У Менску 9 студзеня гарадзенскія Dzieciuki ладзяць канцэрт. Гурт даволі паспяхова правёў мінулы год, пра што мы з імі і пагутарылі. І пра планы, вядома.
Летась музыкі выпусцілі альбом і некалькі кліпаў. Але каляперфекцыяніст Аляксандр Дзянісаў з пэўнай прахалодай ставіцца да гэтых дасягненняў: “Лічу, што нам яшчэ працаваць і працаваць, каб можна было падводзіць нейкія высновы”.
Больш пазітыўна да леташніх падзей ставіцца тэкставік Дзяніс Жыгавец: “Лічу усё атрымалася звышвыдатна. Шчыра кажучы, планавалі запісаць і выдаць альбом, дзякуй лёсу, знайшліся людзі, якія фінансава падтрымалі нашую ініцыятыву “Гарадзенская бібліятэка”. Ну і планавалі зганяць у тур па Еўропе, што і здзейснілі. А пасля пайшло ўсё без планаў, з’явіліся людзі, якія прапанавалі здымкі кліпа, – Антось Цялежнікаў, Вера Стома, Алесь Залеўскі, Жэня Шапчыц”.
Плённым назваў мінулы год і Павел Трублін: “Акрамя выпуску альбома і кліпаў, мы адыгралі даволі шмат канцэртаў, пракацілі даволі вялікі тур, у якім наведалі некалькікраін. Так што, я думаю, мінулы год быў даволі ўдарны”.
Значнай падзеяй сталі выхады двух кліпаў на песні “Хлопцы-балахоўцы” і “Сумнае рэгі”. Пра здымкі Алесь адзначыў, што яму, напэўна, было ўдзельнічаць цікавей, чым астатнім, бо ён з камерай не на “Вы”. Але пэўных вынікаў ён не меў, бо да аўтараў кліпаў сябе не далучае.
Дзяніс адзначыў, што больш эмоцый атрымаў ад працы над “Хлопцамі-балахоўцамі”, бо там быў рэквізіт ад рэканструктараў, ды і самі здымкі атрымаліся больш дынамічнымі.
“Водгукі на кліпы розныя, так, як і людзі ў нашым грамадстве. Мне падаецца, мэта была дасягнутая, мы нагадалі людзям пра пэўныя падзеі і пра пэўных асоб з нашай гісторыі і прымусілі зноў пра гэта гаварыць. А, як кажуць, у спрэчках нараджаецца праўда”, – распавёў ён.
Павел жа да з’яўлення новых рэчаў гурта ставіцца як да калектыўнай творчасці: “Мы заўсёды казалі, што DZIECIUKI не належаць толькі нам. Дзяцюк – гэта кожны, хто хоча зрабіць штосьці для свайго краю, хто любіць і шануе сваю культуру, гісторыю, але не сляпы зашораны радыкал, а чалавек, які паважае іншыя народы. Калі такія людзі хочуць неяк гэта выказаць, мы з задавальненнем дапамагаем чым можам. Вось хлопцы прапанавалі зняць кліпы, гэта была іх ідэя, мы яе падтрымалі. Вераніка Стома распрацоўвае нам лога, дызайн вокладкі – таксама яе праца. Чалавек змог выказацца такім чынам. Нават людзі, які проста падтрымліваюць нас, таксама ў нейкай меры ўдзельнікі гурта, бо, як вядома, горш за ўсё маўчанне і абыякавасць. Так што для мяне DZIECIUKI – гэта своеасаблівая арт-групоўка, у якой далёка не толькі музыкі”.
Налета ў музыкаў дакладнага плана пакуль няма. Паводле слоў Алеся, гуртоўцы маюць на думцы і пакатацца па замежжы і плённа папрацаваць над новым матэрыялам. “Вядома, на першым месцы стаіць праца над новай праграмай. Як мы раней казалі, мы вырашылі, што другі альбом будзе цалкам гістарычны. На другім месцы – канцэрты. Вельмі хацелася б з’ездзіць з канцэртамі ў Чарнігаў і Кіеў. Размовы з нашымі сябрамі з Кіева зараз ідуць. А летам, канечне, запланаваны двухтыднёвы тур па Еўропе: Польшча, Чэхія, Аўстрыя, Сербія, Харватыя, Боснія…”
“Будзе адна песня ў новым альбоме на словы гарадзенскага паэта Алеся Чобата. Яна называецца “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі”. Атрымалася такая забіяцкая жартоўная песня ў ірландскім стылі”, – анансаваў Алесь.
У Дзяніса справы больш празаічныя: “Шукаем грошы на запіс і падумваем пра выпуск якога-небудзь якаснага мэрча. Хлопцы займаюцца арганізацыяй тура на лета па Еўропе. А я ў ціхую шукаю, хто б нам пагадзіўся кліп зняць на песні з новай праграмы”.
Наведнікаў сваіх канцэртаў гуртоўцы бачаць людзьмі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, але без перагінаў.
Алесь іх апісаў так: “Нашых фанаў я бачу людзьмі, якія цікавяцца сваёй гісторыяй і культурай; людзьмі, без нянавісці і фанатызму; людзьмі, каторыя даюць рады сумнявацца і самастойна шукаць адказы на свае пытанні ў галаве. Адэкватнымі людзьмі, карацей!))) Бо хапае побач неадэкватаў правага і левага толку, якія абвесцілі нас сваімі ворагамі. Усё, што я магу ім сказаць: “Хлопчыкі! Ідзіце на хер! Наш браняпоезд ужо не на запасным шляху!”
Павел адзначыў, што напачатку музыкі чакалі горшага: “Калі пачыналі, мы думалі, што нас будуць усе ненавідзець. Субкультура падзелена на левых і правых, то бок публіка не павінна была прыняць нашу пазіцыю, бо мы не падтрымліваем радыкалізм ў абодвух напрамках. Чаму я павінен абавязкова далучацца альбо да адных, альбо да другіх, у мяне ёсць свая галава. На шчасце, знайшліся людзі, якія падзяляюць нашу пазіцыю, яны прыходзяць на канцэрты, спадзяюся іх будзе станавіцца больш”.
Да выступу ў Менску DZIECIUKI гатовыя. Святы не сталі для іх цяжкім выпрабаваннем, бо прайшлі ў сямейным коле.
“Мы адлабалі фантастычны канц 27 снежня ў Баранавічах. Быў не зусім добры гук, але былі класныя гурты, з якімі мы лабалі, і, канечне, замілітаваная энергетыка! Як заўсёды ў Баранках! З заміраннем сэрца чакаем цяпер менскага канцэрта! Думаю, што будзе не горш!” – запэўніў Алесь.
Марыя Грыц