Дзень роднай мовы ў Берасці (фота)
У Берасці ёсць людзі, якія размаўляюць па-беларуску кожны дзень. А вось адзін дзень у год колькасць беларускамоўнага насельніцтва горада павялічваецца ў некалькі разоў. І адбываецца гэта ў лютым на Дзень роднай мовы.
Сёлета большасць мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму святу, прайшлі 20 лютага. У суботняй праграме значыліся заняткі «Мовы Нанова» для дзетак, спектакль “Мама Му ў басейне”, музычны вечар з гуртом Race of dreamers і сярэднявечная дыскатэка ад “Старога Ольсы”. Арганізатары курсы “Мова Нанова”, культурны цэнтр “Грунтоўня”, прома-суполка “Зала чакання” і кампанія «Будзьма беларусамі» аб’ядналі свае намаганні ў агульную афішу, таму пры жаданні можна было трапіць на ўсе імпрэзы.
У кавярні New York Coffee на заняткі беларускай мовы прыйшлі каля 50 дзетак. Вядома, прывялі іх бацькі, але зацікаўленыя вучні хутка адаптаваліся да сваёй святочнай настаўніцы Алесі. Праз 5 хвілін знаёмства яны ўжо называлі па-беларуску свае імёны, любімыя колеры і спрабавалі вывучыць новыя словы. Лялечны тэатр “Лямцавая батлейка” прадставіў новы спектакль пра прыгоды кароўкі Мамы Му.
Дзеці ўважліва сачылі за падзеямі, што разгортваліся ўсяго на пляцоўцы чамадана, а бацькі шэптам перакладалі незнаёмыя ім словы. У канцы ўсе маленькія гледачы атрымалі медаль, як у Мамы Му, які можна размаляваць. А тыя дзеці, хто расказаў верш на беларускай мове, атрымалі ў падарунак сучасныя вышыванкі з майстэрні «Мой родны кут«.
Далей можна было перамясціцца на пляцоўку КЦ “Грунтоўня”, дзе ладзілі музычны вечар з праграмай на вершы беларускіх паэтак Яўгеніі Янішчыц і Ларысы Геніюш. Аўдыторыя сабралася невялікая — каля 15 чалавек, але атмасфера была па-беларуску душэўная. Песні гучалі ў выкананні гарадзенскага гурта Race of dreamers і саліста гурта “Вочы” Юрыя Дубовіка.
Завяршыў святочную праграму да Дня роднай мовы канцэрт вядомага беларускага фольк-гурта “Стары Ольса”. Гэта была адзіная падзея з афішы, куды трэба было набываць квіток. Акрамя папулярных старажытных песень пра карчму і рыцарскія бітвы музыкі зайгралі на сярэднявечных інструментах хіты мінулага стагоддзя Red Hot Chilli Peppers i The Beatles. Не абыйшлося і без танцаў: у залі ледзь змясціліся тры танцавальныя колы са 150 чалавек.
Воля Малафеечава, фота: Воля Малафеечава і Аляксандр Кавалевіч
natatnik.org