Дзяніс Голін: “Залежыць ад людзей, якія назваліся беларусамі”

dzianis-holin

– Напэўна, мая “беларускасць” пачалася з зацікаўленасці гісторыяй. Не беларускай, а наогул. Гісторыяй старажытнага свету, Сярэднявечча… Пасля надышоў час і гісторыі Беларусі, якую пачалі выкладаць у школе. Недзе тады трапіла мне ў рукі кніжка Вітаўта Чаропкі “Імя ў летапісе” і адкрыла мне свет выбітных асобаў роднай зямлі. Асабліва падабаліся нарысы пра барацьбу з крыжакамі.

Канчатковая ж мая “беларусізацыя” адбылася пасля першага курсу журфаку, калі з агульнай парады выкладчыка і “на злосць усім” (у тым ліку і самому выкладчыку) я ўсё лета намагаўся думаць і размаўляць па-беларуску. Прыйшоў з вакацыяў іншым чалавекам. Бацькі паставіліся да гэтай метамарфозы як да з’явы натуральнай, і аніякага бар’еру ў камунікацыі не паўстала.

Таму з уласнага досведу магу сказаць, што найпершае ў пошуках і вызначэнні нейкай ідэнтычнасці – гэта мова. Яна робіць нас такімі, якімі мы ёсць. Памятаю часы, калі англійская была адзіна прымальнай у тутэйшай цяжкой музыцы. Менавіта беларускамоўны праект, дзе я пачаў музычную творчасць, звярнуў на сябе ўсеагульную ўвагу.

Памятаеце прадмову да фільма Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”? “Пяцьсот гадоў таму яны не ведалі, што яны беларусы, але іх дзяржава была найвялікшай у Еўропе. Калі яны даведаліся пра гэта, у іх ужо не было дзяржавы, і іншыя лічылі іх то недаробленымі рускімі, то непаўнавартаснымі палякамі. Але беларусы яшчэ былі. Нарэшце іх запісалі ў савецкі народ. А потым пачалася вайна і акупацыя. Пасля гэтага беларусаў засталося зусім мала. Цяпер у беларусаў ёсць дзяржава. Але іх саміх ужо не засталося”.

Менавіта ад людзей, якія бяруць на сябе нялёгкі абавязак звацца беларусамі, залежыць, ці будуць беларусы. І якімі будуць.

Дзяніс Голін, музыкант гуртоў Re1ikt і Like a Gossamer, гукарэжысёр

Аб праекце “Як я стаў беларусам”