню развіцця таго ж шведскага грамадства. Гаворка не пра машыны, цэны і рынак, а пра сам узровень адносін паміж людзьмі ў грамадстве. У канцы 70-х у Швецыі з’явілася кніга з такой каласальнай павагай да іншасці. Казаць пра своеасаблівае дзіця, але казаць у карэктных тэрмінах, паказаць яго як раўнапраўнага героя, без усіх гэтых інвалідных ільгот, ад якіх часам робіцца няёмка самім тым, каму гэтыя паклоны ў нас аддаюцца”.
На думку Андрэя, кніга таксама змяшчае набор парадаў, як паводзіцца ў псіхалагічна вельмі няпростай сітуацыі, як канструктыўна пажартаваць, знайсці падставы для аптымізму ў, падаецца, безвыходнай сітуацыі. Кніжка вучыць, што выйсце амаль заўсёды ёсць, усё залежыць толькі ад нашай любові, эмпатыі, спачування, неэгаізму, магчымасці выйсці за свае межы камфорту бліжэй да іншага чалавека.
“Зразумела, гэта будзе карысна бацькам дзетак з рознымі складанасцямі і праблемамі, але гэта будзе настолькі ж актуальна і для ўсіх бацькоў.
Кніга пра Біла і Болу патрэбная ўсім: і тым, хто з нейкай нагоды баіцца заводзіць сем’і ці дзяцей, і дзеткам, бо яны могуць вычытаць з гэтай кніжкі штосьці карыснае для пабудовы адносінаў са сваімі бацькамі”.
Перакладаць твор Андрэй пачаў у цягніку Мінск — Харкаў па дарозе на літаратурную сустрэчу, а скончыў пераклад падчас перакладчыцкай стыпендыі ў Кракаве. Агулам падрыхтоўка праекта і падрадкоўнікаў, а таксама стварэнне самога перакладу занялі каля года.
“Дзеці вельмі часта нічога не ведаюць — нярэдка бацькі не лічаць патрэбным размаўляць з імі на складаныя тэмы”
“У нас вельмі мала кажуць пра асаблівых дзяцей, — адзначае Надзя Кандрусевіч. — Апошнім часам усё больш і больш пачынае ўздымацца гэтае пытанне, але ў асноўным сярод дарослых. Бацькі ў Мінску пачынаюць аб’ядноўвацца ў нейкія групы, арганізацыі, але як бы “па інтарэсах”. То бок асацыяцыі бацькоў дзяцей з аўтызмам, з іншымі хваробамі. Але гэта дарослыя. Дзеці вельмі часта нічога не ведаюць — нярэдка бацькі не лічаць патрэбным размаўляць з імі на складаныя тэмы. Часам, калі я бачу, як ставяцца іншыя дзеці да маёй дачкі, мне хочацца падысці да іх, пачаць размову пра тое, што людзі бываюць розныя, і Марына — яна асаблівая”.
Надзя ўпэўненая: лепш, чым бацькі, ніхто з дзецьмі на тэму “асаблівасці” не паразмаўляе. І ўвогуле, усё пачынаецца з сям’і: калі бацькі пачнуць уздымаць гэтую тэму, далей яна працягнецца ў школе, у нейкіх бібліятэках і інш. І калі дзеці будуць чуць з розных бакоў пра асаблівых дзяцей — у іх будзе зусім іншае стаўленне. Як прыклад Надзя прыводзіць стаўленне іншых дзяцей да сваёй дачкі, калі яны разумеюць, што яна асаблівая і не можа размаўляць:
“Яны ўжо не ўспрымаюць гэта як недахоп, з якога трэба здзекавацца, але ў іх з’яўляецца эмпатыя, яны спрабуюць прапанаваць ёй нешта іншае, нейкімі жэстамі пачаць з ёй зносіцца. Мне гэта здаецца вельмі карысным для дзетак”.
Таксама яна адзначае, што кніга дапамагла ёй размаўляць пра Марыну са старэйшым сынам Янам.
