У суботу 17 траўня адбыліся дзясятыя заняткі курсаў “Мова нанова – Баранавічы!”. Распавядае Юлія Траццяк, вядучая курсаў: “Тэмай заняткаў абралі “Тэатр”. На занятках прысутнічалі 17 чалавек.
Пачалі з вывучэння сінонімаў у беларускай мове. Цяпер мы ведаем, што гэта такое, якія бываюць сінонімы. У практычнай частцы заняткаў вучыліся іх ужываць і падбіраць.
Мы вынаходзілі для сябе новыя словы, якія зможам ужываць, калі наведаем тэатр. Таксама пазнаёміліся з гісторыяй беларускага тэатру ў датах, падзеях і персонах.
У госці на заняткі ў Баранавічы прыехаў тэатр “Лямцавая батлейка” ў асобах Веранікі Фаміной (Крумкач) і Бэлы Кавальковай (Мама Му) з непараўнальным спектаклем “Мама Му чытае і прыбірае”! Самыя актыўныя “дзеткі” атрымалі цікавыя падарункі – выразанкі. Цяпер кожны можа выразаць з паперы сваю Маму Му і Крумкача ды паставіць свой ужо папяровы спектакль.
Пасля мы расселіся за стал і за гарбатай з цукеркамі дзяліліся ўражаннямі ад спектаклю, таксама ўспаміналі нашыя мінулыя заняткі. Час праляцеў хутка, разыходзіцца давялося хіба толькі таму, што хутка адыходзіў цягнік, на які трэба было правесці нашых дарагіх гасцей”.
Здымкі Алены Юркевіч
Тэгі: Баранавічы