Тое, што кніга агулам важная для беларускай літаратуры, Надзя нават не сумняваецца: усе пераклады ўліваюць новую кроў у беларускую літаратуру, пашыраюць межы, даюць магчымасць глядзець на свет вачыма іншых людзей, прыносяць новыя тэмы.
Дзяліцца радасцю, вучыць любові, але не шаблонна
Андрэй Хадановіч у сваю чаргу заўважае, што кніга пра Біла і Болу мае несумненную для беларускай дзіцячай літаратуры вартасць:
“Дзеці і бацькі ў шведскай кніжцы 1978 года выглядаюць абсалютна раўнапраўнымі партнёрамі, што абсалютна неверагодна для нашай літаратуры, якая ёсць часам нейкім бурчэннем зверху ўніз, з вышыні свайго досведу: зараз дзядуля распавядзе ўнучку, як трэба жыць. Але ж бываюць сітуацыі, дзе дзеткі маюць адказ раней, чым разгубленыя бацькі! Чаму важная не толькі праблемная Бола, але і яе старэйшы брат Біл? У некалькіх сітуацыях, дзе ў мамы і таты апускаюцца рукі, ён з вышыні сваіх невялічкіх годзікаў — малодшы школьнік ці нават дашкольнік — знаходзіць адказы, словы суцяшэння не столькі для сястры — яна ў сваім замкнёным свеце і ёй там добра — але і для бацькі і маці. Гэта для мяне вельмі каштоўны матыў у кнізе. Дзяліцца радасцю, вучыць любові, але не шаблонна, не павучальна, не пафасна.
Мне хочацца верыць, што нашыя дзіцячыя пісьменнікі і чытачы звернуць на гэта ўвагу, і карысць ад гэтага будзе”.
Таксама ён адзначае, што кніжка разнастайна стылістычна зробленая, з шырокім дыяпазонам трагічнага і камічнага, і абвяргае негалосны стэрэатып пра дзіцячую літаратуру як пра штосьці прымітыўнае ў параўнанні з дарослай.
Кніга як нагода для размоваў
Кніга выйшла, але перакладчыкі, выдаўцы і ўвогуле ўсе неабыякавыя спадзяюцца, што пра Біла і Болу так проста не забудуцца пасля першай прэзентацыі. Наадварот, кніга стане нагодай для размоваў пра асаблівых дзяцей у сем’ях, школах і ўвогуле на самых розных пляцоўках.
З сярэдзіны лістапада плануецца шэраг мерапрыемстваў з удзелам дзеячаў культуры і мастацтва. Пачнецца ўсё з прэзентацый, асобна для дзяцей і дарослых. Калі для дзяцей гэта будзе звычайны фармат дзіцячай прэзентацыі, то для дарослых плануецца сустрэча ва ўтульнай атмасферы для размовы пра кнігу і яе праблематыку.
На гэтую сустрэчу могуць прыйсці бацькі дзяцей з асаблівасцямі, бацькі здаровых дзяцей, якія проста сочаць за навінкамі ў дзіцячай літаратуры, прадстаўнікі розных арганізацый, каб разам падумаць, як гэтую кніжку можна далей выкарыстоўваць. Каб кожны адчуў, што гэта тэма датычыцца і яго таксама, меў магчымасць прапанаваць сваё бачанне.
Вельмі важна зрабіць дыскусію на тэму асаблівых дзяцей, прэзентацыі ў лакальных месцах па прыватных ініцыятывах. Калі хтосьці захоча правесці такую размову ў школе, бібліятэцы — каманда стваральнікаў кнігі адкрытая да прапановаў, заўсёды зможа прыехаць і паўдзельнічаць у мерапрыемствах.
“Мы вельмі хочам, каб была аўдыёкніга, сямейны спектакль, — кажа Надзя. — Усё гэта пашырае аўдыторыю, кола людзей, якія змогуць пачуць пра гэтую тэму”.
Аляксандра Дварэцкая, budzma.by